Мастачка Ксіша Анёлава распавяла budzma.org пра сваё жыццё да 2020 года, сустрэчы з былымі палітвязнямі і іх роднымі, а таксама пра валацёрства на фоне вайны ва Украіне. Размова пачалася з гукаў выцця сабакі на тым баку.
— Гэта мая Лалі, мая спаніэлька. Пасля баявых дзеянняў яна вельмі трывожна рэагуе на незвычайныя ці моцныя гукі.
— У вас сабака з Украіны?
— Так, яе вывезлі з Крывога Рога. Я валанцёрыла з першага дня вайны, мы ганялі на мяжу і разбіралі па дамах хто людзей, хто жывёл. Мая каляжанка вывезла з Крывога Рога сем сабак. Перад гэтым яны знаходзіліся за плотам, за які часам кідалі ежу, а часам і не кідалі. Калі Лалі прывезлі, гэтая дахадзяга ўяўляла з сябе кавалак касцей з поўсцю.
Да таго ж ёй прыйшлося зрабіць аперацыю — выявілася анкалогія. Што цалкам зразумела з улікам таго, які стрэс Лалі перажыла. Але зараз прагнозы ветэрынараў добрыя, і я сказала б, што Лалі адчувае сябе шчаслівай.
— Яе гаспадароў, натуральна, ужо не знайсці?
— Не, там пасля абстрэлаў ужо і вуліцы той няма. Дагэтуль у Лалі здараюцца розныя нечаканыя рэакцыі. Напрыклад, калі хтосьці гуляе ў мяч, яна думае, што зараз стрэляць. Гуляем па вуліцы ў асноўным уначы, каб было мінімум гукаў. Калі дзесьці нешта грукнула, Лалі туды больше не пойдзе. Ужо два разы на Новы год ездзілі на вёску, каб не траўмаваць яе. Думаю, з ёй гэта ўжо назаўсёды. Хіба толькі ласкай можна зменшыць напружанасць.
— У вас рыхтуецца выстава ў Інстытуце нацыянальнай памяці ў Брно з праектам «Беларускі мартыралог», серыяй партрэтаў палітвязняў на шпалерах. Калі адбудзецца выстава?
— Пачнецца ў першай палове сакавіка і, відаць, працягнецца месяц. Я даўно хацела трапіць на фестываль у Брно, бо гэта незвычайнае месца з цікавай падзеяй. Да вайны у горадзе побач з чэхамі жылі не толькі габрэі, але і немцы. Пра Халакост усім вядома, але не ўсе ведаюць, што сталася з мясцовымі немцамі. Пасля вайны мясцовыя жыхары вырашылі іх цалкам выселіць. А хто заставаўся пасля вайны? У асноўным старыя людзі і дзеці. Выгнанне ў Аўстрыю шмат для каго стала «маршам смерці»: некалькі тысяч чалавек загінула.
З 2000-х гадоў памяць людская і сумленне за тыя падзеі мінулага ўваскрэслі і адбыўся першы крыжовы шлях вяртання ў зваротным кірунку, у горад. Кожны год колькасць людзей на шэсці ўсё павялічвалася, і вось сёння мы бачым цэлыя інстытуцыі вакол гэтых падзей.
Чаму я так падрабязна засяроджваюся на гэтым — мне падаецца, можна параўнаць нашыя Курапаты і іх варту з тым шляхам з мінулага ў сённяшні Брно, дзе ў сучасных жыхароў няма асабістай адказнасці за тыя падзеі, але яны ідуць, і ім важна гэта рабіць і праз палову стагоддзя.
Я жыву ў Варшаве побач з турмой на Ракавіцкай. Там пусты, цёмны двор з занядбаным садам. Пакуль Лалі гуляе, я туды прыходжу і сваімі словамі ствараю адмысловую малітву, бо на Курапаты прыйсці не магу, а між тым у гэтым дворыку яшчэ ў 1950-я гады расстрэльвалі палітычных вязняў, толькі ўявіце сабе гэты жах.
