Моўная актывістка і аўтарка кнігі «МОВА 404» Аліна Нагорная апублікавала даследаванне на тэму дыскрымінацыі беларускай мовы ў краіне пад назвай «Даступнасць і дыскрымінацыя беларускай мовы ў Беларусі». У фокусе даследавання — даступнасць адукацыі, інфармацыі і абслугоўвання на беларускай мове. У працы прадстаўленыя вынікі анкетавання, гісторыі моўнай дыскрымінацыі і прававая інфармацыя.
Аліна Нагорная, фота з Фэйсбука
Аліна Нагорная апытала 482 чалавекі ва ўзросце ад 15 да 72 год, якія карыстаюцца беларускай мовай у Беларусі. Яны не толькі адказалі на пытанні анкеты, але і падзяліліся асабістымі гісторыямі моўнай дыскрымінацыі.
Распавядаем пра асноўныя вынікі даследавання
Амаль 78% апытаных адзанчылі, што сутыкаліся з перашколамі пры карыстанні беларускай мовай, яшчэ большая колькасць рэспандэнтаў — ажно 88% стыкаліся з асаблівым стаўленнем праз тое, што размаўляюць па-беларуску (маюцца на ўвазе як добрыя, так і кепскія моманты, пры тым, што пры размове па-руску стаўленне было б звычайным)
Фота 1 belinstitute.com
«Ой, нават, калі хто-небудзь кампліментарна каментуе тваю мову, адчуваеш сябе, нібы афрыканец, чарнатой скуры якога захапляюцца: «Ох, такая чорная!», — апісвае свае адчуванні адзін з апытаных
«Актыўна размаўляць па-беларуску я пачала з лета гэтага года. Калі сказала, што ўсё, я буду размаўляць на беларускай, то сям’я адрэагавала: «разговаривай на нормальном языке», «разговаривай нормально» («размаўляй на нармальнай мове», «размаўляй нармальна»)», — прыводзіцца каментар апытанай Вольгі.
Адукацыя і беларуская мова
Фота belinstitute.com
Згодна даследаванню, доля рэспандэнтаў, якія выхоўваліся па-беларуску ў садках, складае 7,5%. У школах гэты працэнт амаль удвая вышэйшы — 14,9%.Пры гэтым 95 % апытаных абралі б беларускую ў якасці мовы навучання для сябе ці сваіх дзяцей, калі б зараз атрымлівалі адукацыю.
Пра сітуацыю з беларускай мовай у школах яскрава сведчыць гісторыя апытанага Сержука:
«Першая мова, якую я вывучыў, была беларуская. Да шасці гадоў я гадаваўся ў бабулі з дзядулем у вёсцы, беларуская мова была ў мяне з дзяцінства роўнай з рускай. Калі я пайшоў у школу, не было праблемы, чытаць па-беларуску ці па-руску. У школе палова падручнікаў былі на беларускай мове. Калі чыталі параграф па абзацах, то калі даходзіць да таго чалавека, у якога беларускамоўная кніжка, ён працягвае па-беларуску чытаць. І на гэта амаль усе настаўнікі казалі: «Дайце яму рускі падручнік, каб усё было па-руску». Калі ты малы, табе няма розніцы, але так я паступова беларускую мову забыўся і ёй не карыстаўся. Толькі скончыўшы школу я зноў зацікавіўся беларускай мовай».
ВНУ і ўстановы сярэдняй спецыяльнай адукацыі:
Навучэнцы тэхнічных і прыродазнаўчых спецыяльнасцей, правазнаўцы, эканамісты і ўсе студэнты-негуманітарыі вучацца ў Беларусі на рускай мове. Доля прадметаў, якія выкладаюцца на беларускай мове, няўхільна зніжаецца, у многіх ВНУ зачыняюцца кафедры беларусазнаўства. Беларуская дзяржаўная мова, нацыянальная мова беларусаў, у адукацыйным працэсе часам апускаецца да ўзроўню замежнай, пра што яскрава сведчыць назва адной з кафедраў Акадэміі МУС — «Кафедра беларускай і замежных моў».
