20-23 кастрычніка 1655 года Вялікае Княства Літоўскае на кароткі час перастала быць часткай Рэчы Паспалітай і ўступіла ў федэрацыю са Шведскiм каралеўствам. Аўтару і галоўнаму арганізатару гэтага знешнепалітычнага павароту Янушу Радзівілу моцна не пашанцавала: спачатку не атрымалася, а потым пра яго вырашыў напісаць шмат нядобрага геніяльны Генрык Сянкевіч. І з вялікага гетмана літоўскага атрымаўся нядобры эгаіст, які хацеў бонусаў толькі для сябе і свайго клана. Давайце паспрабуем разабрацца, як і чаму дайшоў да такога жыцця адзін з самых паспяховых палкаводцаў Хмяльнiччыны і кіраўнік самага ўплывовага магнацкага роду Княства.
У пачатку паўстання Хмяльніцкага ВКЛ магло лічыць, што яму пашанцавала, хаця “дапамагаюць тым, хто сам сабе дапамагае”. Хай галоўны ўдар казакаў быў накіраваны не на межы Княства, але і зусім пакідаць паўночнага суседа ў спакоі паўстанцы не збіраліся. На землях поўдня сучаснай Беларусі з’явіліся шматлікія казацкія атрады, якія аператыўна пастараліся захапіць усё, што можна захапіць, і ўзбунтаваць усіх, каго атрымаецца ўзбунтаваць. А астатніх, адпаведна, забіць.
Аднак рэакцыя ваеннай і грамадзянскай вярхушкі Княства аказалася трошкі не такой, якой чакаў Хмяльніцкі. Замест таго каб разгубіцца, марна траціць час, прайграваць баі і аддаваць казакам тэрыторыі, ВКЛ (якое да гэтага многімі лічылася “слабым звяном” Рэчы Паспалітай) ашаламіла ворага грукатам зброі і цэлай серыяй вокамгненных удараў вярнула ўсё страчанае ў пачатку кампаніі. Пакуль Патоцкія, Каліноўскія, Заслаўскія і іншыя магнаты на ўкраінскіх землях прайгравалі бітвы і гублялі цэлыя арміі, Радзівіл і яго кампанія грамілі ўсё, што асмелілася выступіць супраць іх. Перамогі пад Слуцкам, Пагост, ўзяцце Чэрыкава, Пінска, Бабруйска, паспяховыя бітвы пад Загаллем, Рэчыцай і як апафеоз — страшны разгром некалькіх дзясяткаў тысяч казакоў пад Лоевам. А потым, калі намёку не зразумелі, — яшчэ адзін разгром буйнога казацкага войска, зноўку пад Лоевам. Словам, у першыя гады Хмяльніччыны Радзівіл, без сумневу, можа лічыцца самым крутым палкаводцам Рэчы Паспалітай. Менавіта ён у 1651 годзе ажыццявіў тое, чаго не мог нават славуты Ярэма Вішнявецкі (хоць напэўна вельмі хацеў), — заняў Кіеў, цэнтр улады Хмяльніцкага.
Бітва пад Лоевам — трыумф ВКЛ, пра які не памятаюць
Але ўсё добрае калісьцi павiннае скончыцца, і ў вайне наступілі цяжкія часы. Не таму, што казакі раптам сталі мацнейшыя, чым былі, або Радзівіл раптам зрабіўся бясталентным палкаводцам. Проста на чашу вагаў павалілася яшчэ адна вялізная гіра — на баку Хмяльніцкага ўступіла ў вайну Рускае царства. Шэсць гадоў цар Аляксей Міхайлавіч наважваўся напасці на заходняга суседа (а казакі прасілі яго пра гэта ледзь не з першага дня вайны) і нарэшце наважыўся. І гэта была вельмі дрэнная навіна.
Што характэрна, у Варшаве слава Радзівіла зусім не матывавала каралеўскі двор даць добраму воіну і кіраўніку болей улады, грошай і войскаў. Здаецца, усё складвалася наадварот: поспехі выклікалі зайздрасць, рэўнасць і імкненне хутчэй гэтага выскачку паставіць на месца. Так, сучасныя гісторыкі зазначаюць, што менавіта “чорны піяр” двара Яна-Казіміра прывёў да таго, што вялікага гетмана доўга абвінавачвалі ў падрыхтоўцы і першым ажыццяўленні сумнавядомага liberum veto ў 1652 годзе. Не вельмі справядліва. І гэта працягвалася зноў і зноў, у 1652 годзе Янушу доўга не хацелі аддаваць заслужаную пасаду ваяводы віленскага, у 1654 годзе — пасаду вялікага гетмана літоўскага (якой ён, па-першае, быў абсалютна варты, а па-другое, тая яшчэ і была вакантная: папярэдні вялікі гетман Януш Кішка нарэшце памёр — ён і так ужо шэсць гадоў хварэў, і ўсе справы за яго рабіў Радзівіл).
