Алесь Тодараў разбіраецца на budzma.org з тым, што такое крытычнае мысленне, для чаго яно патрэбнае і ці можна яго развіць.
Крытычна мысліць — гэта значыць лагічна і паслядоўна разважаць, хутка прымаць рашэнні і знаходзіць незвычайны падыход для здавалася б невырашальных задач.
Многія людзі часам залежаць ад агульнапрынятых стэрэатыпаў і ў іхным палоне могуць знаходзіцца цягам усяго жыцця. Жаданне «быць як усе» не закладваецца ў свядомасці ад моманту нараджэння, але разам з тым паспяхова выхоўваецца з самых малых гадоў.
Потым наступае той час, калі гэтыя стэрэатыпы пачынаюць перашкаджаць нам дасягаць патрэбных вынікаў па жыцці. Менавіта таму мы часцяком дзейнічаем уразрэз з нашымі персанальнымі інтарэсамі, а часам нават знаходзімся пад моцным уплывам іншых.
Каб перастаць залежаць ад гэтых уплываў і меркаванняў, трэба навучыцца крытычна мысліць — гэта дапаможа сфармаваць уласны светапогляд і адмовіцца ад навязаных чужых поглядаў. Адсутнасць развітага крытычнага мыслення будзе заўжды замінаць нам дасягаць пастаўленых перад сабою мэтаў.
Мяркуйце самі
Напрыклад, чалавек выхаваны ў такой культуры, калі любая магчымасць разглядаецца не як шанц на паляпшэнне ўласнага дабрабыту, а як пагроза, змрочная прадвесніца абавязковага правалу. Ці зможа такі чалавек стаць паспяховым, нават калі мае талент і высокую працаздольнасць? Вельмі сумнеўна. Бо такому чалавеку любыя няўдачы на жыццёвым шляху будуць здавацца непераадольнымі, ён будзе засяроджвацца на іх, перажываць замест таго, каб развівацца далей і рухацца наперад.
Прасцей кажучы, калі ўсё было дрэнна, то абавязкова і будзе дрэнна з такім светапоглядам.
Крытычнае мысленне працуе наадварот: усё, што ўстае на шляху да мэты, становіцца яшчэ адной магчымасцю яе дасягнуць.
То-бок, калі для чалавека, які звыкся з бясконцым негатывам, чарговая няўдача — гэта перашкода, якую немагчыма пераадолець і чарговае сведчанне таго, што ўсё марна, для чалавека з развітым крытычным мысленнем — гэта досвед, з якога можна і трэба атрымаць карысць.
Просты, але вельмі наглядны прыклад. Дзірка на любімых джынсах для аднаго — прычына выкінуць адзенне ў сметнік. Для іншага — магчымасць паспрабаваць сябе ў якасці дызайнера і ператварыць старую, але якасную рэч у модную мадэль.
Такім чынам, трэба імкнуцца да таго, каб увесь час мысліць крытычна.
Чалавек, які ўмее мысліць крытычна, пастаянна аналізуе інфармацыю і ставіць пад сумнеў абсалютна ўсё. Толькі так можна зразумець кожны аспект любога пытання і атрымаць дакладныя адказы на іх.
Калі вы разважаеце крытычна, у выніку аналізу інфармацыі вы вызначаеце свае погляды і фармуеце ўласныя перакананні. Бо чалавек без перакананняў — гэта такі чалавек, якім лёгка маніпуляваць.
Імкніцеся думаць на некалькі крокаў наперад. Гэта будзе не толькі добрай зарадкай для вашага мозгу, але таксама дазволіць навучыцца прагназаваць магчымае развіццё падзей і быць гатовым да любога развіцця сітуацыі.
Як навучыцца крытычнаму мысленню?
Насамрэч гэта не так складана, як можа падавацца. Пачынаць варта з наступных практыкаванняў, падыходзячы да іх пакрокава:
1. Самапазнанне
Яно тычыцца як вывучэння нашай здольнасці разважаць, так і ўмення глядзець на самога сябе збоку. Паспрабуйце паразважаць над тым, чаму менавіта вы апынуліся менавіта ў такой сітуацыі і што трэба зрабіць, каб яна вырашылася. Паглядзіце на сябе вачыма іншага чалавека.
Але вельмі важна: не трэба блытаць самапазнанне з самакапаннем, якое ніякага канструктыву не прынясе. Не варта капацца ва ўласных «больках» без спробаў разабрацца з імі.
Часам страх перашкаджае чалавеку адэкватна аналізаваць нават самога сябе, таму гэта тая рэч, якую трэба пераадольваць.
2. Дэдукцыя
Кожнае рашэнне трэба прымаць пасля праверкі ўсіх аргументаў, якія падштурхоўваюць да яго. Паспрабуйце старанна разабрацца ў кожнай сітуацыі, задачы, спрэчцы. Уключыце крытычнае мысленне і прывядзіце ўласныя доказы. Паглядзіце на сітуацыю з розных бакоў, шукайце невідавочныя ўзаемасувязі і магчымае яе вырашэнне.
3. Аргументацыя
Складзіце спіс усіх магчымых шляхоў вырашэння праблемы. Падрыхтуйце аргументы, пачуйце меркаванне іншага чалавека.
Калі вы ў якасці назіральніка, то ўважліва прасачыце, наколькі паслядоўныя факты як аднаго боку, так і другога. Вучыцеся на памылках іншых.
Паспрабуйце пры неабходнасці візуальна праілюстраваць магчымыя рашэнні праблем. Напрыклад, можаце намаляваць просценькія дыяграмы, табліцы, схемы.
Алесь Тодараў, budzma.org