– Мне з самага дзяцінства казалі, што я маленькая беларусачка, гэта так і захавалася ў маёй свядомасці аж да сёння. Ад самае калыскі я ведала, як правільна лапатаць па-беларуску, а як – па-руску. Мне было ўсё адно, на якой з моваў гаварыць, бо на абедзвюх мяне цудоўна разумелі: і бацькі, і дзядулі з бабулямі. Гэта выглядала ў маім маленькім свеце цалкам натуральна.
Нешта моцна змянілася, калі я трапіла ў пачатковую школку. Пад касымі позіркамі аднакласнікаў і незразумелымі ўсмешкамі выкладчыкаў у маёй душы ўпершыню забурліла абурэнне. А недзе класе ў шостым прачнуліся гены.. А гены не схаваеш. І я адшукала беларускую музыку, кнігі, цалкам свядома пайшла займацца ткацтвам, аднекуль з’явіўся беларускі асяродак аднагодкаў. Літаральна за год я зразумела, што без Беларусі я ўжо не магу дыхаць і проста не магу жыць.
Каб быць беларусам, недастаткова тут нарадзіцца і жыць, марнуючы ўвесь час перад тэлевізарам, што стаіць на кухні. Быць беларусам – гэта нешта глыбейшае і мацнейшае за выраз “я тут нарадзіўся і тут жыву”. Гэтаксама і неабавязкова, каб быць беларусам, капацца ў гісторыі (ці ўжо гісторыях), каб пасля кідацца фактамі направа ці налева, маўляў, я шмат ведаю пра гэтую краіну. Быць беларусам – гэта такі ўнутраны стан, калі ўсведамляеш, што можаш дыхаць паветрам толькі тут, у Беларусі, калі павага ды памяць продкаў пульсуе ў венах, калі адчуваеш гонар за тое, што ты беларус, і не саромеешся ні мовы, ні традыцыяў, ні звычак гэтае краіны.
А беларусы – цікавы і індывідуальны народ у сваёй масе. Нехта так і сказаў аднойчы: у Беларусі, як нідзе, – што ні чалавек, то Асоба і Зорка з вялікай літары. Цалкам згодная, што быць беларусам – гэта яшчэ і пачуваць сябе Асобай, годна, паважна і свабодна.
Ксеня Дэц