(Не)маўчаньне як знак нацыянальнай згоды

Нацыянальныя стэрэатыпы — рэч упартая. Які б ты ні быў у жыцьці, пра цябе адразу складуць шаблённы партрэт, як толькі даведаюцца пра тваю нацыянальнасьць. Вось мы, беларусы — якія? Працавітыя, законапаслухмяныя, талерантныя, маўклівыя, спакойныя і г. д. Хоць насамрэч любы з нас можа не трапляць пад усе гэтыя акрэсьленьні альбо мець знаёмых беларусаў, якія цалкам ім супярэчаць. Сёньня ў сваёй рубрыцы «Прыдарожны пыл» Валера Руселік разважае пра адзін з нашых нацыянальных стэрэатыпаў, а менавіта — пра маўклівасьць беларусаў. І калі вам, шаноўныя чытачы, ёсьць што дадаць да гэтых развагаў, то не маўчэце і абавязкова выказвайцеся!


1.jpg
 Валера Руселік

Відаць, нездарма ўсё-ткі кажуць, што беларусы — маўклівыя людзі. Памятаеце, як нас усіх павучалі зь дзяцінства: «Слова — срэбра, маўчаньне — золата. Не мянці языком! Памаўчы — за разумнага прымуць. Куды ты лезеш — ня сунься, прамаўчы!».

Ну і гэтак далей. Папросту нейкі нацыянальны культ з таго маўчаньня вымалёўваецца.

Між тым, як той казаў, ня ўсё тое золата, што блішчыць. Прыкладаў, калі лепей усё-ткі не маўчаць, процьма. Жыцьцё іх штодня насыпае шчодраю рукою. Тут табе і бясконцыя рэпрэсіі ў Беларусі, і зьнішчэньне роднае мовы з усё мацнейшай расеізацыяй, і перакрыўляньне нашае гісторыі і культуры на карысьць зноўку ж расейскае ці савецкае і г. д.

Але што мы ўсё пра балючае, пра «змагарскае» — вось вам прыклад, датычны ўсіх: і змагароў, і незмагароў, і антызмагароў. Журналісты «Зеркала» высьветлілі, што Беларуская АЭС вось ужо больш як два тыдні не працуе. Першы энэргаблёк знаходзіцца на плянавым рамонце, а вось другі адключаны з-за няспраўнасьці. Зламаўся. Пры гэтым афіцыйная інфармацыя пра гэта зьявілася толькі праз тры гадзіны пасьля публікацыі журналістаў.

2.jpg А вы хацелі б жыць каля АЭС? Верыце чыноўнікам? Фота: Vida Press

А што было б, калі б журналісты ні пра што не даведаліся? Ды нічога б не было, праўда? Як замоўчвалі ўлады надзвычайнае здарэньне, гэтак бы й маўчалі далей. Як замоўчваюць і іншыя свае памылкі і злачынствы. Як маўчала савецкае кіраўніцтва пра чарнобыльскую катастрофу.

Як, зрэшты, нічога ўлады й гэтым разам нічога не сказалі журналістам, калі тыя зьвярнуліся па камэнтар. Тым часам з крыніцы «Зеркала» вядома, што гаворка вядзецца не пра нейкую там звычайную паломку, але пра разгермэтызацыю контуру, які зьяўляецца носьбітам радыеактыўнага асяродзьдзя. Простымі словамі, зьявілася дзірка ў контуры, у якім знаходзіцца вада, што ахалоджвае рэактар. Патрапіць гэтая вада па-за межы контуру — і ўсё, вось вам гатовенькі Чарнобыль-2.

Ведалі вы пра гэта? Наўрад ці.

Ну і якое павучаньне зь дзяцінства тут пасуе? Не мянціць або не малоць языком? Памаўчаць, каб за разумнага прынялі? Альбо можа маўчаньне тут — таксама золата, а не радыяцыя й ня сьмерць?

3.jpg
Савецкі плякат, актуальны для беларусаў па абодва бакі мяжы цяперашняй Беларусі

Насамрэч стае ў нашага народа словаў і пра важнасьць маўленьня, немаўчаньня. Тут жа галоўнае — за якую з мудрасьцяў ухапіцца, у які бок скіраваць. Важна адчуваць момант: дзесьці можна і прамаўчаць, а дзесьці — маўчаць аніяк нельга, трэба біць ва ўсе званы.

Хтосьці можа сказаць: маўляў, лёгка табе, аўтару, сядзець за мяжою і разважаць пра тое, пра што нам тут, на радзіме, нават падумаць страшнай й небясьпечна.

Па-першае, я гэта ведаю на ўласным прыкладзе: да мяне лукашысты дацягнуцца ня могуць, а вось маіх сваякоў, якія застаюцца ўнутры краіны, пэрыядычна кашмараць. Таму, дарэчы, выказвацца ўголас не наважваюцца і многія зь беларусаў замежжа. Так што лёгка ці ня лёгка — гэта яшчэ пытаньнечка.

Ну і па-другое. Мне згадваецца адна даўняя ініцыятыва папулярызацыі беларускае мовы. Тады нават значкі зрабілі з надпісам «Размаўляй са мной па-беларуску»: маўляў, пабачаць людзі гэты надпіс і ня будуць саромецца альбо баяцца загаварыць у роднай мове з носьбітам гэтага значка. Гэткі знак «я свой, мы разам!».

4.jpg Фота Марыны Каліноўскай, vkurier. by

Дык вось гэты прынцып, як мне здаецца, можна й варта разгарнуць шырэй: папросту размаўляй са мною! Я цябе слухаю! Я цябе чую! Мы з табою — свае!

Пачулі важную навіну — перадайце сябрам. Даведаліся пра пагрозу — папярэдзьце блізкіх. Сагрэлі сэрца радасьцю — сагрэйце іншых. Бо пакуль мы размаўляем адно з адным, мы — не маўклівы народ. Мы — беларусы.

Валера Руселік, Budzma.org