Падчас выставы праекта «Беларускі Мартыралог» у Брно паэт Дзмітрый Строцаў прачытае свае вершы, перакладзеныя на чэшскую мову. Вельмі чакаем студэнтаў — пачытаць з намі лісты з перформансу «Палітвязні гавораць» на чале з доктаркай гістарычных навук Наталляй Гарковіч і міжнароднай менеджаркай культурніцкіх праектаў Вольгай Алейнік. Гэта дазваляе дакрануцца глыбей да болю і несправядлівасці, існасць якой так адмаўляюць беларускія ўлады з афіцыйных крыніц.
Думаю, гэта вельмі важна сёння. Некалькі месяцаў таму я была ў парламенце Аўстрыі ў Вене. І я была здзіўленая, што некаторыя парламентарыі першы раз чулі пра падзеі ў Беларусі апошніх гадоў. Таму ў некаторых краінах тлумачыць пра сітуацыю ў Беларусі трэба пачынаць ад самага пачатку.
Калі напрыканцы сустрэчы мы, беларусы, казалі «а цяпер агульны здымак з экстрэмістамі», у парламентарыяў мяняўся твар. Людзям варта растлумачыць, што судовая сістэма цалкам перакуленая ў нас сёння, а потым жартаваць. Бо яны і не ўяўляюць, як такое сёння магчыма...
Я ўсё жыццё, ведаючы пра сталінскія рэпрэсіі, пра тое, что мой дзед Міканор Казіміравіч Ярашэвіч стаў іх ахвярай і быў расстраляны, думала: як можна было «не заўважаць», што у цябе знік сусед, а то і сваяк? І вось гэтае паралельнае існаванне вярнулася ў Беларусь. Я раблю праект «Беларускі мартыралог» у тым ліку для тых, хто па нейкіх прычынах не хоча альбо не ў сілах заўважаць таго, што адбываецца побач з імі. Спрабую звязаць дзве паралельныя рэальнасці.
Дарэчы, у мяне быў эксперымент: калі забілі Зэльцара, я з гуманістычных перакананняў паспрабавала намаляваць і кэдэбэшніка, які таксама загінуў. Але ў мяне яго партрэт не атрымаўся. Не ўбачыла я ў ім унутранай прыгажосці, нейкага святла — у адрозненне ад усіх тых, каго малявала раней.
— Колькі партрэтаў палітвязняў вы ўжо стварылі на сёння?
— Якраз да выставы ў Брно я з дапамогай сяброўкі буду рабіць новы падлік. Пры апошнім назбіралася больш за 700 партрэтаў. Яны захоўваюцца ў файліках і займаюць у мяне дома дзве з паловай валізкі. Зразумела, што ўсе партрэты ў Брно выстаўляцца не будуць, для гэтага патрэбна вельмі вялікая прастора.
Калі я малявала першых палітвязняў, то думала, што гэта хутка скончыцца. Але колькасць партрэтаў пачала расці з геаметрычнай прагрэсіяй.
— А з каго пачыўся праект «Беларускі мартыралог»?
— Першым я намалявала Рамана Бандарэнку. Мы не былі знаёмыя, але ж я шмат разоў была на «Плошчы Перамен», бачыла як ён вучыў дзяцей маляваць. Я ж недалёка жыву... прабачце, жыла. Гэта быў рэнесанс краіны, калі мы раптам заўважылі, з якімі прыгожымі і цудоўнымі людзьмі жывем побач.
Людзі выйшлі ў двары, і там узнікла магія. Выносіліся сталы, кубачкі, алоўкі, шахматы. Гралі канцэрты, ладзілі паэтычныя чытанні, вучылі дзяцей. Хацелася ўсюды паспець, мы з гэтых двароў не вылазілі. У гэтым горадзе захацелася жыць, нешта рабіць і ствараць разам.
— Вы ведаеце кагосьці з палітвязняў асабіста?
