• budzma.org
  • Пра нас
  • Крама
Будзьма беларусамі! Будзьма беларусамі!
telegram Tiktok www.instagram.com/budzma/ Facebook.com vk.com twitter.com youtube.com
  • Актуаліі
  • Меркаванні
  • Гісторыя
  • Літаратура
  • Музыка
  • Гатуем з «Будзьма!»
  • Гісторыя за 5 хвілін
  • Трызуб і Пагоня
  • Разумняты
  • Вандруем разам
  • Афіша
27.12.2018 | Навіны "Будзьма!"

Ксенія Шталенкова прэзентавала манаграфію па дызайне грошай

У межах кампаніі “Будзьма беларусамі!” адбылася прэзентацыя манаграфіі Ксеніі Шталенковай па дызайне папяровых грошай.

18 снежня ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча прайшла адкрытая дыскусія “Грошы як культурны артэфакт: месца дызайну ў гісторыі”, падчас якой была прэзентавана манаграфія Ксеніі Шталенковай “Грошы і ідэалогія: эвалюцыя беларускасці цягам 100 гадоў”. Імпрэза сабрала гісторыкаў, нумізматаў, дызайнераў, мастакоў, банкаўскіх працаўнікоў і іншых гасцей, зацікаўленых у прадмеце даследавання.

Манаграфія Ксеніі Шталенковай “Грошы і ідэалогія: эвалюцыя беларускасці цягам 100 гадоў” выдадзена ў 2018 годзе ў новай кніжнай серыі Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта “Opus Primum: Працы маладых даследчыкаў ЕГУ”. Манаграфія прадстаўляе даследаванне візуальнага дызайну папяровых грошай, якія цыркулявалі на беларускіх тэрыторыях у 1917-2016 гг. Мэтай даследавання з’яўляецца спроба канцэптуалізаваць з дапамогай аналізу нацыянальных наратываў, выкарыстаных у дызайне банкнот, камунікатыўны патэнцыял грошай адлюстраваць ідэю беларускасці за апошнія 100 гадоў. Сярод асноўных пытанняў, якія разглядае аўтарка, можна адзначыць наступныя: хто вызначае нацыянальныя наратывы, адлюстраванныя ў дызайне папяровых грошай? Як розныя выпускі грошай рэпрэзентуюць Беларусь? Якія нацыянальныя наратывы аказваюцца больш эфектыўнымі ў дызайне папяровых грошай? У кнізе прадстаўлены параўнальны аналіз беларускіх рублёў з грашыма Літвы, Украіны, Польшчы і Расіі. Манаграфія заснаваная на магістарскім даследаванні, абароненым у 2017 годзе, таксама ў кнігу ўвайшлі тэзісы, якія аўтарка распрацоўвае ў межах свайго навучання ў дактарантуры ЕГУ. Рэдактарка кнігі – навуковы кіраўнік Ксеніі Шталенковай у магістратуры і дактарантуры, прафесарка Акадэмічнага дэпартамента сацыяльных навук ЕГУ Альміра Рыфаўна Усманава.

 

Адкрытая дыскусія “Грошы як культурны артэфакт: месца дызайну ў гісторыі”, падчас якой у Мінску ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча была прадстаўлена кніга, прайшла ў надзвычай інтэнсіўным і адначасова пазітыўным фармаце. Пачынаючы гутарку, аўтарка адзначыла, што ставіла сабе задачу знайсці своеасаблівую даследчыцкую дыстанцыю ў дачыненні да грошай як прадмета даследавання, каб не памнажаць тыя меркаванні аб дызайне беларускіх рублёў, якія паспелі атрымаць замацаванне як “традыцыйныя”, а наадварот – пабачыць знаёмыя грошы новымі вачыма. Менавіта з гэтай прычыны для Ксеніі было важным параўнаць сучасныя беларускія рублі з тымі грашыма, якімі карысталіся на беларускіх тэрыторыях з 1917 года па сённяшні дзень. Такі зыходны пункт у храналогіі даследавання, па меркаванні аўтаркі, мае значэнне з тае прычыны, што менавіта 5 снежня 1917 года на І Усебеларускім З’ездзе было ўпершыню пастаўлена пытанне аб узнікненні самастойнай беларускай дзяржавы. У гэты ж час беларускія тэрыторыі былі наводненыя самымі рознымі грашыма, якія па-рознаму адлюстроўвалі ідэю беларускасці.

