Праз год пасля сутыкненняў ля “расстрэльнага лесу” ў 2017-м тэма Курапатаў зноўку на слыху. Тады гэта быў прарыў, інвестар згарнуў будаўніцтва бізнес-цэнтра, а сама тэма курапацкіх расстрэлаў замільгала ў дзяржаўных СМІ, пра каплічку ў Курапатах упершыню загаварыў нават Лукашэнка… А што ж сёлета?
Не будзем прагаворваць яшчэ раз усю гісторыю з “Бульбаш-холам”, які ператварыўся ў “Паедзем паямо”, звернемся лепш да абаронцаў, гісторыка-юрыдычных калізіяў і самой эстэтыкі пратэсту сёлета.
Ці законная рэстарацыя? Найлепшы адказ дадуць юрысты. Паводле старшыні Таварыства аховы помнікаў Антона Астаповіча, у кваліфікаванасці якога я асабіста не маю сумневаў, комплекс роўненька, метр у метр, кладзецца на мяжу ахоўнай зоны Курапатаў, якая складае 50 метраў. Калі ўсё ж такі ёсць сумневы, абаронцы меліся б скінуцца і знайсці юрыста, які пачне “папяровы джыхад”, каб вывесці ўласніка на чыстую ваду. Пакуль гэтага не бачна.
Ці маральнае існаванне рэстарацыі ў непасрэднай блізкасці ад Курапатаў? Законам функцыянальнасць аб’ектаў побач з помнікамі гісторыі і культуры не агаворваецца, але мы ж пра іншае – пра пачуцці. Імаверна ні я, ні мае сябры ў такую карчму піць бы не пайшлі. З іншага боку, ці маральна гуляць з дзецьмі ці дзяўчынай у парку Чалюскінцаў, дзе таксама расстрэльвалі? Ці маральна вязням “Амерыканкі” жартаваць паміж сабой і гуляць у нарды, калі ў гэтым будынку ў 1930–50-я адбывалася немаведама што?.. Урэшце, мы не можам адсяліць увесь Мінск з прычыны таго, што тут на кожным кроку кагосьці расстрэльвалі, вешалі, катавалі.
Чаго хочуць абаронцы? Шчыра кажучы, я не магу зразумець. У мінулагодняй сітуацыі, калі бізнес-цэнтр толькі збіраліся будаваць на пустым месцы, усё было ясна: трэба, каб уласнік спыніў будоўлю, пакуль туды яшчэ не ўкладзеныя мільёны. А што мае адбыцца тут? Уласнік рэстарацыі мусіць разабраць яе па каменьчыку? Альбо аддаць за так пад музей? Альбо падарыць будынкі абаронцам Курапатаў, каб тыя складалі там сякеры з бензапіламі падчас прыборкі?..
Калі б усё гэта адбывалася ва Украіне і пад рэстарацыяй пратэставала не пара жанчынак ды маладняк ад 16 да 20 гадоў, а хлопцы ў камуфляжы з пакрышкамі напагатове, можна было б уявіць такі сцэнар: калі ўласніку ўсё гэта надакучвае, ён сустракаецца з лідарам пратэсту, “башляе” на новыя крыжы ў Курапатах і хлопцам “на арэнду спартзалы”, дорыць адзін са сваіх бусікаў для перавозкі інвентару на будучыя прыборкі – і ўсе задаволеныя. Ясна, што ўсё гэта не публічна, для прэсы і грамадскасці пратэстоўцы і ўласнік застаюцца зацятымі ворагамі. Але гэта рэальнасць і рашэнне пытання. У сёлетнім пратэсце я проста не бачу пазітыўнага сцэнару. Наогул аніякага сцэнару.
А зараз пра эстэтыку пратэсту. Летась гэта было падобна на нешта нетрывіяльнае: бочкі, намёты, сцягі, камуфляж, рэдкія сутычкі, натоўпы мясцовых жыхароў, якім не падабалася ўшчыльненне… Гэта прыгожа. Як выглядае пратэст сёлета? Гэта крыкі аб “крывавых манга”, пакусаны дзядзька, які прыехаў замаўляць стол на свой дзень нараджэння, рэжысёр з плакатам, які рэкламуе свой фільм “Жоўты пясочак”, воклічы пра “карчму на костках”, хоць пад карчмой аніякіх костак няма: дастаткова зірнуць на межы плота ціра НКУС у другой палове 1930-х. Карацей, нейкі сюр.