— Шмат каго, некаторых нават блізка. У такіх выпадках цяжка маляваць. Былі выпадкі, калі партрэты не траплялі ў «Беларускі мартыралог», бо былі адразу ці падараваны, ці перасланы сваякам палітвязняў ці нават самім палітвязням.
Узгадваю, як мы прыйшлі сустракаць на Акрэсціна Вольгу Хіжанкову, каб падбадзёрыць яе. А аказалася, што ёй далі чарговыя суткі і працягнулі катаваць. Муж Вольгі быў расчараваны і разгублены, што не сустрэў сваю каханую і прыгажуню. Не ведаю, ці змог хоць крышачку суцешыць яго ейны партрэт.
Фота: TUT.BY
На выставе ў Еўрапарламенце ў Страсбургу Леанід Судаленка, паколькі ён чалавек вельмі натуральны, шчыры і добразычлівы, не хаваў сваіх пачуццяў: маўляў, некаторыя партрэты не падпісаны, мо вы не ведаеце іх імёнаў, хадзем, я распавяду вам пра ўсіх, я там усю «хату» сваю знайшоў.
Калі Анатоль Лябедзька ўзяў партрэт сына ў рукі, то зашчаміла маё сэрца, бо нават не ўяўляю, калі б мае дзеці апынуліся там, дзе брала бы моцы на жыццё.
Я працягваю ліставацца з роднымі і блізкімі некаторых палітвязняў — але баюся называць прозвішчы, каб гэта не нашкодзіла. Мне ўдалося перадаць сябру паэтычны зборнік, дзе паміж радкоў я ледзь заўважна напісала алоўкам некалькі кароткіх пасланняў. Напрыклад, «табе шмат хто піша» — да яго лісты амаль не даходзілі.
— Ці сутыкаліся пасля з кім-небудзь з палітвязняў, якія выйшлі на волю?
— Так, некалькі месяцаў таму ў мяне была выстава ў Вільні, на якую прыйшлі Ася Булыбенка, Алег Груздзіловіч, Анатоль Хіневіч... Сустрэчы атрымаліся вельмі цёплымі і кранальнымі. Некаторыя і не ведалі, што я намалявала іх партрэты. Як не ведаў Раберта Касануэва, кубінец, якога дэпартавалі з Беларусі, разлучыўшы з сям’ёй.
Ася Булыбенка
— Ксіша, а чым вы займаліся да 2020 года, да таго, як узяліся за серыю «Беларускі мартыралог»?
— Я скончыла тэатральны факультэт Акадэміі мастацтваў. Нейкі час працавала ў тэатры ў Маладзечне, але ўвогуле было шмат розных месцаў працы. І я заўсёды малявала. У 2000-х тры гады навучалася ў іканапісная студыі. Але калі ўсе вакол пісалі маскоўскую ікону, то мы з матуляй, Аленай Юр’еўнай Пятросавай, рабілі беларускую. Мы працавалі па замовах і ўнутры Беларусі, і за яе межамі (Украіна, Грузія, Францыя, Германія, Польшча, Расія).
Аднойчы мы прыехалі ў Сынкавічы, а там на рэстаўрацыі аднаго з самых старажытных помнікаў беларускай архітэктуры якраз працаваў Алесь Пушкін. Памятаю, як ён з гумарам і без злосці скардзіўся: паглядзі, бабулькі мясцовыя, каб прыгажэй было, замалявалі аўтэнтычныя роспісы нябесным колерам — блакітнай алейнай фарбай — а яе ж вельмі цяжка зняць!
Гэта балюча, але як звычайна адбываецца? Далі святару прыход, ён прыходзіць і вырашае: ну і што, што XVI стагоддзе, усё трэба рамантаваць, нанава фарбаваць...
Я знайшла сябе ў іканапісе і лічыла, што так мірна і ціха пражыву сваё жыццё. Але здарыўся 2020 год.
— Як вашыя дзеці адчуваюць сябе ў Польшчы?