Запрошаны эксперт Уладзімір Уладзіміравіч Голубеў – дацэнт-laudatio праграмы “Візуальны дызайн і медыя” Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта, сябар Беларускага саюза дызайнераў і Беларускага саюза мастакоў – звярнуў увагу гасцей імпрэзы на праблематыку гістарычнага вымярэння ў даследаванні дызайну грошай і прапанаваў разгледзець ранейшыя часы, а менавіта – пералом XVIII і XIX стагоддзяў, калі “паспаліты” народ, што жыў на беларускіх тэрыторыях, страціў сваю моц і ператварыўся ў каланізаваных “тутэйшых”, за ўплыў над якімі змагалася некалькі іншых дзяржаў. Адсюль узнікае праблема ідэалагізацыі нацыянальнага наратыву і адсунутай суб’ектнасці, якая фармуе траўматычны эфект і ў сучасным дызайн-праектаванні, вынікам чаго стаўся архаічны выгляд розных выпускаў беларускіх рублёў як нацыянальнай валюты незалежнай Беларусі. Па меркаванні эксперта, у сучасным дызайне трэба адыходзіць ад шаблону “рамачкі-ў-рамачцы”, а знаходзіць больш эфектыўныя і актуальныя мастацкія сродкі, якія здолеюць вылучыць беларускія грошы з шэрагу іншых на міжнародным узроўні. У дызайне новых беларускіх рублёў узору 2009 года з’яўляюцца новыя кампазіцыйныя сродкі, але ж дызайн увесьчасна рухаецца наперад. Адным з такіх шляхоў уключыць беларускія грошы ў постмадэрнісцкі дыскурс, на думку Уладзіміра Голубева, магло б быць выкарыстанне ў візуальным дызайне грошай фрагментаў прац беларускіх мастакоў-авангардыстаў.

Госці імпрэзы ўзнялі пытанне аб балансаванні паміж традыцыяй і інавацыяй у дызайне грошай. У якасці найбольш удалых прыкладаў сучасных нацыянальных валют былі ўзгаданыя даляры ЗША і фунты стэрлінгаў Велікабрытаніі. Разам з тым, было адзначана, што гэтыя грошы з’яўляюцца міфалагізаванымі аб’ектамі, якія выкарыстоўваюць насычаныя знакавыя сістэмы. У сваю чаргу абстрактнае мастацтва, напрыклад “Чорны круг” Малевіча, як заўважыў Уладзімір Голубеў, не проста пазбаўлены, а цалкам адмаўляе ідэалагічнасць і мог бы стацца новым крокам у візуальных рэпрэзентацыях грошай. Аднак тут паўстае пытанне, што будуць утвараць сабой грошы ў будучыні і да якіх ідэй яны будуць адсылаць?

Ксенія Шталенкова прапанавала звярнуцца да тэмы віртуалізацыі грошай, у абставінах чаго вельмі складана ўхапіць значэнне матэрыяльных грошай і спрагназаваць задачы дызайну, якія будуць актуальнымі для новых форм грошай. Вяртаючыся да тэмы дызайну беларускіх грошай, аўтарка таксама выказала меркаванне аб тым, што нягледзячы на тое, што з эканамічнага пункту гледжання варта зычыць цяперашняму дызайну беларускіх рублёў паспяховага і доўгага існавання, трэба падумаць аб альтэрнатывах у рэпрэзентацыях новых сюжэтаў. Традыцыйна пасля “зайчыкаў” беларускія грошы выяўляюць архітэктурныя аб’екты, гэтыя дызайн-вырашэнні не выходзяць за геаграфічныя межы сучаснай Беларусі, што сведчыць аб неабходнасці звязаць “пачуццё” сваёй ідэнтычнасці з матэрыяльным аб’ектам, надзяліць прастору сакральным значэннем.

 

 

З іншага боку, нягледзячы на тое, што беларускія рублі крытыкаваліся за адсутнасць партрэтаў, абмежаванне колькасцю наміналаў у банкнотным шэрагу і неабходнасць “ранжыравання” па наміналах робіць гэты сродак канструявання нацыянальнага наратыву дыскутыўным, бо нехта заўжды застанецца па-за колам “абраных” асоб. Гэтая праблема найбольш яскрава дэманструецца праектам “Новые деньги” Леаніда Парфёнава, Марата Гельмана і Алены Кітаевай, дзе была абрана не палітызываная агульная тэма культурных напрамкаў, аднак выбар асобаў не дазволіў уключыць у наратыў, прадстаўлены пераважна мужчынамі і “класічна” рускімі дзеячамі, усё культурнае багацце Расіі. Разам з тым цікавымі з’яўляюцца прыклады новых выпускаў нацыянальных грошай Швецыі, Нарвегіі і Швейцарыі, дзе былі знойдзены сродкі актуалізацыі нацыянальнага наратыву праз больш абстрактную ідэю, чым “кола асобаў”, якое тым не менш прасоўвае кожную з дзяржаў на міжнародным узроўні. Так, для Швецыі гэта культура ХХ стагоддзя, якая рэпрэзентуе сучаснікаў як прадстаўнікоў розных зямель краіны, для Нарвегіі – мора, якое рухае краіну наперад, для Швейцарыі – шматгранныя навуковыя і тэхналагічныя дасягненні, вядомыя ва ўсім свеце.

