На дарозе да Вечнага міру

21.05.2015 Гісторыя

У сярэдзіне XVII стагоддзя шляхта Рэчы Паспалітай мела падставу ганарыцца — краіна здолела выжыць ва ўмовах выпрабаванняў, якіх хапіла б, каб знішчыць любую імперыю. На жаль, гэта было адзінае, чым на той час можна было ганарыцца, бо знешне- і ўнутрыпалітычны стан дзяржавы быў жахлівы.

Хмяльніччына, якая пачалася ў 1648 годзе, каштавала Краіне Абодвух Народаў левабярэжнай Украіны. Спробы літоўскага і кароннага войскаў здушыць паўстанне прывялі да ліхаманкавага пошуку Хмяльніцкім хаўруснікаў і хуткага іх з’яўлення ў выглядзе рускага цара. Да праблем на ўсходзе дадаліся катастрофы на захадзе, праз год пасля Пераяслаўскай Рады ў Польшчы пачаўся Крывавы Патоп. Тут ужо сама Рэч Паспалітая пачала тэрмінова шукаць хаўрусніка, на ролю якога пагадзіўся Брандэнбург. Не з альтруізму — ва ўзнагароду вялікаму курфюрсту Фрыдрыху Вільгельму Гегенцолерну давялося перадаць суверэнітэт над Княскай Прусіяй па Вяляўска-Быдгашцкай дамове. Вайна са Швецыяй каштавала Яну Казіміру Паўночнай Ліфляндыі і права на шведскі сталец. Вайна з Расіяй — Смаленскага, Чарнігаўскага ваяводства і часткі Кіеўскага.

Словам, нядзіўна, што дасціпныя грамадзяне Рэчы Паспалітай часам расшыфроўвалі ініцыялы караля Яна Казіміра на некаторых манетах “I.C.R.” (Ioannes Casimirus Rex — Ян Казімір Кароль) як “Initium Calamitatis Regni” — “Пачатак няшчасцяў каралеўства”. Праблема была ў тым, што няшчасці гэтыя большая частка шляхты не толькі не планавала выпраўляць, але і актыўна гэтаму супрацьстаяла. Так, усім было відавочна, што шмат праблем прыносіць пануючая ў краіне магнацкая анархія. Але ліквідаваць анархію шляхам узмацнення каралеўскай улады — не, не чулі. Таму абсалютна лагічнай ва ўмовах крызісу кансалідацыі сіл не было як не было. Больш за тое, менавіта ў сярэдзіне XVII стагоддзя шляхта вынайшла для сябе новую забаву — зрываць сеймы з дапамогай ліберум вета.

Пры гэтым сам кароль Ян Казімір і каралева Марыя Людвіка актыўна спрабавалі зрабіць каралеўскую ўладу мацнейшай, у прыватнасці ўвесці так званую элекцыю vivente rege, то бок выбары спадчынніка яшчэ пры жыцці караля. Такая сістэма выкарыстоўвалася яшчэ ў Рымскай імперыі, але шляхта ўгледзела ў ёй наступ на залатыя вольнасці, і спроба караля правесці свой праект скончылася сапраўднай грамадзянскай вайной — рокашам польнага кароннага гетмана Любамірскага. У 1665 годзе каралеўскае войска было разбітае пад Чанстаховай, у 1666 — пад Монтвамі, Яну Казіміру тонка намякнулі, што ў дзяржаве ўсё робіцца правільна, і спрабаваць штосьці змяніць — шкодніцтва. Кароль усё зразумеў, дазволіў падданым разбірацца далей самім, адрокся ад трона і апошнія гады правёў абатам у Сэн-Жэрмэн-дэ-Прэ. Яго месца заняў Міхал Вішнявецкі, пра якога казалі: “Ён ведае 8 моваў, але ні на адной не можа сказаць нічога разумнага”. Зразумела, для прыхільнікаў залатых вольнасцяў Вішнявецкі быў ідэалам кіраўніка, бо нікому ні ў чым не канкурэнт. Але для краіны ў крызісным становішчы можна было выбраць і лепшага.

