Шмат каму з чытачоў ужо знаёмая аплікацыя дзіцячых кніжак «Кніжны воз» — асабліва тым, хто мае сваіх дзяцей і падлеткаў. У верасні ёй споўніцца ўжо два гады. Гэтую ініцыятыву, якая пачыналася з прыватнай перапіскі двух чалавек, ужо можна лічыць устойлівым, і даволі значным праектам, які паспяхова развіваецца.
Пра тое, як і чаму гэты праект узнік, што не так са школьнай праграмай, як пабачыць развіццё беларускай мовы ў рэальным часе, і пра студыю гуказапісу «Шафа», распавядае Крысціна Дробыш — акцёрка, «купалаўка» і адна з пачынальніц гэтага праекта.
Найперш, яна адзначае, што два гады «Кніжнага возу» — гэта амаль сто гадзін запісаў кніг як беларускіх аўтараў, так і беларускіх перакладаў розных часоў. «Падаецца, там самая старэйшая кніга, якія у нас існуюць — «Том Соўэр» у перакладзе Янкі Маўра 30-х гадоў мінулага стагоддзя. Цяпер мы пішам «Востраў скарбаў», — кажа Крысціна.
— «Кніжны воз» — гэта праект дзіцячай літаратуры для падлеткаў і дзяцей. Ці не падаецца вам цяпер, што трэба пашырацца, і рабіць не толькі дзіцячую, але і дарослую літаратуру?
— Так, хацелася б. Мы пачыналі менавіта з дзіцячай, і выбудавалі для сябе нават асаблівы сэнс, чаму мы менавіта дзіцячы праект. А цяпер мы ўжо прыйшлі да высновы, што нас слухае вельмі шмат дарослых людзей. Па-першае, побач з дзецьмі, а па-другое, у нас з’явіліся кніжкі, якія ўжо не зусім дзіцячыя — падлеткавыя. З’явіўся ўзроставы цэнз і рэкамендацыі слухаць з бацькамі, бо там уздымаюцца вельмі складаныя тэмы: адзіноты, смерці... Тое, што дзецям пакуль складана. І мы зразумелі, што ёсць запыт і на больш дарослыя кніжкі, але тут, канешне, ёсць праблемы: і з аўтарскімі правамі, і з платформай, дзе іх выпускаць.
Але такія думкі ў нас ёсць. І ёсць людзі, якія таксама запісваюць кнігі, — мы, відавочна, не адны такія, — і магчыма, мы зможам нешта зрабіць разам. Але мы пакуль што іх развіваем павольна, бо ёсць вельмі шмат кніг, якія б мы хацелі дапісаць для дзяцей, — літаральна, у чарзе. Мы будзем працягваць гэта, і паспрабуем сабраць каманду так, каб можна было пісаць і дарослыя кнігі, — і сучасных беларускіх аўтараў, якім складана выпусціць цяпер папяровую версію, і таксама пераклады.
— Вы сказалі пра «асаблівы сэнс» дзіцячых кніг. У чым ён?
— Для мяне беларуская мова пачынаецца з дзяцінства, як бы пафасна гэта ні гучала. І ў нас ёсць школьная праграма. Я не ведаю, для каго яна распрацоўвалася, бо ў 12-13 гадоў чытаць Васіля Быкава — гэта складана. Гэта не зусім гэтага ўзросту літаратура, як мінімум мусіць быць добры настаўнік, які патлумачыць табе, дапаможа разабрацца ў сэнсе. А калі гэта самастойнае чытанне — гэта цяжка.
Праграма выбудаваная на тых рэчах, якія цяжка ўспрымаць узростам, і шмат хто, з кім я размаўляла, кажа, што беларуская літаратура ў школе падавалася такім нечым старым, пакрытым пылам, нешта «змрочнае, сумнае і ў лапцях». Гэта тое, што мне даслоўна казалі людзі. І для мяне таксама яна была складанай, і я не разумела, што там ёсць яшчэ што-небудзь, але потым, у больш-менш дарослым узросце я зразумела, што тут усё нашмат цікавей і разнастайней.
Таму была задача стварыць гэтае, скажам так, беларускае асяроддзе для маленькіх дзетак, каб яны маглі чуць якасную беларускую мову, якасныя цікавыя кніжкі, якія па ўзросце.
Больш за тое, з намі працуюць цікавыя беларускія кампазітары, якія адмыслова пішуць музыку пад гэтыя кніжкі, і выходзіць цалкам беларускі, створаны беларусамі кантэнт, які вельмі падабаецца дзецям. Я вельмі радая, што цяпер ёсць такая суполачка, куды могуць прыйсці дзеці.
