Прэм’ера незалежнай тэатральнай групы «Купалаўцы» адбылася 4 снежня на сцэне «Małopolski Ogród Sztuki» (Кракаў, Польшча). Першы паказ спектакля «Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі» паводле Сяргея Пясецкага адбыўся ў рамках фестывалю Boska Komedia.
Па сутнасці, гэта першая прэм’ера спектакля на жывой тэатральнай пляцоўцы з часоў «Тутэйшых» і першы спектакль другога сезона Незалежнай тэатральнай групы «Купалаўцы». Аўтарам беларускага перакладу выступіў Алесь Астраўцоў. Рэжысёр – Мікалай Пінігін, сцэнаграфія і касцюмы – Кацярына Шымановіч. Далучылася да акцёрскага цэха Незалежнай тэатральнай групы і памочніцай рэжысёра з часоў Купалаўскага Алеся Бельская, у якой даўно была акцёрская мара, яе цяпер таксама можна ўбачыць у новым спектаклі.
Не ўсе ахвотныя змогуць паглядзець спектакль падчас прэм'еры ў Кракаве, але 13 студзеня 2022 года, пад стары Новы год, які сярод «Купалаўцаў» заўсёды быў асаблівым днём, будзе прадстаўлена анлайн-прэм'ера спектакля «Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі» на ютуб-канале «Купалаўцы». Не прапусціце!