У сваёй рубрыцы «Прыдарожны пыл» Валера Руселік піша пра тое, чаму ў нас, беларусаў, заўжды застаецца шанец на добрае жыцьцё — на прыкладзе недэмакратычных краінаў, дзе ён падарожнічаў.
Я люблю падарожнічаць. Пакуль што можа й няшмат аб’ехаў: 25 краінаў плюс паплаваў у двох акіянах і сямі марах — але тое-сёе для сябе з тых падарожжаў вынес.
Самае галоўнае — тое, што як бы дрэнна нам, беларусам, ні было тут і цяпер, шанец на лепшае жыцьцё ў нас заўжды застаецца.
На перавале Стонгдэ Ла, 5140 мэтраў над узроўнем мора (Ладакх, Індыя). Фота аўтара
Краіны без ценю надзеі на ўсталяваньне дэмакратыі
Гэтак здарылася, што падарожнічаю я ня толькі там, дзе камфортна і бясьпечна. Зрэшты, трапіць у краіну, дзе жывецца куды цяжэй, чым у сёньняшняй Беларусі — нават з усімі нашымі дыктатурамі, бязглуздымі калгасамі і азьвярэлымі губазікаўцамі — зусім не складана: сучасны сьвет, на жаль, поўны людзкога гора й пакутаў, штодзённай беспэрспэктыўнасьці, неспрыяльнага клімату, таннай і цяжкай працы, невуцтва, голаду, гвалту, войнаў. Раскруці глёбус і тыцні пальцам — зусім ня факт, што трапіш у Фінляндыю...
І часьцяком, вяртаючыся дадому (яшчэ да нядаўняга — у Беларусь), я лавіў сябе на думцы пра тое, наколькі ўсё-ткі нам, беларусам, пашчасьціла з краінай, а таксама адно з адным. Як у той старой легендзе пра Бога, які падарыў беларусам рай на зямлі і дурное начальства — здаецца ж, дастаткова скінуць тых цемрашалаў ува ўладзе і — зажывем! Усё для гэтага маем!
Трушчобы Самарканду (Узбэкістан). Фота аўтара
Ну вось, да прыкладу, узяць Узбэкістан альбо Індыю. І там, і там на ўласныя вочы бачыў і цяжкае жыцьцё мясцовых людзей, і — як бы гэта сказаць дыпляматычна — праблемы з дэмакратыяй і асноўнымі свабодамі грамадзянаў. Бясконцыя вайсковыя блёкпасты, жаўнеры з аўтаматамі, гэткая пазнавальная цяжкая атмасфэра татальнага дзяржаўнага кантролю — што ў ваколіцах Самарканду, што на вуліцах Шрынагару — не пакідае нават ценю надзеі на тое, што калі-небудзь і тут расквітнее дэмакратыя.
Зрэшты, у гэтай безнадзейнасьці ёсьць і вельмі простае тлумачэньне. І, калі хочаце, абгрунтаваньне. Што ўва Ўзбэкістане, што ў індыйскіх Кашміры і Ладакху, адкуль я вярнуўся нядаўна, кампактна жывуць розныя этнічна-рэлігійныя групы, якія адна да аднае ставяцца, мякка кажучы, ня вельмі. І чамусьці мне здаецца, што адзінае, што ўтрымлівае гэтыя ды іншыя падобныя краіны і рэгіёны ад вайны — вось гэты ашчэраны аўтаматамі і прасякнуты ўсемагутнымі спэцслужбамі дзяржаўны дыктат.
Альбо дыктатура, альбо вайна — так сабе выбар, праўда?
Узброеныя патрулі на вуліцах Шрынагару (Кашмір, Індыя). Фота аўтара
Беларусь у нашых сэрцах
Вернемся, аднак, да Беларусі. На шчасьце, у нашай краіне няма нейкіх супольнасьцяў, якія б кардынальна адрозьніваліся ад астатняй часткі беларускага народу і якія б гэтую астатнюю частку ненавідзелі і трываць не маглі. Адпаведна, і ўтрымліваць з дапамогаю аўтаматаў і дыктатуры мір — хай сабе гэта і мір у акупацыйнай турме — аніякае патрэбы няма.
Не зважаючы на ўсе выпрабаваньні нашага пакручастага беларускага лёсу, мы ўсьцяж захоўваем нашае нацыянальнае адзінства.
Хай нават мы і гаворым сёньня ў розных мовах, аднак беларускую ўсьцяж любім і прызнаем роднай.
Хай мы рознага этнічнага паходжаньня, але аднолькава любім нашую агульную цудоўную Бацькаўшчыну: і беларусы, і палякі, і ўкраінцы, і татары, і жыды, і расейцы, і астатнія.
Хай мы і падзеленыя палітычна, але колькі сярод нас вырадкаў, якія ненавідзяць Беларусь — жменька?
І вось гэтае адзінства, заснаванае на любові да Беларусі, нам і варта захоўваць ды мацаваць. І разам будаваць лепшае жыцьцё, свабоднае і шчасьлівае — для ўсіх нас.
Беларусь — у нашых сэрцах! Фота з сацыяльных сетак
Валера Руселік, Budzma.org