Краіна на мяжы вайны

З нагоды пачатку вайны ў Ізраілі Лявон Вольскі ў рубрыцы «Мама, не журыся!» на budzma.org разважае пра тое, як змяніўся свет. «Як гэта — жыць на мяжы вайны? Калі ад тваіх суседзяў пастаянна сыходзіць пагроза?». І ці далёка сённяшняя Беларусь ад гэтай мяжы?


Прыйшоў іншы час

Мне давялося нарадзіцца ў сьвеце штампаў і трафарэтаў. Калі ты штодня чуеш ды чытаеш: «гонка ўзбраеньняў, імпэрыялізм, сыянізм і рэакцыя, мілітарызм, сьвет чыстагану, заакіянскія лялькаводы, ізраільская ваеншчына», то гэтыя словы ўрэшце страчваюць сэнс, робяцца нічым. І ты нават не ўспрымаеш навіны, бо яны да краёў напоўненыя гэтымі штампамі, і як толькі гучыць «імпэрыялізм, сыянізм і рэакцыя» ды «ізраільская ваеншчына», тваё ўспрыманьне звыкла замыкаецца. Таму я кепска ведаў сытуацыю на Бліжнім Усходзе — ну, дзесьці там далёка йдзе вайна, хтосьці кагосьці перамагае, хтосьці церпіць паразу...

gaza_strip.jpg
Палесцінцы гуляюць сярод абломкаў пасля ізраільскага авіяўдару, што зраўняў з зямлёй частку квартала. Фота: Fatima Shbair / AP 

Гэта было вельмі даўно, за савецкім часам. Прыйшоў час іншы — з інтэрнэтам і сацыяльнымі сеткамі. І вось ты ўжо чытаеш пасты на фэйсбуку — ужо без аніякае «ізраільскае ваеншчыны» і іншых спарахнелых савецкіх штампаў — а там людзі бягуць у бамбасховішчы падчас чарговае атакі ракетамі, альбо абмяркоўваюць напад тэрарыста на простых, звычайных мінакоў у Ерусаліме.

Ты думаеш: «Як гэта — жыць на мяжы вайны? Калі ад тваіх суседзяў пастаянна сыходзіць пагроза?».

Беларусь vs Ізраіль: дзе небяспечней

А потым былі вандроўкі ў Ізраіль. Першым разам — не зьвязаная з працай, турыстычная. Безьліч уражаньняў — Мёртвае мора, Масада, старажытны Ерусалім, стракаты Тэль-Авіў, пустэльня, мяжа з агрэсыўнымі суседзямі... «Вось адтуль на нас лятуць ракеты, паглядзіце!». І ты ўглядаесься ў выпаленыя сонцам пагоркі і думаеш: «А раптам зараз прыляціць?».

А яшчэ пазьней быў канцэрт ва ўжо крыху знаёмым табе Тэль-Авіве, і там была поўная заля, і ты пабачыў, што зь Беларусі пасьля падзеяў 2020-га зьехала процьма людзей. Туды, у краіну, якая заўжды на мяжы вайны.

То-бок, народ вырашыў, што Беларусь з кгб, амонам і губазікам небясьпечнейшая для жыцьця за Ізраіль, дзе ёсьць пастаянная пагроза ад ХАМАСу!

Хто вінаваты

Я не хачу дыскутаваць, хто ў гэтай сытуацыі мае рацыю. Як сказаў наш зямляк Андрэй Макарэвіч, усё вельмі проста. Хто напаў, той і вінаваты. Расея пайшла вайною на Ўкраіну. Расея забівае мірных жыхароў, руйнуе гарады. Урэшце Расея адкажа за гэтае дзікунства. ХАМАС разьвязаў страшэнны тэрор, забівае бяззбройных людзей, руйнуе гарады. ХАМАС адказвае за гэта проста зараз, у гэтыя хвіліны.

Навошта ім гэта

Я не разумею — навошта ім гэта? Яны нападаюць, а ў адказ — нянавісьць да ўсяго іхняга — мовы, культуры, гісторыі.

Нішто й ніколі так бы не адвярнула Ўкраіну ад Расеі, як гэтая бязьлітасная й бессэнсоўная вайна. І хіба б так бамбавалі Газу, каб ня гэты жорсткі і бессэнсоўны напад?

Час трывожны і неспакойны. Ужо й нашая Беларусь зрабілася краінай на мяжы вайны. А дзяржаўныя мас-мэдыя ўсё завучана плявузгаюць: «ізраільская ваеншчына, імпэрыялізм, сыянізм, заакіянскія лялькаводы»...

Лявон Вольскі, budzma.org



*Меркаванне аўтараў рубрыкі «Калумністыкі» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі