Красные звёзды – Май в сентябре, інтэрнэт-рэліз, 2011

“Красные звёзды” на ўсю моц анансавалі выхад свайго новага альбому пад назвай “ЖІвой” і нават зладзілі ўжо яго жывую прэзэнтацыю, але замест яго раптам выдалі іншую працу, запісаную на год раней, як выявілася. Яна завецца “Май в сентябре” і лічыцца другой часткай дылёгіі “Мир миллиарда радуг”. Першая частка выйшла ўжо ў той час, калі лідэр каманды Ўладзімер Селіванаў перастаў удаваць зь сябе намесьніка Летава на зямлі ды змагацца за “рускі парадак”, а зацікавіўся філязофскімі тэорыямі і зачараваўся гучаньнем беларускай мовы. Беларускіх песьняў, праўда, на гэтым альбоме пакуль яшчэ няма, хоць у канцэртным рэпэртуары яны ўжо ёсьць.

Альбом “Май в сентябре” прадстаўлены ў форме цэльнага аўтарскага выказваньня: усе дзесяць песьняў з дыску нават скампанаваныя ў адзін агульны трэк. Між творамі паўстаўляны ўсялякі фанаграфічны хлуд з савецкіх кінафільмаў ды фрагмэнтаў інтэрвію з Цоем ды ўзорнай тэлеперадачы Шолахава і Курохіна пра Леніна-грыба. Такім чынам уся праграма слухаецца як нейкая аўдыёп’еса з канцэпцыяй, якая, відаць, адным толькі музыкам вядомая. Каб не напружваць мозг слухача, можна было б яе назваць проста неяк кшталту “Саўндтрэк да бачаных і нябачаных сноў”. Часам “Май в сентябре” вельмі ўжо нагадвае псыхадэлічныя экспэрымэнты ўсё таго ж Летава часоў альбому “100 лет одиночества”, а часам бывае сугучны з апошняй працай гурта “КальЯн” “Антыпазытыў”. А выдатную рэч “Анна” Селіванаў мог бы падараваць Кулінковічу. Толькі не зусім ясна, што тут робіць кавэр на цоеўскую “Следи за собой”.

У альбоме “Май в сентябре” можна сустрэць водгукі старых “Красных звёзд”, калі Селіванаў з крыкам “Я бачу ўсе твае сны” спрабуе сыграць ролю такога сабе рок-аракула (“Человечество”), а здараецца, што лідэр “Звёзд” балянсуе на мяжы з адкрытай папсяцінай ды зь яўным эпатажам сьпявае пра тое, што яшчэ крыху – “…и по тебе поползут божьи коровки…” пад немудрагелістае суправаджэньне ў стылі перабудовачнай эстраднай песьні. А між тым, у пачатку гэтай жа песенькі “Ловко” робіцца сур’ёзная заява пра тое, што “мне больше не нужен никакой Че Гевара”. Але “праграмныя заявы” яшчэ наперадзе – усё, што хоча расказаць герой гэтага альбому, ён выказвае ў песьні “Про кота Шрёдингера”… Гэты альбом КЗ паслухаць надзвычай цікава. Калі толькі вы ня грэбуеце корпацца ў чужых летуценьнях.

Аўтарскі слайд-ролік “Красных звёзд” на “Май в сентябре”

Анімацыйны ролік на песьню “Ловко” (реж. Яўген Бялоў, апэратар Уладзімер Селіванаў)

Спампаваць альбом можна тут.

Ідэя: 8
Выкананьне: 8
Тэксты: 8
Запіс: 7
Аздабленьне: 7

Сяргей Будкін