Магчыма, для Беларусі таксама магла б быць знойдзеная такая “асаблівая” ідэя, якая б знайшла ўвасабленне і ў новым дызайне. У якасці альтэрнатывы ідэі рэпрэзентаваць мастацкую спадчыну, на думку Ксеніі Шталенковай, можна было б разгледзець і прыродную тэматыку, якая амаль не выкарыстоўвалася ў дызайне беларускіх грошай. Аднак прырода з’яўляецца вялікім рэсурсам і мастацкім сродкам, праз які можна паказаць пераемнасць гістарычных эпох, рэпрэзентацыі ў мастацтве і літаратуры, а таксама і міжкультурнае значэнне Беларусі.

Уладзімір Голубеў таксама адзначыў, што акрамя пошукаў актуальных сродкаў важна ствараць прастору для дыскутавання, у гэтым сэнсе выданне манаграфіі Ксеніі Шталенковай сталася добрай нагодай, каб сабраць прадстаўнікоў розных бакоў праектавання канцэпцыі нацыянальных грошай. Госці імпрэзы адзначылі інстытуцыянальныя складанасці ў працэсе праектавання грошай, а таксама пагадзіліся ў тым, што для конкурсаў новых дызайнаў беларускіх грошай можна шукаць магчымасці больш адкрытага фармату па прыкладзе іншых дзяржаў, як напрыклад у Нарвегіі, дзе ў апошнім конкурсе перамаглі адразу два праекты, што былі выкарыстаны ў дызайне новага выпуску нарвежскіх крон.

Таксама былі згаданы і памятныя манеты Нацыянальнага банку Рэспублікі Беларусь, якія стала атрымліваюць перамогі ў міжнародных конкурсах і адзначаюцца за адзінства мастацка-канцэптуальнага ўвасаблення. Напрыканцы імпрэзы ўдзельнікі дыскусіі выказалі спадзяванне, каб у хуткім часе гэта стала справядлівым і для будучых дызайнаў паўсядзённых грошай, якія асабліва цікавыя з даследчыцкага пункту гледжання праз тое, што мы карыстаемся імі кожны дзень, але амаль не глядзім на іх.

У якасці завяршэння сустрэчы аўтарка прапанавала гасцям імпрэзы паспаборнічаць у гістарычнай апытанцы, звязанай з беларускімі грашыма. Былі згаданы і ўсе героі серыі беларускіх рублёў са звярамі, і імёны аўтараў, вокладкі чыіх твораў выкарыстаны ў дызайне банкноты ў 500 беларускіх рублёў узору 2009 года, а таксама нацыянальныя валюты якіх краін выкарыстоўваліся на беларускіх тэрыторыях з 1917 па 1924 гады і шмат іншых цікавостак. Правільныя адказы ўзнагароджваліся сувенірамі ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”, аднак аўдыторыя была настолькі адукаванай, што прысуд прызоў стаўся надта складанай і адказнай задачай.

Пасля гэтага аўтарка падзякавала гасцям за плённую і натхняльную дыскусію, а таксама падарыла папяровы асобнік сваёй манаграфіі Літаратурнаму музею Максіма Багдановіча ў знак удзячнасці за гасціннасць.

Электронная версія кнігі Ксеніі Шталенковай “Грошы і ідэалогія: эвалюцыя беларускасці цягам 100 гадоў” знаходзіцца ў свабодным доступе на веб-сайце Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта па спасылцы.

Манаграфія будзе цікавай як спецыялістам у галіне дызайну, гісторыі і візуальных даследаванняў, так і шырокай аўдыторыі.

Імпрэза ажыццёўлена пры падтрымцы грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!” і грамадскага аб’яднання “Саюз беларускіх пісьменнікаў”.

Апошняе ў рубрыцы:

valiancina_shauchenka
Грамадства Асоба

Мастаку Вячку Целешу — 85. «Каб я асыміляваўся і стаў латышом, то мой шлях у прафэсійнае мастацтва, магчыма, прайшоў бы трошкі лягчэй»

Беларускі мастак, пэдагог, філякартыст, краязнавец і грамадзкі дзеяч нарадзіўся ў мястэчку Краснасельскі Ваўкавыскага...

valiancina_shauchenka
Культура

Паглядзіце, якія файныя паштоўкі са Скарынам выйшлі ў беларускім выдавецтве

Серыю паштовак «Еўрапейскія пуцявіны Францішка Скарыны» намаляваў мастак Міхаіл Дайлідаў. Каляровую падборку надрукавалі...

valiancina_shauchenka
Адукацыя

«Жуйка» на партрэце Лукашэнкі і ангельская мова для... допыту палонных

Савецкія падручнікі. Больш дысцыпліны. Ідэалогія. Выхаванне працай. Ангельская мова — не трэба. «Школа — гэта храм»....

valiancina_shauchenka
Грамадства Адукацыя «Мама, не журыся!»

