Якія еўрапейскія дэмаграфічныя цыклы выдзяляюць гісторыкі і праз які цыкл мы цяпер праходзім? Ці ўсё яшчэ працуе механізм прыроднай рэгуляцыі насельніцтва Зямлі? Піша Канстанцін Семяновіч.
Папуляцыя жывёлы віду прыматаў, сямейства гамінідаў, роду Хома пад назвай Чалавек Разумны (Homo sapiens) у мінулым падлягала прыроднаму рэгуляванню гэтаксама як іншыя прадстаўнікі жывёльнага свету нашай планеты.
Просты, але наглядны прыклад — колькасць мышэй на палях (няхай чытач даруе такое параўнанне). Калі год ураджайны, яна павялічваецца, пры недародах папуляцыя мышэй памяншаецца па прычыне недахопу харчавання. Стагоддзямі і тысячагоддзямі так было з людзьмі.
Першы дэмаграфічны крызіс археолагі датуюць канцом эпохі палеаліту (старога каменнага веку, 40–12 тыс. гадоў назад) і звязваюць яго з кліматычнымі зменамі. Праўда, ёсць версія, што краманьёнцы самыя знішчылі сваю асноўную кармавую базу, бо так удасканалілі тэхніку калектыўнага палявання, што павыбівалі буйную жывёлу — розных там мамантаў, шарсцістых насарогаў і інш.
Загоннае паляванне краманьёнцаў. Мастак Здэнек Бурыан
Таксама гісторыкі знаходзяць перыяды інтэнсіўнага росту народанасельніцтва ў эпоху Старажытнасці. У Старажытнай Грэцыі і Старажытнарымскай дзяржаве занатаваныя росты колькасці насельніцтва адпаведна між ІХ і V ст. да н. э. і каля 50 г. да н. э. — 200 г. н. э. Апошні быў звязаны з г. зв. Pax Romana — Рымскім мірам — перыядам адноснага спакою і адсутнасці войнаў, калі імперыя забяспечыла стабільны парадак у басейне Міжземнамор’я.
Прыблізна так было і ў Сярэднявеччы, пра якое маюцца не толькі даныя археалогіі, але і пісьмовыя сведчанні, асабліва шматлікія на захадзе еўрапейскага кантынента.
У выніку даследчыкі прыйшлі да канцэпцыі дэмаграфічных цыклаў, якія праходзяць у тры фазы: рост — стагнацыя — заняпад, потым зноў рост — стагнацыя — заняпад і г. д.
Трыумф смерці. Мастак Пітэр Брэйгель старэйшы
Падобна, яна прыдатная не толькі для Еўропы, але прынамсі Еўразіі, бо асноўная прычына — глабальныя змены клімату.
Гісторыкі таксама дадумаліся, хоць і не адразу, да простай, як сёння здаецца, заканамернасці — перыяды дэмаграфічнага росту звязаныя з уздымам эканомікі і культуры ды ростам дабрабыту масаў насельніцтва. Тут усё зразумела: больш рук да працы — большы плён.
Першы еўрапейскі дэмаграфічны цыкл працягваўся ад Х да другой паловы XV ст. Пасля заканчэння буйной міграцыі, вядомай як Вандроўка народаў, у Еўропе пачаўся бурлівы дэмаграфічны рост. Калі пад канец ХІІІ ст. выявілася, што кантынент перанаселены, не дапамагае ні міграцыя, ні пашырэнне арэалу сельгасугоддзяў (лясы, дзе маглі, павыкарчоўвалі, багны, дзе можна было, асушылі), раптам уключыўся прыродны (Божы?) механізм рэгуляцыі віда. Пасля шэрагу засушлівых гадоў, калі імунітэт еўрапейцаў быў аслаблены ад недаядання, навалілася пандэмія бубоннай чумы «Чорная смерць», якая спалавініла насельніцтва Еўропы (у некаторых краінах вымерла больш за палову жыхароў).
Чорная смерць у Еўропе
Усходнеславянскія летапісы таксама поўныя запісаў пра «вялікія моры» (ад слова мор) на нашых землях, а археолагі зафіксавалі заняпад як гарадскога, так і вясковага жыцця. Кожны беларускі археолаг ведае, як лёгка знайсці культурны слой селішча ХІІ—ХІІІ ст. і амаль немагчыма адшукаць след вёскі XІV ст.
Потым ад канца XV ст. пачаўся новы цыкл, менавіта фаза дэмаграфічнага росту, і не выпадкова большасць беларускіх гарадоў, мястэчак і вялікіх вёсак выводзяць свае пачаткі менавіта з таго часу — канца XV — пачатку XVІ ст. Але ў XVІІ ст. зноў адбыўся істотны спад колькасці насельніцтва, у Цэнтральнай Еўропе асабліва заўважны падчас Трыццацігадовай вайны 1618— 1648 г., а ў нас — як вынік вынішчальнай трынаццацігадовай вайны з Масковіяй 1654–1667 гг. Так завяршыўся другі еўрапейскі дэмаграфічны цыкл.
Трэці працягваўся ад сярэдзіны XVІІІ ст. да Другой сусветнай вайны. Рост колькасці насельніцтва, запачаткаваны ў XVІІІ ст., быў часова затрыманы Першай і Другой сусветнымі войнамі.
Пасля апошняй вайны пачаўся чацвёрты цыкл ужо ў сусветным маштабе. Нягледзячы на рэгіянальныя асаблівасці, такія як лакальныя войны ці змяншэнне нараджальнасці ў дабрабытных краінах, тэндэнцыя імклівага росту насельніцтва планеты працягваецца. Пакуль што. Бо не зразумела, ці то гэта сучасная медыцына знівеліявала дзеянне механізму прыроднай рэгуляцыі, ці ён яшчэ не прыйшоў у рух...
А можа, наадварот, істотнае пашырэнне сярод чалавецтва розных хваробаў, ад раку да алергіі, ды смертаносныя пандэміі апошніх дзесяцігоддзяў, такіх як СНІД ці каронавірус — ці не першыя прыкметы пачатку ягонага дзеяння?
Смяротнасць ад дамінуючых інфекцыйных хваробаў
Канстанцін Семяновіч, Budzma.org
Ілюстрацыі з адкрытых інтэрнэт-крыніц