На жаль, гісторыя не дала Вішнявецкаму шанцу спакойна “паруліць” краінай без неабходнасці актыўных дзеянняў. Яшчэ да яго элекцыі гетман Правабярэжнай Украіны Пятро Дарашэнка, імкнучыся да ўлады над усімі ўкраінскімі землямі, абвясціў сябе васалам Асманскай Порты і запрасіў на дапамогу татараў. На гэтай вайне вылучыўся вялікі каронны гетман Ян Сабескі, і здавалася што перамога будзе бліскучай і канчатковай. Але не пашанцавала — літоўскі кантынгент узначальваў вораг Сабескага Міхал Пац, і яго інтрыгі не дазволілі дабіць Дарашэнку і крымскага хана Селім-Гірэя. А хутка здарылася значна горшае.

Асманская імперыя здолела перамагчы ў Кандзійскай вайне свайго вечнага ворага — Венецыю. Крыт стаў на доўгі час турэцкім, але галоўнае — рукі ў султана былі развязаныя для новай буйной вайны. Асманы звычайна вырашалі ўнутраныя праблемы дзяржавы, накіроўваючы яе сілы на чарговы канфлікт і заваяванне. Гэтым разам “вырашаць праблемы Асманскай імперыі” павінная была Рэч Паспалітая, і ў студзені 1672 года вайна пачалася. Хутка асманскія войскі ўзялі Камянец, аблажылі Львоў і Бучач, а ў кастрычніку таго ж года кароль Міхал Вішнявецкі пагадзіўся на ганебны Бучацкі мір, паводле якога Падолія адыходзіла султану, частка Кіеўскага ваяводства — казакам, а Рэч Паспалітая абавязвалася плаціць немалую суму ў год асманам.

Польская, літоўская і беларуская шляхта, магчыма, не была ідэальным грамадствам ідэальнай краіны. Але ганебны мір ад ганаровага адрозніць магла — Бучацкі мір не быў прызнаны Сеймам, і вайна працягвалася. Сабескі разбіў туркаў пад Хацінам у 1673 годзе, бітва стала чарговым трыумфам крылатай гусарыі, але вялікіх наступстваў не мела — Каменец вярнуць не атрымалася, ужо ў наступным годзе асманы з новым войскам ізноў з’явіліся на межах Рэчы Паспалітай. Найбольш пазітыўнай сталася Хоцінская бітва асабіста для Яна Сабескага — яго заслугі былі ацэненыя Сеймам у карону: пасля смерці Вішнявецкага ён стаў Янам III і ўвайшоў у гісторыю як апошні вялікі кароль Рэспублікі Абодвух Народаў.

Паваяваўшы яшчэ два гады, Сабескі заключыў з туркамі Журавенскі дагавор — на фоне Бучацкага ён выглядаў паспяховым, рэальна быў кампрамісам кшталту “бывае і горш”. Усё страчанае ў пачатку вайны вярнуць не здолелі, але даніну выплачваць перасталі. Пасля гэтага Сабескі нарэшце здолеў заняцца ўнутранымі справамі. Што характэрна, “Хацінскі леў”, герой бітвы пад Венай, сам ніяк не звязваў паспяховую палітыку дзяржавы з націскам на асманаў. Наадварот, мэтай Сабескага быў мір з Портай і ціск на Брандэнбург, ад якога кароль жадаў адарваць Прусію — і забраць яе сабе. А потым, абапіраючыся на прускія ўладанні і фінансы, якія ішлі б у яго ўласную казну, паказаць усім і кожнаму ў Рэчы Паспалітай, хто тут гаспадар. То бок працягнуць палітыку Яна Казіміра і зрабіць айчыну спадчыннай манархіяй з абсалютнай уладай караля. Для паспяховага завяршэння свайго праекта Сабескі пайшоў на непапулярны сярод шляхты саюз са Швецыяй, які роўна нічога не даў, узмацненне караля Стакгольму не патрабавалася. Не прынёс асаблівай карысці і Явараўскі дагавор 1675 года з Францыяй, якая папросту планавала выкарыстоўваць Рэч Паспалітую як свой антыгабсбургскі інструмент.

