Гісторык Андрэй Колас пакінуў Беларусь пасля 10 сутак арышту

Ваўкавыскі гісторык і выкладчык курсаў «Мова Нанова. Ваўкавыск» Андрэй Колас пакінуў Беларусь пасля таго, як адбыў 10 сутак адміністратыўнага арышту. 


Kolas.jpg

Пра гэта Андрэй паведаміў на сваёй старонцы ў Facebook: «Усім прывітанне. Нарэшце атрымаў доступ да пошты і сацыяльных сетках. Трохі супакоіўся. Я ў бяспецы. Хачу яшчэ раз выказаць падзяку за падтрымку. Я быў ашаломлены колькасцю паведамленняў, званкоў і пастоў. Дзякуй за перадачы валанцёрам. Гэта было нечакана і прыемна, праз 4 сутак атрымаць пячэнькі і выпіць гарбаты, а не кіпеню. Дзякуй усім, хто падтрымаў маіх сваякоў. Дзякуй усім сябрам. Дзякуй усім былым студэнтам, я ганаруся вамі. Дзякуй сябрам, якія сустрэлі на чужыне. Дзякуй, сябры, калі я не адказаў, то я проста пакуль у вельмі маргінальна-турбулентным стане. Шмат хочацца расказаць і пра затрыманне, і пра знаходжанне ў ІЧУ, але гэта пазней. Калі адновяцца нервовыя клеткі. Бо спалена іх было нямала». Зараз гісторык знаходзіцца ў Польшчы. 

Андрэй Колас вядомы ў Ваўкавыску як выкладчык педагагічнага каледжа, выкладчык курсаў «Мова Нанова. Ваўкавыск», адзін са стваральнікаў музея беларускай шляхты ў маёнтку Падароск і па сумяшчальніцтву дырэктар праекта па аднаўленню маёнтка. 27 верасня дамоў да Андрэя Коласа прыйшлі сілавікі са шчытамі і зброяю, фармальнаю прычынаю візіту была праверка належнага захоўвання паляўнічай стрэльбы. Андрэй быў затрыманы дома і асуджаны на 10 сутак адміністратыўнага арышту.