
Аўтарскую сустрэчу са школьнікамі мінскай гімназіі №17 зладзіла Валярына Кустава 29 студзеня.
В. Кустава: “Ёсць свае плюсы ў тым, каб выступаць не толькі на вялікія аўдыторыі на 300-400 чалавек, а і ладзіць камерныя імпрэзы на 30-40 слухачоў. Гэтым разам мяне запрасілі ў гімназію выступаць перад старэйшымі класамі – дзеткі (зрэшты, і я яшчэ сем гадоў таму была ў іх веку!) былі такімі засяроджанымі, удумлівымі, а разам з тым вельмі ініцыятыўнымі – нязмушана рэагавалі воплескамі на вершы і гісторыі, якімі я з імі дзялілася… Павесяліла, калі пасля імпрэзы адно за адным па школе пабеглі шчаслівыя слухачы з клічам: “Кахай мяне па-беларуску!!!”, ад чаго заўсміхаліся нават настаўніцы беларускай мовы і літаратуры…”
Дзеці цікавіліся, як можна пачаць размаўляць па-беларуску, бо ў іх гэта не прынята, і разам з Валярынай прыдумялі, як тое зрабіць.
В. Кустава: “Пасля імпрэзы да мяне падышлі дзяўчаты і запыталіся: “А дзе можна набыць кашулі ці значкі з надпісам “Кахай мяне па-беларуску!” – мы б такія насілі!”
Даведаўшыся, што такога пакуль няма, яны вырашылі самі замовіць сабе гэткія адмысловыя цішоткі…
В. Кустава: “Запомнілася рэпліка адной дзяўчыны: “Дык, аказваецца, быць беларусам – гэта здораўска! І паэтам быць – здораўска!”
Сустрэча прайшла ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!”