Апытыная Дар’я так апісвае сітуацыю з Беларускай мовай у ВНУ: «Я вывучала права ў Беларускім нацыянальным эканамічным універсітэце. Натуральна, я размаўляла па-беларуску, але адсутнічалі і зараз адсутнічаюць нарматыўна-прававыя акты па-беларуску, адсутнічаюць падручнікі. Выкладчыкі і выкладчыцы не размаўляюць па-беларуску. Калі быў прадмет, які мусіў выкладацца па-беларуску, але выкладчыца не ведала беларускую мову, то ён выкладаўся па-руску».
У даследаванні прасочваюцца змены, якія адбыліся ў сферы адукацыі ў Беларусі цягам апошніх трох дзесяцігоддзяў. Адпаведна статыстыцы, у 1987/1988 навучальным годзе ў дашкольных дзіцячых установах на беларускай мове выхоўвалася 19,35% дзяцей. У 2005/2006 і 2010/2011 гадах — адпаведна 12,7% і 12,8%. А ў 2020/2021 гадах на беларускай мове выхоўвалася толькі 9% дзяцей.
Інфармацыя і беларуская мова
Фота belinstitute.com
Навіны
З пачатку 2000-х гадоў у Беларусі пераважная большасць асноўных СМІ выходзіць на рускай мове. На дадзены момант у Беларусі не існуе ніводнага цалкам беларускамоўнага тэлеканала, а ўсе агульнанацыянальныя газеты, за выключэннем газеты «Звязда», выдаюцца на рускай мове.
Афіцыйныя апавяшчэнні
Пры перапісе насельніцтва ў 2019 годзе мела месца цікавая з прававога пункту гледжання сітуацыя. Белстат рассылаў рускамоўныя смс-паведамленні пра ўдзел у перапісе. Была распачатая грамадзянская кампанія па прыцягненні Белстату да адказнасці за парушэнне моўных правоў. Дзясяткі людзей даслалі заявы, але ніякага афіцыйнага адказу яны не атрымалі, да адміністрацыйнай адказнасці нікога не прыцягнулі. Тым не менш, наступныя смс-паведамленні ўжо былі на беларускай мове.
Шыльды і указальнікі
Зінаіда: Я жыву ў Слуцку. Слуцк — беларускі горад, але шпацыруючы па яго вуліцах, я адчуваю, быццам гэта расійская правінцыя. Назвы вуліц або савецкія, або носяць назвы знакамітых расіян і на шыльдах напісаны па-руску... Я пачала хадзіць па кватэрах і збіраць подпісы пад зваротам, каб надпісы на шыльдах і ўказальніках дубляваліся па-беларуску. Сабрала больш за 600 подпісаў і даслала петыцыю ў Слуцкі райвыканкам. З моманту адпраўкі прайшло ўжо 2 гады, а беларускай мовы на шыльдах Слуцка больш не стала. І невядома, ці стане калі-небудзь.
Рэклама
Праз непрапрацаванасць моўнага пытання ў законе «Аб рэкламе» у Беларусі пераважае рускамоўная рэклама, якая складае больш за 90% ад ўсёй рэкламнай прадукцыі. Разам з тым да 70% беларусаў станоўча ўспрымаюць рэкламу па-беларуску, а 37% лічаць, што яе ў рэкламе не хапае.
Аляксандр: У СССР было больш беларускай мовы, чым з гэтай «незалежнасцю». Дыскрымінацыя паўсюль, пачынаючы з крамы. Схадзіце па бульбу ў краму: вы там «бульбу» знойдзеце ці «картофель»? Раз дзве мовы — усё павінна быць на дзвюх мовах. Проста ў нас пра гэта мала хто задумваецца.
Транспарт
Сяргей: Аднойчы, ідучы на чыгунку, вырашыў, што буду гаварыць па-беларуску пры замове квіткоў. Было гэта ў маім родным Мазыры, на чыгуначнай станцыі «Козенкі». Прыйшоў ды й кажу, што хачу купіць квіткі. Спачатку жанчына спрабавала нават адказваць мне на беларускай, але потым чамусьці вырашыла, што я паляк і пачала адказваць на англійскай. Было вельмі смешна, але разам з тым і крыўдна.
Кнігі, фільмы, артыкулы
- Па інфармацыі Белстата, літаратура на беларускай мове займае 11,4% у агульнай колькасці адзінак выдавецкай прадукцыі і 17,1% у яе сукупным накладзе.
