“Культура паляпшае жыццё!” — сцвярджаюць арганізатары Men’s Fest 2013

Да старту 4-га штогадовага Men’s Fest застаўся 1 дзень. Прома-суполка “Зала Чакання” ды святочная кампанія “Хлебнікаў” запрашае ўсіх у суботу, 12 кастрычніка, у клуб “Сфера”, дзе ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!” пройдзе фестываль сучаснай беларускай музыкі «Меn’s Fest 2013». Якім будзе сёлета MF і чым ён адрозніваецца ад папярэдніх? З гэтымі пытаннямі і не толькі мы звярнуліся да рэгіянальнага каардынатара грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі” і галоўнага арганізатара Змітра Назарава.

— Кожны MF меў сваю “фішку” і асаблівасці, — кажа Зміцер. — У гэтым годзе ў нас запланаваны “Дзень адчыненых дзвярэй” у прастору якаснай беларускай музыкі. Я запрасіў на MF цікавыя перспектыўныя гурты, якія, пры наяўнасці ў Беларусі шоу-бізнэсу, мелі бы ўсе шанцы збіраць поўныя залы па ўсёй краіне.
Хочацца, каб людзі знаёміліся з творчасцю такіх калектываў, адкрывалі для сябе новыя імёны. Мы за такую папулярную музыку ў Беларусі, а не за турэмны шансон ды беларускую папсу з “флэшкі” і яе песнямі пра “бульбашоў”.

— Хто, на вашую думку, абавязкова павінен наведаць MF?

— Абавязкова раю ўсім неабыякавым людзям. Усім хто любіць жывы гук, якасную музыку, і актыўны лад жыцця. Усім, хто яшчэ не канчаткова згубіўся ў віртуальным свеце сацыяльных сетак, і тым, хто гатовы ўспрымаць і адкрываць для сябе нешта новае.

— У мінулым годзе, напярэдадні MF-2012, у адным з інтэрв’ю вы заявілі, што спрабуеце зрабіць з MF моладзевы брэнд Брэста. Як вынікі?

— Мерапрыемства не надта буйное, і выхваляцца быццам няма чым, але з кожным годам аўдыторыя фэсту памнажаецца, і гэта пры тым, што няма вялікага бюджэту на арганізацыю. Мне прыемна (і хочацца падзякаваць людзям), што ў час, калі інтэрнэт усё больш замяняе рэальнае жыццё, на MF едуць з усіх куткоў Беларусі, будуць госці з Украіны і Польшчы. Людзі пазнаёмяцца з нашым горадам, які так нязграбна спрабуе прывабліваць турыстаў. Гэта рэальнае дасягненне. А мы, у сваю чаргу, вельмі намагаемся зрабіць якасную імпрэзу, каб кожны атрымаў толькі прыемныя ўражанні. Можна сказаць, што MF ужо вядомы мэтавай аўдыторыі, але пра брэнд горада, мабыць, яшчэ ранавата казаць.

Брэст — горад у нейкім сэнсе ўнікальны. Ён стаіць на скрыжаванні трох краін, трох культур. Але міжнароднае фестывальнае жыццё тут, мякка кажучы, даволі сціплае. У параўнанні з тым жа Львовам, дзе штолета праводзіцца больш за 10 міжнародных фестываляў. Таму «Меn’s Fest» у авангардзе. Для гасцей з Украіны і Польшчы прадугледжаныя значныя зніжкі на квіткі. А грамадзяне Польшчы для наведвання канцэрта могуць атрымаць беларускія візы бясплатна.

— Забягаючы трошкі наперад, хочацца спытаць пра будучыню MF. Якім бы вы хацелі бачыць яго?

— Канечне, хацелася б бачыць яго опэн-эйрам на некалькі дзён з намётавым гарадком, з некалькімі сцэнамі…але, шчыра кажучы, слаба ўяўляю сабе такое ў Беларусі. Ведаеце, я шмат пабачыў буйных фэстаў, але далёка не на кожным ёсць цёплая сяброўская атмасфера. Першы раз я ў гэтым годзе такое адчуў на ўкраінскім фэсце “Захід”. Гэта ўражвала! Дык вось, я буду вельмі шчаслівы, калі ў нас будзе падобны фэст. Карацей, марыць нам пакуль яшчэ не забараняецца, таму мару, а ножкамі хаджу ўсё ж такі па зямлі. Ведаеце, ёсць шмат падводных камянёў на шляху арганізацыі канцэртаў, фэстаў, а тут яшчэ і беларуская накіраванасць…бывае, сам сабе абяцаеш, што ўсё — баста! Хопіць з мяне. А потым астынеш і зноў пачынаеш нешта “прабіваць”. Хочацца верыць, што гэта ўсё не дарма і камусьці гэта сапраўды патрэбна.

— Зноў вярнулі гастрольныя пасведчанні. Як гэта паўплывае на развіццё фестывальнага руху ў Беларусі і на MF?

— Па законе прадугледжаныя пошліны за замежнага артыста, і гэта можа вылівацца ў сур’ёзныя лічбы. Я не разумею, чаму павінен плаціць грошы, напрыклад, за ўкраінскага артыста, калі рызыкую сваімі грашыма, якія ўкладаю ў арганізацыю, плачу падаткі і не атрымліваю ніякай дапамогі ад культурніцкіх ведамстваў. Таму, як на мяне, ад прыняцця гэтага закона больш мінусаў, чым плюсаў. І гэта зусім не паспрыяе развіццю фестывальнага руху ў Беларусі, пра што меней за ўсё думалі, калі прымалі гэты закон.

“Akute”, Паліна Рэспубліка, “Фіялет” (Украіна), “Ilo & friends” (Польшча) ды “PIROUETTE!”. Кожны з гэтых калектываў мае свае адметныя рысы. Іх раздзяляюць кіламетры і міждзяржаўныя кардоны, але аб’ядноўвае адно — любоў да роднай мовы. На фестывалі вакаліст “Фіялета” і Паліна Рэспубліка прэзентуюць сумесную песню.

Падчас фестывалю «Меn’s Fest» у “Сферы” плануецца правесці сапраўдны жэм-сэйшн. Сёння ў сацыяльных сетках наладжана галасаванне. Найлепшых з найлепшых запросяць на сцэну дзеля імправізацый. Хто ведае, можа, такім чынам у горадзе з’явіцца новы музычны калектыў. А пакуль на ўдзел прэтэндуюць барабаншчыкі Аляксей Кузняцоў (Sciana), Мікалай Сямітка (PIROUETTE!), Платон Мядзведзеў (TerraKod), сярод гітарыстаў называюцца імёны Юрыя Карагоды (PIROUETTE!), Вадзіма Падскачука (сесіённік “Дай дарогу”) і Аляксандра Зданевіча (The Lover’s Gun), а сярод басістаў лідзіруюць Алесь Брыштэн (Crusade), Стас Сюзеў (Wolfshade) і Андрэй Пасохін (Yous).

Завітвайце, будзе цёпла, весела і душэўна.

Субота, 12 кастрычніка.

Клуб “Сфера” (вул. Суворава, 108).

Пачатак а 17-й.