— Нармалёва. Сыну 24, ён па-ранейшаму студэнт, бо ў Беларусі быў адлічаны. Дачцэ 18, яна філосафка, як Вольга Шпарага, і рыхтуецца стаць студэнткай. А студэнцтва ў Польшчы — шчаслівае, вучыцца тут цікава і вольна. Усё, што я магла даць сваім дзецям, я ўжо дала, яны далей самі крочаць па жыцці.
— Чым акрамя творчасці вы зараз займаецеся ў Варшаве?
— Ад пачатку вайны, будучы не ў стане заставацца ў баку ад падзей, я адгукнулася на ўнутраны покліч і пераўтварылася ў валанцёра. Было горача. На вакзал у Варшаве прыбывала тады ад 20 да 70 тысяч чалавек. Так было некалькі дзён запар, трэба было размеркаваць іх и даць нейкі дах над галавою.
Памятаю бабулю, якая не памятала ані імя свайго, ані родных. Ці быў дзядуля з Гастомеля, які мяне ўсё прасіў: Ксіш, давай патэлефануем туды. Памятаю, як хлопчык маленькі браў Барбі і трымаў яе пад халоднай вадой — потым высветлілася, што яны пасля пажару.
Ад пачатку вайны актыўна валанцёрыла паўтары гады. Затым настолькі стамілася, што дала сабе ў сярэдзіне мігулага года падыхаць летам, уладкаваўшыся на працу гідам у паркава-палацавы комплекс «Лазенкі Крулеўскія». У нас там арганізаваўся беларускі гурток з чатырох чалавек.
Затым вяла мастацкі гурток для беларускіх і ўкраінскіх дзяцей. Ад UNICEF працавала і з ромскімі дзецьмі, якія нягледзячы на ўцёкі з-за вайны сутыкаліся з дыскрымінацыяй. Ім казалі: якія вы ўцекачы, вы і так бадзяецеся з месца на месца, гэта ваш лад жыцця. Гэта зараз ромскія сем’і паехалі далей на Захад, а тады ў Польшчы сама бачыла, як дзеці вымушаныя былі спаць на падлозе.
Апошні мой праект быў прысвечаны стварэнню мазаік — для ўкраінскіх дзяцей. Уявіце, наколькі яны занядбаныя, прадастаўленыя самі сабе: калі ёсць матуля, то яна ад раніцы да позняга вечара занятая тым, каб зарабіць грошы. І вось мы пачалі збіраць кавалачкі шкла і цэглы, і ў нас пачало атрымлівацца зрабіць з гэтага прыгажосць.
Але, на жаль, зараз гэты праект сканчаецца, больш няма фінансавання. І я зноў буду ў пошуку працы. Паколькі ў Польшчы амаль усюды патрэбны дыплом аб педагагічнай адукацыі, таму цяпер буду занятая яго атрыманнем. Адчуваю, што магу шмат што перадаць дзецям.
У мяне ёсць зварот да творцаў у Беларусі. Нядаўна, 23-24 лютага, мае сябры-музыкі рабілі ў Расіі канцэрт. І, канешне, гэта цяжка апраўдаць. Бо гэтая дата сёння не можа ні з чым асацыявацца, акрамя нападу Расіі на Украіну. Мне балюча казаць, што гэта ўжо мае былыя сябры.
Я разумею, што творчым людзям цяжка быць пад забаронай. Таму хачу звярнуцца да тых, хто зараз у татальным андэграўндзе ў Беларусі (а там ёсць выбітныя творцы): каб яны моцна не перажывалі, што іх зараз не чутна і не бачна. Але, прабачце за пафас, іх творчасць будзе добра бачна ўсім наступным пакаленням — у адрозненне ад творчасці тых, хто зараз ідзе па шляху канфармізму.
Фота, акрамя пазначаных, з архіва Ксішы Анёлавай
Антон Навумчык, budzma.org
Чытайце яшчэ: Мастачка Ксіша Анёлава: Не разглядаю «Беларускі мартыралог» як мастацкі праект, галоўнае – імя, яно пералічанае, названае, а што названае – тое існуе