Аплікацыя распрацаваная так, што яе можа ўключыць і дзіцё, прынамсі, маё дзіцё дае рады з гэтым. І гэта дзецям падабаецца, гэта стварае пэўныя асацыяцыі таго, што беларуская мова — гэта можа быць весела, прыгожа, цікава, забаўляльна.
І выдатна тое, што да нас далучаюцца іншыя праекты, іншыя каманды, якія запісваюць, робяць мультфільмы, аплікацыі, мы разам з імі наладжваем супрацоўніцтва, каб мы разам з імі таксама маглі нешта публікаваць у нас, і паказваць, што таксама ёсць вось гэта, вось гэта, вось гэта.
Каб дзеці і дарослыя ведалі, што беларуская літаратура — гэта не толькі Колас, Купала, Быкаў, што гэта нашмат больш.
— Багата цікавых дзіцячых (і не толькі) кніг ніколі не перакладаліся на беларускую мову. Ці працуюць з вамі перакладчыкі? Можа быць, вы самі перакладаеце кнігі, якія вам падабаюцца?
— Гэта таксама такая «вудачка на будучыню». Нам бы хацелася, каб нейкія рэчы былі перакладзеныя. Бо, напрыклад, быў «Том Соўэр», дзе мы ведалі, што ёсць два пераклады — Янкі Маўра і новы пераклад. Але наноў была перакладзеная толькі адна глава. І мы думалі, што файна было б перакласці ўсю кнігу, і думалі, каб наладзіць гэта.
Але: на сёння існуе вялікая колькасць таго, што было ўжо перакладзена, і не было нідзе апублікавана, — не тое што выдадзена нават. Таму мая найпершая задача, я лічу, — даць гэтае аўдыёжыццё таму, што ўжо існуе. А яго вельмі шмат.
Мы цяпер выпусцілі «Замак Отранта», напрыклад, які лічыцца першай гатычнай аповесцю ў гісторыі літаратуры, існуе на беларускай мове ў перакладзе Ганны Янкуты. Але кніга была выдадзеная накладам ці то ў 250 ці то ў 300 экземпляраў. Гэта катастрафічна мала.
Фота: Вокладка кнігі «Замак Отранта»
Паслухаць аўдыякнігу «Замак Отранта» можна тут.
Цяпер нам удалося зрабіць вельмі добрую агучаную версію: галоўную ролю там выконвае Алег Гарбуз. Там добрая музыка, зрабілі нават трэйлер да прэм’еры кнігі. І гэты трэйлер зрабіў 12-гадовы хлопчык, што для мяне — асабліва цёплы момант. Таму што дзіцячая аплікацыя, падлеткава-дзіцячая кніжка, і нават трэйлер зроблены 12-гадовым хлопчыкам.
Таму... Можа быць мы і прыйдзем да перакладаў, але ахапіць бы тое, што ёсць.
— Вы сказалі пра музыкаў, якія пішуць тэмы да кніжак, згадалі Гарбуза з «купалаўцаў»... Вы шчыльна супрацоўнічаеце з «купалаўцамі»? І колькі ўвогуле людзей працуе над кніжкамі?
— Колькі людзей працуе — сказаць складана. Так, мы сябруем з калегамі, я сама лічуся «купалаўкай», хоць і сышла адтуль з месяц таму. Я ведаю, што яны прафесіяналы сваёй справы, я іх запрашаю, мы працуем разам і з задавальненнем запісалі ўжо не адну кніжку разам.
А ўвогуле колькі людзей у камандзе , я не ведаю, бо з’яўляюцца і новыя галасы, і ёсць кнігі, напрыклад, якія ўжо былі запісаныя не маёй камандай. А чаму б нам не запісаць з людзьмі, якія ўжо гучалі, але мы разам не працавалі ніколі?
Напрыклад, я чытаю кнігу, і я разумею, што «вось, было б крута, каб гэта агучыў вось гэты, і вось гэты чалавек». І каманда для кнігі збіраецца заўсёды, як наноў. Але ёсць тэхнічная каманда, якая працуе заўсёды. У нас ёсць саўнд-дызайнер, які адказвае за гукавую частку, ёсць гукарэжысёры, музыкі, не ўсіх мы можам называць публічна, вы самі ўсё разумееце. Але, калі падлічыць, то можа, чалавек 15-20 набярэцца...
— Але гэта складаная тэхнічная праца, павінна быць, напэўна, студыя, апаратура... Наколькі гэта складана рабіць, калі вы ў вымушаным ад’ездзе з краіны?
