Ксіша Анёлава: «Калі заўтра ўсё скончыцца і палітзняволеныя выйдуць, я ўсё роўна намалюю ўсіх, хто там быў»

Ксіша Анёлава — беларуская мастачка, іканапісец і ўнучка рэпрэсаванага першага рэктара БНТУ Ніканора Ярашэвіча. У 2020 годзе жанчына пачала маляваць партрэты палітычных зняволеных — спачатку пад псеўданімам свайго рэпрэсаванага дзеда, а пасля і ад уласнага імя. Зараз у арсенале мастачкі каля 600 партрэтаў. Нядаўна яны выстаўляліся ў Еўрапарламенце, пасля чаго зноўку адправіліся ў падарожжа па гарадах.


— Зараз я жыву ў Польшчы і пішу не толькі ікону, а яшчэ партрэты палітычных зняволеных, — кажа «Салідарнасці» мастачка.— Ведаеце, баюся казаць пра храм, дзе ёсць мае працы, бо пасля аднаго майго інтэрв’ю прыйшлі і знялі іконы. Такі пераслед, бо яны распазнаюць жыццё ва ўсім, нават калі гэта ікона ў храме. Тое, што я малюю палітзняволеных — гэта абет Богу: буду маляваць іх, пакуль яны ўсе не выйдуць. І гэта не прадыктавана доўгам — гэта працяг маёй думкі, што з гвалтам інакш немагчыма. Таму я не спыняюся.


Vystava Ksišy Aniolavaj «Bielaruski martyraloh»
Выстава Ксішы Анёлавай «Беларускі мартыралог» у Еўрапейскім парламенце ў Страсбургу. Фота з тэлеграм-каналу «Парламентский канал»

Мастачка распавяла «Салідарнасці», чаму з’ехала з Беларусі пасля смерці Рамана Бандарэнкі, ці складана эмацыянальна маляваць палітзняволеных ва ўмовах, калі іх колькасць увесь час павялічваецца, і які адбітак на яе наклала сямейная гісторыя, звязаная з рэпрэсіямі.

 Забойства Рамана Бандарэнкі — гэта быў такі гэст пашырэння рэпрэсій з боку ўлады, які сведчыў аб тым, што яны не спыняцца, а будзе яшчэ горш. Так, забойствы былі і ў жніўні 2020 года, але мне спатрэбіўся яшчэ час на рэфлексію, і забойства Рамана было апошняй кропляй. Для мяне гэта быў пераломны момант.

Я зразумела, што больш не змагу захоўвацца моўчкі на гэтую падзею і маё хрысціянства просіць выказвання. У маёй царкве вучылі не маўчаць, калі кагосьці забіваюць, і адказваць на зло. Не злом, а сваім унутраным пратэстам, які ў мяне ёсць.

На жаль, гэта ўсё працягваецца, у тым ліку забойствы. Вось нядаўна памёр Алесь Пушкін...У маім спісе 24 чалавекі, якія былі забітыя рэжымам пасіўна ці актыўна.

З 2020 года мастачка намалявала каля 600 партрэтаў палітычных зняволеных. Яна прызнаецца, што намагаецца маляваць кожны дзень, а калі не выходзіць — непакоіцца.

—У мяне вельмі хуткая рука. Але я малюю непрадказальна. На некаторыя партрэты патрэбна больш часу, напрыклад, калі гэта маладая, прыгожая дзяўчына — яна старалася, рабіла макіяж, і мне хочацца гэта захаваць.

Partret palitzniavolienaj Jany Žuraŭliovaj, namaliavany Ksišaj Aniolavaj
Партрэт палітзняволенай Яны Жураўлёвай, намаляваны Ксішай Анёлавай. Фота з асабістай старонкі гераіні

Адзін дзень я магу прапусціць і нікога не намаляваць, але тады я хаджу і вельмі непакоюся. А можа быць так, што за адзін дзень намалюю адразу два-тры партрэты. І гэта не натхненне, не высілак. Проста мой розум ужо так працуе, што я не магу гэтага не рабіць.

Я не шукаю натхнення, да сваёй працы падыходжу з пустаты, са свайго асабістага чалавечага болю. Я шмат камунікую са сваякамі палітзняволеных, асабліва з бацькамі. Яны шмат чаго распавядаюць, у тым ліку нейкія рысы характару зняволенага, і гэта мне дапамагае ў працы.

Я не паслядоўны чалавек у тым матэрыяле, з якім працую, таму некаторыя партрэты паплылі, і іх трэба перарабляць. Калі вакол нічога няма, пойдзе і зямля, і кавалачак цэглы альбо вугалю. Таму я не спынюся, калі ў мяне няма таго самага маркеру той самай фірмы.

Вось на днях мне падзякаваў эстонец за вельмі нестандартны падыход, каб казаць аб балючым. Справа ў тым, што ўсе партрэты, якія я малюю — на яскравых шпалерах, яны нясуць свет, усміхаюцца. І гэта здзіўляе, калі людзі даведваюцца, што ўсе намаляваныя зараз знаходзяцца ў зняволенні. Так, гэта пакутнікі, але на партрэтах няма рысаў пакуты, і гэта наўмысна.

