Колькі каштуе маўчаньне? А хлусьня?

Вядомы выраз пра тое, што калі памірае мова, памірае й народ, у цяперашніх беларускіх рэаліях вымагае ўдакладненьня: калі да маўчаньня яшчэ дадаць і хлусьню, то народ памірае куды хутчэй і незаўважна нават для самога сябе. У сваёй рубрыцы «Прыдарожны пыл» Валера Руселік зьвяртаецца да афіцыйнай статыстыкі — як да аднаго са сродкаў забойства беларускага народу.

Valiera Rusielik
Валера Руселік — на адной з акцыяў беларускай дыяспары ў часе пандэміі (Варшава, лета 2020). Фота з архіву аўтара

Страшная плата за маўчаньне

«Маўчаньне — золата» — усе ж чулі гэты выраз, праўда? У «Прыдарожным пыле» мы ўжо неяк разважалі з вамі пра тое, што насамрэч ня ўсё тое золата, што блішчыць, і што часам лепей усё-ткі не маўчаць.

Бо, здараецца, што золата з тае прымаўкі — гэта не прыбытак, а нашая плата за маўчаньне. А калі тое маўчаньне яшчэ й памножанае на хлусьню, то плата часам набывае безь перабольшаньня катастрафічныя маштабы.

Па прыклады далёка хадзіць не даводзіцца. «Кібэрпартызаны» здабылі і апублікавалі гэтак старанна хаваную ўладамі статыстыку па сьмяротнасьці ад каранавірусу ў Беларусі. Зь лічбаў, якія перасталі зьяўляцца ў адкрытых крыніцах ад моманту пачатку эпідэміі COVID-19, вынікае, што залішняя сьмяротнасьць зь 2020-га па 2022-гі гг. склала ў нашай краіне больш за 90 тысяч чалавек.

Залішняя сьмяротнасьць — гэта колькасьць сьмерцяў, большая за сярэднестатыстычныя паказьнікі па краіне, фіксаваныя да пандэміі. Зь 2014-га па 2020-ты гг. у Беларусі ў сярэднім штогод памірала каля 120 тысяч чалавек, то-бок каля 10 тысяч — штомесяц. У кавідныя 2020-2022 гг. штомесяц памірала часам нават удвая больш людзей, чым дагэтуль.

Hrafik «Koĺkaść pamierlych u Respublicy Bielaruś za 2018-2023 hh.», pradstaŭlieny «Kiberpartyzanami»
 Графік «Колькасьць памерлых у Рэспубліцы Беларусь за 2018-2023 гг.», прадстаўлены «Кібэрпартызанамі»

Хтосьці скажа: ну дык каранавірус жа ж, паўсюль людзі паміралі — у чым праблема? А я адкажу:

праблема — у замоўчваньні рэальных лічбаў і хлусьні замест іх. У той час, калі людзі паміралі пачкамі, з тэлевізараў нам распавядалі, што «тут вірусаў няма, я іх ня бачу». А нашэньне маскі ледзьве не прыроўнівалася да апазыцыйнасьці з усімі адпаведнымі праблемамі для яе носьбітаў.

Калі б не заплюшчвалі вачэй на праблему, калі б не ашчаджалі на людзях, і замест баек пра «водку, баню и трактор» тлумачылі грамадзянам, што каранавірус — гэта сур’ёзна, і што трэба насіць маскі, захоўваць гігіену, дыстанцыю і іншыя рэкамэндаваныя лекарамі захады, то і сьмерцяў было б куды менш.

Ну вось у чым была праблема сказаць людзям праўду? Навошта было хлусіць пра тое, што COVID-19 забраў усяго 7118 жыцьцяў? У чыіх хворых мазгах зьявілася ідэя адмовіцца ад заходняй гуманітарнай дапамогі — у той час, калі па начох рылі магілы, каб пасьпець закапаць усіх тых, хто «ня ўлазіў» у афіцыйную статыстыку?

Ŭschodnija mohilki ŭ Žodzinie
Толькі за кастрычнік 2021 на Ўсходніх могілках у Жодзіне зьявіліся 117 новых магілаў — неўласьціва шалёны для Жодзіна тэмп. Фота: ex-press.by

Уявіце, што хтосьці схлусіў — і зьнікла цэлае Маладэчна (каля 89 тысяч жыхароў) альбо Наваполацак (амаль 96 тысяч жыхароў). Мінус Наваполацак — вось цана гэтай хлусьні.

Жэсьць.