— Канешне, гэта складана ў тым сэнсе, шгто мы ўсе раскіданыя па свеце, але, як кажуць, «калі моцна хочацца, то трэба». Таму мы знаходзім шляхі, каб пісаць гэта анлайн, пішам мы гэта ў некалькіх гарадах, пішам некалькі кніжак адначасова. З іншага боку — плюс у тым, што мала хто застаўся ў Беларусі, а вялікая частка нашай каманды апынулася ў адной кропцы, у адным горадзе.
Канешне, часам мы пішамся літаральна ў шафе, таму мы і назвалі месца свайго запісу «студыя гуказапісу «Шафа». Таму што гэта рэальная шафа — з падушкамі, коўдрамі, рэчамі... Канешне, нашмат зручней працаваць у адным месцы, гэта дае шмат магчымасцяў. Але мы стараемся развіваць і анлайн-магчымасці, каб не залежаць ад тэрытарыяльных момантаў.
— Ці былі ў вас кніжкі, якія б вы не хацелі агучваць, але трэба?
— Не, напэўна не было. Для мяне каштоўнасна ўсё, што прыходзіць у якасці прапановы, ці я сама знаходжу, ці нехта з маёй каманды. Мне падаецца, што ўсё, што з’яўляецца ў беларускіх перакладах... Перакладчыкі самі бяруць тое, што ім даспадобы, у большасці.
Але мне цікавыя заўсёды і розныя пераклады, і розных часоў, і розных перакладчыкаў. Бо ў гэтым ёсць нейкі такі самы сок — рознай мовы і розных падыходаў. Бо мы не займаемся прапагандай нечага ў стылі «толькі так, і ніяк інакш». Мы акурат за тое, каб людзі маглі мець магчымасць параўноўваць.
Калі ў нас ёсць магчымасць прадставіць, напрыклад, пераклад 30-х гадоў мінулага стагоддзя і пераклад цяперашні — гэта будуць вельмі розныя рэчы. У гэтым акурат есць сэнс, тут мы бачым развіццё мовы, як яна змянілася за сто гадоў. Бо ў Янкі Маўра вельмі цікавы пераклад. Ён быў вельмі складаны для нас, але і тым быў вельмі цікавы.
Таму кніжак, пра якія Вы кажаце, напэўна, не было, і мне не хацелася б, каб яны былі — кніжкі, якія б не хацелася агучваць, бо гэта заўсёды чуваць: калі акцёр гучыць кніжку, якая яму не падабаецца. Лепей альбо ўлюбіцца ў кніжку, закахацца ў яе — альбо не чытаць увогуле.
— Да вас, напэўна, прыходзіць шмат прапаноў агучыць тое ці гэта. Якім чынам Вы абіраеце кнігі для працы?
— У нашай камандзе ёсць перакладчык, які мае свае кантакты, ведае досыць шмат і сваіх калег, і літаратуры. Ён чалавек абазнаны, прафесіянал у такім сэнсе. Ёсць тое, што мы чытаем самі. Будучы ў Мінску, я часцяком заходзіла ў «Букініст», шукала беларускія кніжкі розных перакладаў і часоў, — так мы знайшлі «Маўглі», «Пітэра Пэна», якога мы таксама плануем зрабіць.
Людзі, якія ведаюць, што ёсць аплікацыя «Кніжны воз», іншыя каманды часам кажуць: «У нас ёсць агучанае, мы хацелі б у вас размясціць». І мы заўсёды толькі «за». Так да нас трапілі «Хронікі Нарніі» і «Сем камянёў». Ёсць перакладчыкі, якія звязваюцца з намі і кажуць, што «ў мяне ёсць пераклад, я яго падрэдагую, і ці можаце вы яго агучыць». Ёсць аўтары, якія пішуць кніжкі, яны прыходзяць з прапановамі, ёсць тое, што нехта з нашай каманды чытае сваім дзецям і кажа: «Ой, я такую класную кніжку прачытаў». Шляхі вельмі розныя. Працуе «сарафаннае радыё», і шмат яшчэ што рэкамендуюць нашы чытачы і дасылаюць нам у сацыяльныя сеткі — часам проста вялізнымі спісамі. І мы самі запытваемся, што б людзям было цікава пачуць. Так і ўтвараецца вялізная чарга, і, падаецца, там недзе на паўгода наперад у нас ужо стабільна ёсць праца.