Акрамя нядобрага стаўлення з боку атачэння караля войскам ВКЛ давялося мець справу яшчэ і з сіламі маскоўскіх армій, якія мелі моцную перавагу. Вядома, цар не вывеў у бой ні 500, ні 300, ні нават 130 тысяч чалавек (у мінулым гісторыкаў зачароўвала “магія вялікіх лічбаў”, і яны мелі звычку перабольшваць колькасць армій, ігнаруючы пытанні лагістыкі). Але нават некалькіх дзясяткаў тысяч чалавек (а толькі “палкі новага ладу” складалі, паводле дакументаў, больш за 20 000) было зашмат для невялікай арміі Радзівіла, якая, мяркуючы па ўсім, не дацягвала і да дзясятка тысяч. Каронныя арміі пасля няўдалых ваенных дзеянняў апошняга года таксама нічым асабліва дапамагчы не маглі.
Таму, нягледзячы на тое, што Радзівіл і яго воіны хацелі і ўмелі ваяваць, зрабіць вышэйшага за іхнія сілы яны не змаглі. Перамога пад Шкловам у жніўні 1654 года змянілася ў тым жа месяцы паразай пад Шапялевічамі, контрудар на Бабруйск змяніўся няўдалай аблогай Новага Быхава і Магілёва. Менавіта з-пад Магілёва сышлі ў межы Польшчы тыя нешматлікія сілы Кароны, якія яна ўсё ж вылучыла Княству ў пачатку вайны (максімум 5000 воінаў, хутчэй за ўсё гэтая лічба атрыманая сумай штатнай колькасці асобных частак, якія ваявалі ў ВКЛ; па факце, мабыць, яны недацягваюць да поўнага камплекта).
Сумныя вынікі не прымусілі сябе чакаць: да лета 1655 года значная частка Вялікага Княства была акупаваная войскамі рускага цара, і ў канцы ліпеня здарылася страшнае — пала Вільня. Радзівіл, не здолеўшы ўтрымаць сталіцу, адступіў у Кейданы, і тут пачаўся новы віток вялікай палітыкі.
Польскія войскі сышлі з межаў ВКЛ не проста так — улетку 1655 года ў межы Кароны адправілася шведская армія, кароль Карл Густаў вырашыў адарваць ад дзяржавы, якая знаходзіцца не ў найлепшым стане, што атрымаецца. Адводзіць войскі, якія ваявалі поруч з таварышамі па Рэспубліцы абодвух народаў, было вельмі дрэннай ідэяй, і кароль пра гэта ведаў. Па-першае, у адсутнасць чыгунак тэрміны, у якія прыйдзе падмога, цалкам маглі аказацца непрымальна вялікімі. Па-другое, частка наяўных войскаў была не ў непасрэдным падначаленні караля, а адносілася да ўзброеных сіл васальнай Каралеўскай Прусіі і ў выпадку чаго магла рэзка ўспомніць, што яна замежная, і пайсці дадому. Нарэшце, такі ўчынак быў, хм, здрадай саюзніку. Сам кароль разумеў, што баявы дух войска, якому здрадзілі, будзе знішчаны (“diminuetur animus”). Але ўсё ж наважыўся. І дарма. Ніякай сур’ёзнай дапамогі ад адкліканых на захад войскаў не атрымалі — яшчэ да таго, як яны дайшлі да месца прызначэння, у канцы ліпеня перад шведамі без бою капітулявала апалчэнне Вялікай Польшчы, а потым здача краіны паўночным суседзям працягнулася ва ўсё большых маштабах — пачынаўся Шведскі патоп.
Як ВКЛ падпарадкоўвала Лівонію
У гэтых умовах пакінуты практычна без войска з прычыны набліжэння царскіх армій Радзівіл зрабіў свой выбар. Ужо 17 жніўня ў Кейданах было падпісанае папярэдняе пагадненне (пакуль не унія!), паводле якога шведы бралі частку ВКЛ, дзе яшчэ не было царскіх войскаў і казакоў, пад сваю абарону. Перамовы аб гэтым пачаліся яшчэ ў ліпені, калі Дэлагардзі, губернатар шведскай Лівоніі, прапанаваў Радзівілу абмеркаваць гэтае важнае пытанне. Акрамя роду Януша жаданне сябраваць са шведамі выказвалі і магутныя Сапегі. Першапачаткова быў варыянт нават са шведскай дапамогай паспрабаваць адстаяць Вільню, але не атрымалася — да моманту падпісання сталіца была ўзятая. Габрыэль Любянецкі, пасланец ад ВКЛ, адправіўся ў Рыгу і прывёз ліст Радзівілаў, па якім ВКЛ пагаджалася прыняць шведскае апякунства.