Выпрабаваньне «разьмеркаваньнем». Лявон Вольскі пра змены ў беларускай сістэме адукацыі

«У Эўропе толькі адна такая краіна з разьмеркаваньнем. РБ. І вось як увялі, дакладней, вярнулі гэтую савецкую...

Апошнія навіны

    Грамадства Асоба
    Мастаку Вячку Целешу — 85. «Каб я асыміляваўся і стаў латышом, то мой шлях у прафэсійнае мастацтва, магчыма, прайшоў бы трошкі лягчэй»
    Культура
    Паглядзіце, якія файныя паштоўкі са Скарынам выйшлі ў беларускім выдавецтве
    Адукацыя
    «Жуйка» на партрэце Лукашэнкі і ангельская мова для... допыту палонных
    Грамадства Адукацыя «Мама, не журыся!»
    Выпрабаваньне «разьмеркаваньнем». Лявон Вольскі пра змены ў беларускай сістэме адукацыі
    Грамадства
    Святлана Курс: Беларусамі быць цяжка. Але ж цікава і шыкарна
    Грамадства
    «Я зазіраю сабе ўсярэдзіну, і здаецца, што мае ідэалы не зьмяніліся, ня страцілі каштоўнасьць». Сёння 61 год Алеся Бяляцкаму
    Гісторыя
    Як Агінскі спрабаваў адрадзіць Вялікае Княства Літоўскае?
    Музыка
    Музычная знаходка: спецыялісты з Мінска аднавілі страчаны твор беларускага кампазітара ХІХ стагоддзя
    Культура Беларуская мова
    Анімэ, манга і фанфікі ў беларускай культурнай прасторы. Дзе шукаць?
    Літаратура
    Юля Цімафеева: «Я вельмі ганаруся, што нясу нашую беларушчыну, нашую мову да амерыканскай публікі»
    Культура Літаратура
    30 верасня распачынаецца фестываль PRADMOVA. На яго прыедуць беларускія пісьменнікі і інтэлектуалы з усяго свету
    Грамадства Беларусы свету
    Ва Уроцлаве ў кастрычніку пройдзе ХI Фестываль Незалежнай Беларускай Культуры
    Грамадства
    Вампіры, прывіды, шкілеты і крывавыя дрэвы: расказваем пра містычныя месцы ў Беларусі
    Гісторыя
    Сувораў напаў, парушыўшы рыцарскія традыцыі. Трагедыя бітвы пад Сталовічамі
    Грамадства Літаратура
    Навінка: выдавецтва Gutenberg Publisher выпусціла раман «Круглая Square» Вала Клемэнта

Афіша

  • 27.09 — 08.10Восеньскі салон у Мінску
  • 27.09 — 19.11Фотавыстава Андрэя Логінава «CHAROMUSHKI ODYSSEY 1930-2023» у Познані
  • 27.09Паказ фільма «Ператрымка» ў Берліне!
  • 27.09Беларускамоўны квіз у Беластоку
  • 28.09Зміцер Вайцюшкевіч у Варшаве
  • 28.09Вольга Гапеева і Дзмітрый Строцаў у Патсдаме
  • 30.09 — 01.10Фестываль інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA ў Батумі

УСЕ ПАДЗЕI

Рассылка навінаў

Важнае пра нас

  • Што такое "Будзьма беларусамі!"
  • Рэкламадаўцам
  • Асобы кампаніі
  • Усе праекты "Будзьма!"
  • Рэдакцыйная пошта: [email protected]

Папулярнае

    • «Мне заўсёды быў чужы такі тупы беларускі нацыяналізм». Вялікая размова з Альгердам Бахарэвічам
    • Двое сяброў 10 гадоў падарожнічалі па краіне і выдалі кнігу пра неверагодна прыгожую Беларусь
    • Што паслухаць у апошнія цёплыя дні восені: эксперыментальная электроніка, міфалагічны рэп і змрочны эмбіент
    • Сёння Багач. Распавядаем, як адзначалі традыцыйна і як можна адсвяткаваць у сучасных умовах
    • Названы лепшыя навуковыя публікацыі 2022 года
© Грамадская культурніцкая кампанія «Будьма беларусамі!», 2008-2019.
Логотип