- Фільмы і мультфільмы ў перакладзе на беларускую мову складаюць менш за 1% з даступных беларускаму гледачу.
- Калі людзі шукаюць інфармацыю ў інтэрнэце, то ў большасці выпадкаў гугляць інфармацыю паруску, бо па-беларуску амаль не існуе артыкулаў на тэмы, якія хвалююць людзей (бацькоўства, кулінарныя рэцэпты, стасункі, здароўе і інш.).
Прававая інфармацыя
У 2015 г. Канстытуцыйны Суд паведамляў, што ў эталонным банку прававой інфармацыі з прыкладна 200 тысяч прававых актаў толькі 3,1% даступныя на беларускай мове.
Абслугоўванне ва ўстановах і беларуская мова
Фота 4 belinstitute.com
Лякарні, Кавярні, Банкі, Цырульні, Крамы
Таццяна: Мы шпацыравалі ўздоўж вадасховішча Дразды і зайшлі выпіць кавы. Я папрасіла кавы і мне прынеслі «Каву» — іспанскае ігрыстае віно.
Віталія: Запоўніла бланк на банкаўскую картку ў «Беларусбанку». Картка не працавала доўга, некалькі разоў хадзіла, не маглі зразумець у тым ліку і ў банку, чаму картка не працуе. Праз два месяцы высветлілі, што справа ў беларускай мове, давялося мяняць і нанова перапісваць дадзеныя.
Яна: Больш за ўсё нязручна ў сферы побыту, калі ты прыходзіш у краму, а там не ведаюць, што такое «воцат». Ці ў кавярнях, я кажу: «каву», а яны такія: «какао?».
Дзяржаўныя ўстановы
У адпаведнасці з заканадаўствам аб дзяржаўнай службе, дзяржаўныя служачыя павінны валодаць беларускай і рускай мовамі ў памеры, неабходным для выканання іх працоўных абавязкаў. Разам з тым, сыходзячы з сённяшняй практыкі ў Беларусі, работнікі органаў дзяржаўнага кіравання і дзяржаўных арганізацый лічаць, што кожны, хто да іх звяртаецца, абавязаны ведаць абедзьве дзяржаўныя мовы
Алеся: Зайшлі ў кабінет, там сядзяць чыноўнікі. І я нешта спытала ў іх па-беларуску, і ў адказ пачула: «А давайте по-русски, на человеческом языке» («А давайце па-руску, на чалавечай мове»), з такой прыніжальнай інтанацыяй.
Дакументы
Пра здольнасць, але нежаданне, чыноўнікаў весці справаводства па-беларуску кажа наступны прыклад: супрацоўнік дзяржаўнай установы з Паставаў паведаміў, што для таго, каб справаводства ў дзяржаўных установах пачалося весціся не толькі па-руску, але і на беларускай мове, патрэбны загад ад кіраўніцтва вышэй.
Бланкі дзяржаўных установаў
На практыцы выкарыстанне беларускай мовы тут з’яўляецца хутчэй выключэннем, чым правілам. Напрыклад, міністэрства па падатках і зборах адмовілася распрацаваць беларускамоўны бланк падатковай дэкларацыі і забараніла выкарыстоўваць яе неафіцыйны беларускамоўны пераклад. А ў Міністэрстве транспарту і камунікацый наогул не зразумелі сэнс пытання аб тым, на якой мове ў міністэрстве вядзецца справаводства
Андрэй: Калі я атрымліваў пашпарт, захацеў, каб уся інфармацыя і пазнакі ў ім былі па-беларуску. Але мне не хацелі запісваць па-беларуску прапіску. Хвілін, напэўна, дзесяць мы там змагаліся. Яны казалі, што ў нас дзве дзяржаўныя мовы і я не магу выбіраць, на якой мове мне пазнакі рабіць, бо «мы ўсім пішам па-руску». Там быў дзіўны аргумент: «Мы не можам запісаць па-беларуску, бо рускія нашы браты». Гэтую спрэчку скончылі таксама даволі парадаксальна, я сказаў: «У маёй жонкі брат жыве ў Германіі, давайце пісаць па-нямецку». У выніку яны напісалі па-беларуску.
Поўную версію даследавання Аліны Нагорнай чытайце тут.