Паводле дэкларацыі шляхта ВКЛ абяцала быць вернай шведскаму каралю — але выразна была пазначаная адсутнасць інкарпарацыі Княства ў Каралеўства, прадугледжвалася супрацоўніцтва на роўных умовах (што, зрэшты, было маларэальна). Органы ўлады, закон, суд заставаліся ранейшымі, армія ўключалася ў склад шведскай, але не павінная была ваяваць, напрыклад, з польскай. А вось маёнткі дзяржавы перадаваліся шведскаму каралю, уключаючы патранат над царкоўнымі — зрэшты, толькі да вызвалення ўсёй тэрыторыі краіны. Подпісы пад дакументам паставілі 550 шляхцічаў і святароў, Радзівіл — першы. Нягледзячы на тое, што ў дэкларацыі ўказвалася, што становішча канфесій складнікаў не змяняецца, найбольшы энтузіязм выказалі пратэстанты — і таму, што шведы таксама былі пратэстантамі, і таму, што Радзівілы традыцыйна ўзначальвалі ў Княстве кальвінскае лобі.
Імаверна, толькі дагавор са шведамі дазволіў Княству пазбегнуць поўнага захопу Масквой. Але з польскага пункту гледжання — гэта, безумоўна, была поўная здрада, што і апісаў у фарбах вялікі Сянкевіч. Дарэчы, мела месца пацешная дыпламатычная неспадзяванка. ВКЛ не мела права самастойна заключаць дамовы згодна з Люблінскай уніяй. Затое мела на гэта права згодна са Статутам 1588 года. Як гаворыцца, самі думайце, што выкарыстоўваць.
Зрэшты, шведы ратыфікаваць Кейданскую дэкларацыю не пажадалі: адмова ваяваць з Польшчай, патрабаванне абвясціць ультыматум Рускаму царству і неадкладна пачаць з ім вайну, патрабаванні роўнасці дзвюх дзяржаў не падаліся Стакгольму добрымі ідэямі. Да пары падпісанне адклалі, і яно адбылося ўжо ў кастрычніку пад імем Кейданскай уніі.
Строга кажучы, дагавораў, якія складаюць унію, было тры: дэкларацыя ВКЛ да міжнароднай супольнасці пра тое, чаму разрываецца унія з Польшчай; уласна артыкулы уніі; нарэшце, акт аб утварэнні са шляхтай Рады Шведскай Літвы. Да гэтага часу шведы ўжо занялі Варшаву і Кракаў, і Польшча як суб’ект палітыкі вельмі і вельмі аслабла. Як і ВКЛ. Адпаведна, шведы змаглі навязваць ўжо больш жорсткія ўмовы. У адрозненне ад Расіі, якая зразумела, што з пазіцыі грубай сілы працаваць ужо не атрымліваецца, і тэрмінова прапанавала Радзівілу ўжо сваю пратэкцыю. Наўрад ці яна была вялікаму гетману так ужо патрэбная, але дазволіла пачаць дыпламатычны манеўр паміж двух агнёў. Зрэшты, у пытаннях падтрымкі роду Радзівілаў і іх ініцыятываў адзінаю была далёка не ўся шляхта, частка яе баялася нават самых жорсткіх шведскіх умоваў менш, чым ўзмацнення роду Радзівілаў. Сам вялікі гетман Януш быў рэзка супраць пратэкцыі, і ў выніку шведы нават распрацавалі план пазбаўлення яго гетманскай пасады, каб увогуле адсунуць ад перамоваў.
На дарозе да Вечнага міру
У выніку дамовіліся. Карл X шведскі прызнаваўся вялікім князем літоўскім, а папярэднія уніі адмяняліся. Аўтаномія ВКЛ і Жамойці пацвярджалася, любыя змены заканадаўства Княства трэба было вырашаць на вальным сойме. Пацвярджалася свабода веравызнання, а рашэнне не ваяваць з Польшчай адмянілі. Словам, унія значна менш была падобная на раўнапраўны саюз, чым Дэкларацыя, і значна больш — на рабаванне пад дулам пісталета. Шляхта, нягледзячы на тое, што новы дакумент падпісалі 1172 прадстаўнікі, была абураная.
Далейшае ўсім вядома: доўга “саюз” са Швецыяй не праіснаваў, ды і сам Радзівіл, абложаны ва ўласным маёнтку, не пражыў і трох месяцаў — памёр у Тыкоціне пад новы 1656 год. А ў гісторыі ВКЛ засталася старонка, якая чарговы раз дэманструе, што ў катастрафічнай сітуацыі часам не бывае добрых выхадаў, а толькі кепскія і вельмі кепскія…
Дзяніс Буркоўскі, budzma.by