— Але ж час начыткі кнігі — гэта адно. А трэба ж яшчэ проста чытаць кнігу, каб, як Вы казалі, «улюбіцца ў яе»... Дзе той час Вы знаходзіце?
— Так, гэта складана, але бывае і так, што ты чытаеш кніжку, і з першых двух-трох главаў разумееш, што цябе захапіла. Ты ўжо чуеш, якім голасам гэта магло б быць прачытана, ты ўжо чуеш гэтага персанажа, хто б яго прачытаў, а вось музыку было б крута, каб зрабіў вось гэты... І калі гэта складаецца, ты ўжо закідваеш вудачку, што «давайце вось гэта пачнем рабіць», распрацоўваць, у працэсе начытваеш, падключаеш каманду, і тут важны момант, каб дэлегаваць гэтую працу. Калі я агучваю кніжку сама, тады я на сто працэнтаў паглыбляюся ў яе. Калі гэтую кніжку гучыць хтосьці ў адзін-два галасы збоку, то я дазваляю сабе трошкі адысці ўбок і пакінуць гэта на творчы момант тых, хто выконвае. Бо ні ў якім разе не хачу дыктатуры тут, я не дырэктар, я магу толькі падказаць нейкую лінію, пракантраляваць дзесьці націскі, вымаўленне, што ўсе блытаюць, незалежна ад дасведчанасці. Але ў агульным я давяраю тым, хто бярэ на сябе гэтую кніжку у плане начыткі. Гэта нават складана назваць начыткай, бо ў нас кніжкі мяжуюць з аўдыёспектаклямі.
Гэта цалкам супольная праца, пабудаваная на адказнасці і на творчасці. Мы сабралі вакол сябе каманду з такім жа адказным стаўленнем да таго, што мы робім.
Ёсць момант творчасці, даверу, адказнасці, і для мяне вельмі важна, калі чалавек, які чытае кнігу, каб яму самаму гэта было ў кайф. Бо я тады гэта чую, гэта чуе слухач, і калі ў нас ёсць нагода, каб паплакаць альбо парагатаць, — значыць, усё будзе добра.
— «Кніжны воз» — аплікацыя бясплатная...
— Так, у нас не было мэты зарабляць на гэтым, бо ў нас асноўная задача была ў тым, каб зрабіць гэта даступным — кніжкі, пераклады, агучку — каб да гэтага мог мець доступ чалавек з любой кропкі свету. Але бліжэйшым часам мы плануем запусціць свой рахуначак, дзе можна аформіць падпіску альбо данаціць «Кніжнаму возу», бо апошнім часам вельмі шмат людзей у нас пыталася, як можна аддзячыць, як можна падтрымаць. І мы разумеем, калі ёсць такі запыт, трэба нешта такое стварыць, каб у людзей была магчымасць хоць і бясплатна паслухаць, але нейкі свой унёсак зрабіць. І гэта будзе скарбонкай для стварэння новых праектаў, каб мы маглі спакойна нешта планаваць, не азіраючыся на тое, дзе нам узяць грошы.
— Вы сказалі, што працы ў вас — на паўгода наперад. Што мы можам пачуць бліжэйшым часам?
— Цяпер мы дапісваем «Востраў скарбаў», мы плануем запісаць «Пітэра Пэна», у нас ёсць кніжка Сержа Мінскевіча «Прыгоды Какоса-Маракоса», таксама будзе працяг «Ката-Шпрата». Будзе Аляксей Шэін. А яшчэ ў нас ёсць невялічкія апавяданні невядомай аўтаркі — дзяўчыны, якая складае вельмі кранальныя і добрыя апавяданні пра бусліка, мы дамовіліся, што таксама іх агучым. Гэта такі крок, што ў нас не толькі вядомыя аўтары — ёсць людзі, якія ствараюць, і ствараюць гэта вельмі цёпла, і чаму б гэта не пабачыла свет?
Гэта з асноўнага. А самае доўгачаканае з нашага боку — гэта «Віня-Пых», беларускамоўная версія Віні-Пуха. Літаральна цяпер мы пачынаем працэс запісу. Я спадзяюся, што да восені мы зможам яе дарабіць і выдаць.
Таму — слухайце нас, далучайцеся, наша аплікацыя даступная для Android і IOS, яна ёсць у App Store і Google Play, ёсць вэб-версія. А калі ў вас ёсць жаданне падзякаваць стваральнікам «Кніжнага Возу» — завітвайце на нашыя старонкі ў Facebook і Instagram. І ўсё, што будзе аддзячана, будзе накіравана на тое, каб ствараць новыя праекты і надалей.
Аліна Бялова, budzma.org