І самае страшнае — тое, што гэткай сьмяротнай хлусьнёй у Беларусі атручаныя літаральна ўсе сфэры жыцьця.

Колькі ў Беларусі лекараў

Да прыкладу — каб далёка ад мэдыцыны не адыходзіць — вы ведаеце, колькі насамрэч у Беларусі лекараў? Паводле інфармацыі, апублікаванай ініцыятывай «Белыя халаты», афіцыйная статыстыка, якая гэтак любіла заніжаць колькасьць сьмерцяў ад каранавірусу, колькасьць мэдыкаў у краіне наадварот завышае — ажно на 20 адсоткаў.

І вось тут да пытаньня, навошта працягваць пачкамі выкідваць з працы лекараў, у тым ліку ўнікальных адмыслоўцаў, і судзіць іх «за палітыку» — хоць у краіне пры гэтым дэфіцыт мэдыкаў даўно ўжо вымяраецца тысячамі — дадаецца яшчэ адно натуральнае пытаньне:

Ну вось навошта хлусіць?!

Зрэшты, адказ тут відавочны й нават... зручны. Можаце хоць да пасіненьня стаяць у чарзе па квіточак па патрэбнага лекара альбо й наагул, калі вы жывяце ў раёне, спрабаваць шукаць шчасьця ў абласных і сталічных клініках — ну бо ў вашай клініцы патрэбнага лекара папросту тупа няма. І пры гэтым — чытаць афіцыйную статыстыку й самазаспакойвацца: маўляў, гэта ж толькі ў нашай паліклініцы бяда, вечна квіточка на прыём не дастанеш, дый акрамя тэрапэўта больш нікога няма — але ж агулам па краіне сытуацыя нармальная!

Čarha pa kvitok da liekara ŭ palikliniku ŭ Žodzinie
Чарга па квіток да лекара ў паліклініку ў Жодзіне. Займаць у ёй месца даводзіцца нашмат раней за адкрыцьцё рэгістратуры. Паводле відавочцаў, у гэткай чарзе 3 кастрычніка 2024 г. памёр мужчына. Фота: ex-press.by

Сытуацыя зь беларускай мовай

А як вам — сытуацыя зь беларускай мовай? Ці шмат вы чулі пра яе становішча — акрамя гэтага абрыдлага «хто как хаціт, тот так і гаварыт»?

Да прыкладу, у Верхнядзьвінскім раёне Віцебшчыны, дзе ў часе перапісу 2009 года 69% жыхароў пазначылі роднай мовай беларускую, сёньня засталася толькі адна беларускамоўная школка на 27 навучэнцаў — у вёсцы Дзёрнавічы. То-бок па-беларуску там навучаюцца ўсяго 1,44% ад усіх шкаляроў раёну.

І як, хоць хто-небудзь афіцыйна прызнаў, што беларускія дзеткі ў школах часьцяком элемэнтарна не разумеюць роднай мовы?

Adkaz namieśnika staršyni Vierchniadźvinskaha rajvykankamu aktyvistu Iharu Slučaku
Адказ намесьніка старшыні Верхнядзьвінскага райвыканкаму актывісту Ігару Случаку на запыт аб сытуацыі зь беларускамоўным навучаньнем у раёне

Кантрольнае пытаньне

Гэткая сытуацыя — па ўсіх сфэрах беларускага жыцьця: праблем няма, а калі і ёсьць, то нязначныя, усё нармальна, пі ды скачы, весяліся, народзе! Гоп-ца-ца! А ўсе нязручныя лічбы заўжды можна альбо схаваць, альбо перакруціць.

І вось тут — як кантрольны стрэл — кантрольнае пытаньне: якой афіцыйнай статыстыцы ў нашай краіне ўвогуле можна давяраць, калі мы ня ведаем нават базавых лічбаў — колькі беларусаў жыве сёньня ў Беларусі? Пры тым, што, прабачце мяне, гэтая інфармацыя надзвычай важная — хаця б для разуменьня таго, на колькі гадоў маўчаньня і хлусьні нас наагул яшчэ засталося.

Praca «Historyka-kuĺturnaja raptoŭnasć. Bielarus. Pačatak XXI st. Pryčyniennie škody karajecca pa zakonu» ad studyi «Adliha»Праца «Гісторыка-культурная раптоўнасць. Беларус. Пачатак XXI ст. Прычыненне шкоды караецца па закону» ад студыі «Адліга»

Валера Руселік, Budzma.org