Актывісты ініцыятывы па стварэнні турыстычнага пункту «прыпынак Адамовіча» лічаць, што так змогуць прыцягнуць увагу як жыхароў вёскі, так і тых, хто проста праязджае міма па трасе, да асобы Алеся Адамовіча, да пакінутай ім спадчыны, піша zautra.by.
Конкурс: арт-аб’ект у памяць пра Алеся Адамовіча
У памяць пра беларускага пісьменніка Алеся Адамовіча аўтобусны прыпынак у Глушы хочуць ператварыць у арт-аб’ект.
«Аўтобусны прыпынак знаходзіцца на ажыўленай трасе Бабруйск-Глуск-Слуцк. Яркі прывабны арт-аб’ект будзе добра бачны тым, хто праязджае праз Глушу. Хто-небудзь абавязкова спыніцца і так даведаецца, што тут жыў Алесь Адамовіч, — тлумачаць яны. — 2018 год — Год малой Радзімы ў Беларусі. Мы хочам паспрыяць развіццю малой радзімы Алеся Адамовіча».
У вёсцы Глуша пад Бабруйскам прайшло дзяцінства вядомага беларускага пісьменніка Алеся Адамовіча. Тут бяруць пачатак сюжэты многіх з яго твораў. У Глушы захаваўся будынак аптэкі, у якой працавала маці Алеся Адамовіча. Ужо не адно дзесяцігоддзе вядуцца размовы аб стварэнні ў гэтым доме музея.
Пакуль музея няма, ініцыятыва па стварэнні турыстычнага пункту «прыпынак Адамовіча» шукае іншыя шляхі, каб увекавечыць памяць вялікага земляка, а таксама прыцягнуць людзей наведваць яго родныя мясціны.
Каб ідэя рэалізавалася, актывісты ў супрацоўніцтве з аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Бабруйскага райвыканкама абвяшчаюць конкурс праектаў па стварэнні арт-аб’екта.
Да ўдзелу запрашаюць усіх зацікаўленых, але перш за ўсё — навучэнцаў мастацкіх навучальных устаноў, дызайнераў, архітэктараў, творчых людзей.
Конкурс пачынаецца 23 красавіка. Дасылаць работы можна да 23 матраўняя ўключна.
Задачы для ўдзельнікаў конкурсу тут.
Для ўдзелу ў конкурсе неабходна даслаць заяўку (ідэю, праект) на адрас:
adamovich.konkurs@gmail.com да 23 траўня 2018 года.
Разгляд заявак і выбар пераможцаў — да 31 траўня.