Я ведаю, што яны там пакутуюць. Гэта вельмі жорсткі закон, які гаворыць: пайдзі ў турму за сваю свабоду, аддай лепшыя гады свайго жыцця альбо жыццё.

— Вы малюеце палітычных зняволеных ужо больш за тры гады. І колькасць палітвязняў увесь гэты час павялічваецца. Цяжка гэта ўсведамляць?

— Канешне, ёсць расчараванне: усе гэта не працуе. Мне падавалася, што будзе як у казцы Андэрсена. Як тая Ліза, што шыла кашулі братам, каб яны ператвараліся з лебедзяў у людзей. Вось і ў мяне было такое пачуццё, кшталту Лізінага апекавання сваімі братамі. Што я намалюю іх, і ўсе гэтыя чары развеюцца.

Але ж калі заўтра ўсё скончыцца і ўсе палітзняволеныя выйдуць, я ўсё роўна намалюю ўсіх, хто там быў. Я лічу, што гэта праект майго жыцця. Трэба аб гэтым сведчыць, і я сведчу такой мовай, бо я мастак.

Спадзяюся, што кранаю сэрцы з іншага ракурсу, каб ніхто не быў пасіўным, не адварочваўся ад гэтага, не рабіў выгляд, што яму ўсё роўна. Таму ўсе палітвязні будуць намаляваныя.

Vystava Ksišy Aniolavaj «Bielaruski martyraloh»
Выстава Ксішы Анёлавай «Беларускі мартыралог» у Еўрапейскім парламенце ў Страсбургу. Фота з тэлеграм-каналу «Парламентский канал»

Ведаеце, у мяне ўжо ёсць і па два-тры партрэты аднаго зняволенага. Першы — з фотаздымка ў вольным жыцці. Другі — з залі суда, калі была магчымасць і чалавека там сфатаграфавалі. І трэці — пасля вызвалення. Я не магу гэтага не перадаць, бо пасля зняволення гэта ўжо зусім іншыя людзі.

— Хто са зняволеных ужо бачыў свой партрэт?

— З апошніх —праваабаронца Леанід Судаленка. Ён таксама знайшоў усіх палітзняволеных са сваёй камеры. Анатоль Лябедзька бачыў партрэт свайго сына, які зараз за кратамі. Гэта было вельмі кранальна, але ж і трошкі яго падмацавала. Я не магу не заўважаць надзею бацькоў вязняў, таму мы ўсе намагаемся іх вызвалення — хто чым, хто як умее. Але галоўнае для нас — не спыняцца.

— Партрэты, намаляваныя вамі, цяпер выстаўляліся ў Еўрапарламенце. Як там адрэагавалі на выставу?

Vystava Ksišy Aniolavaj «Bielaruski martyraloh»
Выстава Ксішы Анёлавай «Беларускі мартыралог» у Еўрапейскім парламенце ў Страсбургу. Фота з тэлеграм-каналу «Парламентский канал»

— Я пабачыла, што ў Еўрапарламенце былі ўражаныя. Выстава адбылася, ёй было прысвечана шмат увагі, якой палітвязні, безумоўна, заслугоўваюць. У мяне проста няма іншага выйсця, акрамя таго, каб і далей маляваць.

Я пераканана, што ўсё ў нас, беларусаў, адбудзецца. Наступная кропка, дзе будуць выстаўляцца партрэты — мэрыя ў Вільнюсе, а потым і іншыя гарады. Людзі прыходзяць, глядзяць, даведваюцца, мы распавядаем, што зараз адбываецца ў Беларусі. І такім чынам намагаемся, каб усё, аб чым мы молімся, здзейснілася.

— Ваш дзядуля — першы рэктар БНТУ, быў рэпрэсаваны і забіты ў мінулым стагоддзі. Гэты факт з гісторыі вашай сям’і неяк паўплываў на вас?

— Канешне, гэта было ў сям’і трыгерам. Мы пра гэта размаўлялі, але з каментарамі «ціха» і «нідзе больш гэтага не кажам, бо для ўсіх небяспечна». Гэта мяне палохала. Я была яшчэ дзіцём, не ўсё разумела, але здагадвалася.

Калі ў сям’і ёсць нейкая таямніца, ты намагаешся яе раскрыць. Потым, калі я даведалася, што быў расстраляны не толькі мой дзед, а яшчэ і яго брат, бацька, я спытала: «І што, мы нічога з гэтым не зробім?». У мяне, як у падлетка, быў бунт: што, так і будзем моўчкі, а чаму? Вось адтуль і пайшло маё бунтарства, але ж я па-рознаму яго адчувала, былі ў гэтага і менш сацыяльныя ўплывы.

Таму, напэўна, калі ў 2020 годзе стала зразумела, што мы неяк абудзіліся і больш не заснем, я падумала: зноў моўчкі быць? Не, гэта не сумяшчальна ніяк. Таму я там, дзе я ёсць.

Я лічу, што зараз нам трэба дзейнічаць, а не пакутваць ад таго, што раней не рабілі. Мы робім зараз. Нашы нашчадкі бачаць гэта, гадуюцца ў гэтым, і гэта не будзе бясследна. Гады маўчання сышлі — зараз інакш.