Як ВКЛ падпарадкоўвала Лівонію

24.08.2018 Гісторыя

23 жніўня 1561 года вялікі канцлер літоўскі Мікалай Радзівіл Чорны з 900 ваярамі ўвайшоў у Рыгу, якая адкрыла перад ім вароты. Лівонскі ордэн прыняў свой лёс і пагадзіўся далей трымацца ў арбіце палітыкі ВКЛ. Княства атрымлівала тое, пра што марылі многія, — паўнавартасны выхад да Балтыйскага мора, які трэба было ўсяго адстаяць ад замахаў Маскоўскай дзяржавы ў дваццацігадовай вайне. Як дзеялася гісторыя ў адзін з самых драматычных перыядаў гісторыі ВКЛ, мы зараз раскажам.

Да 1550 года зрабілася канчаткова ясна, што Лівонскаму ордэну канец. Рэфармацыя падточвала рэлігійную сітуацыю некалі магутнай рыцарскай дзяржавы, пра самастойнае існаванне і палітыку можна было толькі марыць. Зразумела, суседзі не замарудзілі гэтым скарыстацца. З’явіўся дагавор 1554 года з Масквой, які забараняў Лівоніі заключаць саюз з ВКЛ, затым успыхнула «вайна каад’ютараў»… Лівонская знаць актыўна ваявала між сабой, а практычны магнат Радзівіл Чорны патроху ажыццяўляў сваю палітычную камбінацыю. Эліце ВКЛ не перашкодзілі б адкрытыя гандлёвыя шляхі на Балтыку, так што на магчымую вайну за Лівонію яна гатовая была даць і грошы — але ў выпадку адкрытага ўварвання ордэн мог папрасіць саюза з імператарам Святой Рымскай імперыі, а гэта было небяспечна. Таму ваяваць было рана. Выказаўшы рыцарам патрабаванні вызваліць Рыжскага арцыбіскупа (які сімпатызаваў ВКЛ больш за іншых), Княства пачало збіраць войскі ля межаў Ливоніі. У другой палове 1556 года атрымалася засяродзіць больш за 10 000 ваяроў пад камандаваннем Радзівіла Рудога і Гераніма Хадкевіча. Агульная сіла Лівоніі была ўдвая меншая, але Жыгімонт Аўгуст, вялікі князь літоўскі, марудзіў.

Сітуацыя стала спрыяльнай для ВКЛ, калі вялікі магістр ордэна Вільгельм Фюрстэнберг, які не быў сябрам Княства, нарэшце спалохаўся моцы супраціўніка і быў вымушаны пайсці на пагадненне. Магістр прыбыў у Пасволь і папрасіў у Жыгімонта Аўгуста прабачэння за сваю ўпартасць, пасля чаго пагадзіўся на вельмі выгадныя для ВКЛ умовы. Цяпер гандляры Княства маглі спакойна вывозіць свае тавары праз ордэнскія парты, а Рыжскі арцыбіскуп вярнуўся на сваю пасаду. Нарэшце, аб’яўляўся ваенны саюз Лівоніі, ВКЛ і Польшчы, скіраваны відавочна супраць Масквы. Такім чынам, пазіцыі Вільні ў Лівоніі добра ўмацаваліся, што стала прамым выклікам рускаму цару Івану IV.

На той момант паміж Вільняй і Масквой дзейнічала перамір’е да 1562 года, і парушаць яго не збіраўся ні адзін бок. Зрэшты, гэта ніяк не перашкодзіла Івану напасці на Лівонію, у супраціў якой ён не верыў. Маскоўская конніца перайшла межы ордэнскіх уладанняў, пачаўшы так званую Лівонскую вайну (на самай справе не вайну, а чараду канфліктаў, чыста ўмоўна аб’яднаных агульнай назвай). Да першай паловы 1559 года рускія адчувалі сябе тут як дома, рэйды ішлі за рэйдамі, і атрады даходзілі аж да самай Рыгі. Вялікі магістр, хоць не сімпатызаваў ВКЛ, быў вымушаны папрасіць дапамогі. Якой, зрэшты, так і не дачакаўся — час для прамога ўмяшання яшчэ не прыйшоў. Ды і абараняць Лівонію ВКЛ не планавала, ваяваць за чужыя інтарэсы — даволі дурное, значна цікавей было дачакацца выгаднага моманту і паглынуць Ордэн.

Маскоўская дзяржава жадала таго ж і збіралася нават дзейнічаць збольшага падобнымі метадамі. Разумны Аляксей Адашаў, які кіраваў палітыкай Масквы ў той час, нават пагадзіўся на паўгода перамір’я з Ордэнам, каб паказаць, што Іван збіраецца быць не захопнікам, а нават кімсьці накшталт саюзніка. Польшча пры гэтым у лівонскія справы не лезла, справаў хапала і без гэтага, таму просьбы лівонцаў аб дапамозе сенат разглядаць не стаў.

Усё гэта канчаткова цягнула Рыгу да Вільні — ужо ў красавіку 1559 года перамовы аб будучым лёсе ордэна пачалі праводзіцца ў сталіцы ВКЛ. Радзівіл Чорны прапаноўваў рыцарам даволі мяккія ўмовы: увайсці ў склад ВКЛ на тых жа ўмовах, на якіх Данцыг быў у складзе Польшчы (гэта значыць з вялікай доляй незалежнасці). Праўда, рыцары не вельмі верылі, што ў ВКЛ атрымаецца абараніць ордэн самастойна, без дапамогі Польшчы. Аднак эліта Княства здолела пераканаць кантрагентаў, што рашэння Кракава, які пакуль вагаўся, чакаць не варта. Смерць старога магістра Фюрстэнберга была якраз “у тэму”, і Рыга была вымушаная пагадзіцца на ўмовы Вільні.

