«Курган» Янкі Купалы пераклалі ў Марый Эл

У гэтым расійскім рэгіёне выходзіць літаратурна — мастацкі часопіс «Ончыко» («Наперад»). На старонках выдання, якое ўжо шмат дзесяцігоддзяў прапагандуе марыйскую літаратуру і марыйскую мову, апошнім часам штогод друкуюцца пераклады твораў беларускіх паэтаў і празаікаў, піша «Звязда». У прыватнасці, надрукаваны вершы, апавяданні, казкі Генадзя Аўласенкі, Алеся Бадака, Рыгора Барадуліна, Навума Гальпяровіча, Алега Ждана, Міколы Мятліцкага...


Kaliarovy linaryt M. Basalyhi da paemy Janki Kupaly «Kurhan» (1980)Каляровы лінарыт М. Басалыгі да паэмы Янкі Купалы «Курган» (1980)

Новая публікацыя — паэма «Курган» народнага песняра Беларусі Янкі Купалы ў перакладзе на марыйскую мову, які здзейсніў Анатоль Ціміркаеў. Паэма друкуецца ў трэцім, сакавіцкім, нумары часопіса «Ончыко».

Створаная болей як стагоддзе назад, паэма-балада Я. Купалы «Курган» (упершыню надрукавана ў газеце «Наша ніва» 2 чэрвеня 1912 года) перакладзена на многія мовы народаў свету — рускую (існуе некалькі перакладаў — М. Браўна, С. Гарадзецкага, Н. Кісліка і іншых яркіх паэтаў), узбекскую (перакладчык Міртэмір), асецінскую (А. Пухаеў), балгарскую (Н. Вылчаў), кітайскую (Чжу Цзі)... Марыйскі паэт і перакладчык Анатоль Ціміркаеў — вядомы ў Расійскай Федэрацыі, у Марый Эл літаратар. Нарадзіўся ў 1952 годзе. Друкуецца з 1965 года. У свой час займаў пасаду галоўнага рэдактара часопіса «Ончыко». Вершы Анатоля Ціміркаева перакладзены на рускую, эстонскую, фінскую, чувашскую, удмурцкую, мардоўскую мовы. Дарэчы, марыйскі перакладчык «Кургана» — і перакладчык «Яўгенія Анегіна» А. С. Пушкіна (за гэтую працу Анатоль Ціміркаеў адзначаны Дзяржаўнай прэміяй Рэспублікі Мары Эл імя С. Чавайна).

— Я пад уражаннем купалаўскай творчасці, — пракаменціраваў літаратурную падзею перакладчык Анатоль Ціміркаеў. — «Курган» захапіў усю маю свядомасць. І праз стагоддзе чуцен боль, чуцен стогн не толькі гусляра, народнага музыкі, чуць голас мастацтва, якое ў сваёй шчырасці і нераўнадуушнасці заўжды абуджае народ, даносіць да яго праўду. Зараз я працую над перакладамі паэзіі сучасных беларускіх паэтаў. У бліжэйшы час з’явяцца новыя публікацыі, якія адкрыюць марыйскаму чытачу шмат новага і цікавага.