Крысціна Дробыш: «Для мяне сучасны "Архіпелаг ГУЛАГ" — гэта страшныя аповесці з месцаў, дзе барацьба за жыццё становіцца да жаху рэальнай»

Акторка Крысціна Дробыш разважае на сваёй старонцы ў Фэйсбуку пра герояў сучаснасці, выдаленне з памяці старонак гісторыі і кнігу Максіма Знака.


77.jpg

«Дзень 732. Максім Знак. Зэкамерон. 

Для мяне сучасны «Архіпелаг ГУЛАГ». Гэта страшныя аповесці з месцаў, дзе барацьба за жыццё становіцца да жаху рэальнай, а не гучным параўнаннем са штодзённымі трабламі. 

Калісьці я даведалася, што першая кніга пра зняволенне, напісаная беларусам. Але помнім мы пераважна расейскіх ахвяраў рэжыму. Кожны раз паглыбляючыся ў гісторыю, якую проста знеслі з нашай памяці, закрыўшы амаль усе шляхі, я жахаюся той бездані, якую мы не ведаем. 

Вы ж разумееце, што цяперашнюю гісторыю будуць неашчадна выдаляць з нашай памяці. Прычым так, што магчыма мы самі пачнем сумнявацца, ці сапраўды было тое, што мы бачылі на ўласныя вочы. Я не хачу, каб потым, гадоў праз 100, не засталося і гуку гэтых імёнаў, за якімі цэлыя жыцці, пра якія я магу сказаць шчыра: я б так не змагла. 

Адкіньце хаця б на некаторы час расейскіх вяшчальнікаў і стваральнікаў меркаванняў. У нас тысячы людзей, у якіх няма ютуба, піяр-каманды, візы і магчымасці апынуцца ў бяспецы. Ёсць лісты, рэдкія сустрэчы з адвакатамі і блізкімі. І галоўнае — ёсць што сказаць. Пакіну тут спасылку на частку кнігі Максіма Знака і некалькі радкоў з яе. Гэта цяжка, але гэта таксама тое, што ніхто не зробіць за нас саміх.

На фота Птушкі свабоды з Фестывалю абуджаных. Блакітныя і жоўтыя — гэта беларусы на вайне. Белыя — палітзняволеныя беларусы, чырвоныя — беларусы, якіх больш няма. Усе птушкі зробленыя рукамі, усе птушкі носяць імёны беларусаў і беларусак.

Калі вы дачыталі да канца, цісну вашую крэпкую руку і шчыра па-беларуску абдымаю».

78.jpg

79.jpg