31 жніўня ў сталіцы ВКЛ быў заключаны дагавор з Лівоніяй — усе ўладанні новага магістра Гатарда Кетлера і Рыжскага арцыбіскупа аддаваліся пад апеку Жыгімонта Аўгуста, а той наўзамен абяцаў абараняць новых падапечных ад Масквы. Замкі Ордэна перадаваліся Княству і займаліся літоўскімі гарнізонамі.

У канцы лістапада 1559 года ў Лівоніі з’явіліся першыя воіны ВКЛ пад камандаваннем Івана Хадкевіча. Гарнізоны асталяваліся ў замках Баўска, Дюнабурга, Лудза, Марыенхаўзена, Разiтэна. У канцы года паспалітае рушанне было сазванае пад сцягі Радзівіла Рудога, у пачатку наступнага года буйныя воінскія кантынгенты з’явіліся ў лівонскіх землях са строгім загадам не крыўдзіць мясцовых.

У студзені 1560 года пасланцы Жыгімонта Аўгуста папярэдзілі пра тое, што Лівонія з гэтага часу пад абаронай, і Маскву. Івана папярэджанне не ўразіла. Мяккая палітыка Адашава, якая агулам не дала вынікаў, раздражняла цара, які прывык да перамог. Калі Адашаў жадаў працягнуць «традыцыйны» шлях заваёўванняў Масквы на поўдні, у бок Крыма і Чорнага мора, то цару здавалася, што Лівонія дае значна больш магчымасцяў (практыка паказала, што ён хутчэй не меў рацыі).

Тым часам у землі Ордэна ўвайшлі новыя войскі ВКЛ, якія замянілі тых, у каго скончыўся тэрмін службы. Гарнізоны з’явіліся ў Таліне, Пярну, Пайдэ і іншых замках — даводзілася сачыць, каб туды не ўвайшлі незнарок шведы, якім таксама хацелася паўдзельнічаць у раздзеле Лівонскага «пірага». Шведы процідзейнічаць, зрэшты, не сталі, затое рускія рэйды аднавіліся з новай сілай.

Перамовы з Масквой прасоўваліся дрэнна, толькі ў жніўні 1560 года пачаліся зрухі на тэму «а чаму б не ажаніць цара Івана з якой-небудзь з сясцёр Жыгімонта». Іван, зрэшты, паводзіў сябе не вельмі прыгожа, патрабуючы ў якасці пасагу ўсё тую ж Лівонію, што мала дапамагала перамовам.

Узнікала перспектыва доўгай вайны з Масквой, якая была тым непазбежнейшая, што скончылася перамір’е. Новыя воінскія заклікі давялося абвяшчаць і ў 1560, і ў 1561 годзе, нарасталі ваенныя выдаткі. Нарэшце актывізавалася Швецыя, якая адабрала Талін 4 мая 1561 года.

Было відавочна, што ВКЛ, каб атрымаць максімум магчымага, хай нават не ўсё, трэба было спяшацца. Шведы хочуць поўнач? Выдатна, асноўная частка Лівоніі ўсё роўна наша. Дваццаць замкаў з гарнізонам з 7000 салдат Княства надзейна гарантавалі гандлёвы шлях па Дзвіне аж да Рыгі і не давалі рускім прайсці куды не просяць.

Тым не менш канчатковага раздзялення Лівоніі яшчэ не здарылася. А Радзівіл Чорны жадаў менавіта гэтага, прычым ён хацеў зрабіць яе часткай менавіта ВКЛ, без усякага сумеснага кіравання або аўтаноміі. Паколькі ўплыў канцлера на вялікага князя заставаўся моцным, ён здолеў пераканаць Жыгімонта Аўгуста напісаць Кетлеру, што папярэдні саюзны дагавор трохі састарэлы і трэба было б падпісаць новы. Усе казыры былі ў ВКЛ, бо толькі яго воіны маглі ўтрымаць рускіх. Кетлер вымушаны быў пагадзіцца. У пачатку ліпеня 1561 года ў Лівоніі зноў з’явіліся войскі Радзівіла Рудога, што дазволіла Чорнаму больш паспяхова прасоўваць сваю лінію на перамовах. Нарэшце 23 жніўня 1561 года адбылася ключавая падзея: Рыга адкрыла вароты Чорнаму і яго воінам. Нельга сказаць, што рыжане безумоўна вырашылі далучацца да ВКЛ, але і адмовы не далі. У выніку стала магчыма правесці перамовы ўжо з прадстаўнікамі ўсяго Ордэна на тэму «а давайце да нас».

У выніку доўгіх пярэчанняў 28 лістапада быў нарэшце заключаны дагавор, паводле якога Лівонія стала правінцыяй Княства, яе статус у дачыненні да Польшчы заставаўся цьмяным. З ордэна атрымаліся два герцагствы і незалежная Рыга. Землі па левы бок Дзвіны сталі герцагствамі Курляндскім і Земгальскім, іх аддалі прадстаўнікам сям’і Кетлер, па правы бок — Задзвінскім княствам пад непасрэдным кіраваннем Вільні.

ВКЛ без вайны прырасло велізарнай новай тэрыторыяй, якую цяпер заставалася толькі абараніць…

Дзяніс Буркоўскі