Скажыце, менавіта з гэтым маюць асацыявацца Курапаты ў чалавека, які заходзіць на незалежныя сайты? Менавіта такі вобраз расстрэльнага лесу і яго абаронцаў мае застацца ў нашчадкаў? Вобраз эксцэнтрычнай публікі, якая кідаецца на агаломшаных дзядзькаў са скрынямі цыбулі ці баклажанаў?..
Паважаны мною Павел Севярынец кажа, што пратэстуюць у сярэднім 10-15 чалавек, таму ўсе на абарону Курапатаў! З таго, што я памятаю, Павел Канстанцінавіч – сустаршыня БХД, дзе па спісах праходзяць сотні, калі не тысячы, чалавек. Дзе ўсе гэтыя людзі? Альбо абарона Курапатаў – гэта прыватная пазіцыя Севярынца, не цікавая астатнім партыйцам?
Павел Канстанцінавіч кажа “стаяць да смерці”. А як гэта? МКАД перакрываць? Галадаць пад плотам рэстарацыі? Дапускаю, што нехта з 16-20-гадовых абаронцаў можа ўспрыняць словы літаральна, тады чакай бяды. Ці трэба проста ўважлівей ставіцца да словаў?..
Чарговы раз даводзіцца чытаць у СМІ пра “асобаў, якія выдаюць сябе за наведнікаў” альбо “падазроных ахоўнікаў у цывільным”. Сэнс такі: падвесці да думкі, што усё гэта насамрэч АМАПаўцы, чэкісты ці яшчэ нехта там. Вы сур’ёзна? Правільна, змагацца з ахоўнікам рэстарана ці дастаўшчыкам манга нецікава, цікавей – з мацёрым чэкістам, Джэймсам Бондам, які нясе манга ў скрынцы выключна ў рамках сваёй легенды, а пад манга схаваныя “макаравы” са “сцечкінамі”…
Хлопцы, я разумею, што для экзальтаванай грамадскасці кожны мужык з падкачанай шыяй – ужо АМАПавец, але ці гэта не параноя? Вы самі сябе чуеце? Канечне, канспіралагічная лінія заўжды цікавейшая за рэальную – шэрую і будзённую. Цяжка прызнаць, што мы проста жывём у “ватным” грамадстве, дзе людзі не чулі і чуць не хочуць пра Курапаты і 1937 год. Дык, можа, лепш распавесці пра гэта людзям, але так, каб тыя пачулі, без “крывавага манга” і адбіткаў зубоў на руцэ таго, да каго хочаце дагрукацца?
Найгоршае, як мне падаецца, – гэта далейшае ператварэнне пратэсту ў магічны рэалізм Маркеса, які не будзе цікавым нават міліцыі, бо сам сябе дыскрэдытуе. Тады мы пахаваем усе перамогі мінулага года, а Курапаты чарговы раз стануць расколінай, а не месцам яднання нацыі.
Так, “Паедзем паямо” – гэта дрэнна. Але рэстарацыя памрэ сама сабой, аб’ектыўна, з эканамічных прычынаў, для бізнесу гэта праклятае месца. Скандальнай нагодай можна было скарыстацца зусім па-іншаму. Напрыклад, пераключыць максімум сілаў на “брукаванку ў Курапатах”: калі за справу ўзяліся Белавус, Матолька і Пальчыс, хочацца верыць, што ўсё атрымаецца, але ім таксама патрэбная дапамога. Альбо вярнуцца да тэмы капліцы і мемарыялу, незаслужана забытай пасля сыходу Паўла Ізотавіча з рэдактарскай пасады.
Але каму тое трэба? Гэта ж стваральная праца, якая патрабуе высілкаў, грошай, кваліфікацыі, завязвання сувязяў з людзьмі пры грашах і пасадах… Прасцей раздрукаваць плакат і ваяваць з “крывавымі манга”, праўда ж?
Алесь Кіркевіч
Фотаздымак: Андрэй Лянкевіч
Меркаванне калумністаў сайта budzma.by можа не супадаць з пазіцыяй кампаніі “Будзьма беларусамі!”