Тым часам у 1677 годзе эстафету вайны з Асманскай імперыяй пераняла Расія, якая дагэтуль мералася сілай пераважна з татарамі. Руска-казацкія аддзелы пад кіраўніцтвам князя Рамаданаўскага і гетмана Самайловіча разбілі на беразе Дняпра турэцкае войска, што аблажыла Чыгірын, праз год ізноў страцілі горад. Пасля заключанага перамір’я Правабярэжжа засталося за султанам.

Такім чынам, склалася сітуацыя, пры якой ні Рускае царства, ні Рэч Паспалітая не маглі ў пачатку 80-х гадоў спаць спакойна, маючы на поўдзень ад сабе турэцка-татарскую пагрозу. І не варта забываць, што ў 1680 годзе скончыўся тэрмін Андрусаўскага перамір’я (яно на тое і перамір’е, а не мір, што праз канкрэтны тэрмін бакі могуць ізноў з пачуццём выкананага доўгу брацца за шаблі). На шчасце, і Рэч Паспалітая, і Масква разумелі, што бойка паміж імі будзе найлепшым падарункам для Порты. Трэба было неяк дамаўляцца.

Хутка такая дамова адбыцца не магла — занадта шмат крыві было паміж сапернікамі, занадта вялікая эканамічная шкода была прынесеная на землі ВКЛ. Так, паводле падлікаў прафесара Лаўрэнція Сямёнавіча Абэцэдарскага, у 1670 гг. выхадцы толькі з беларускіх зямель складалі не менш за 10% ад пасадскага насельніцтва Масквы, і трапілі яны ў белакаменную відавочна не як турысты.

Але і не выкарыстоўваць наяўнасць агульных інтарэсаў для польска-літоўскага боку было немагчыма — тым больш што моцнае на той час войска Рэчы Паспалітай трымалася амаль выключна высілкамі аднаго Сабескага, часта — на яго асабістыя грошы. І перамогі, якія дагэтуль атрымлівалася здабываць, маглі скончыцца ў любы момант. Забягаючы наперад, скажу, што ў недалёкай будучыні так і адбылося — славутая дагэтуль конніца Літвы і Польшчы нічога гераічнага не паказала ўжо праз 20 гадоў, на палях Паўночнай вайны.

1683 год стаў годам, калі войска караля здабыла сваю апошнюю вялікую перамогу — адбылася легендарная бітва пад Венай, турэцкая армія была разбітая ўшчэнт. Выступаючы як хаўруснік Аўстрыі, Ян III не здолеў дабіцца ад перамогі амаль ніякіх выгадаў для сябе і сваёй дзяржавы. А словы “Аўстрыя” і “падзяка” ўжо ў той час вельмі рэдка сустракаліся ў адным сказе. Праўда, крылатая гусарыя яшчэ раз пацвердзіла славу найлепшай кавалерыі свету, але адной славай сыты не будзеш. Сам Сабескі планаваў атрымаць кампенсацыю за дапамогу Аўстрыі ў выглядзе Малдавіі, якую, як ён спадзяваўся, імператар яму дапаможа заваяваць. Імператар істотнай дапамогі не аказаў, у выніку чатырох паходаў кароль не далучыў да сваёй краіны ні пядзі малдаўскай зямлі.

А з Портай было яшчэ разбірацца і разбірацца — моц асманаў была падарваная значна пазней. Таму ўцягваць Маскву ў Свяшчэнную Лігу (так называўся антытурэцкі саюз з Рэчы Паспалітай, Венецыі і Святой Рымскай імперыі, па факце — Аўстрыі) было жыццёвай неабходнасцю.

Для ратыфікацыі міру, які потым назавуць “Вечным”, рускае кіраўніцтва (на той час дзяржавай фактычна кіравала царэўна Соф’я пры намінальным панаванні двух цароў — Івана і Пятра, будучага Пятра Першага) склікала апошні ў гісторыі Расіі Земскі сабор. Пазіцыі бакоў былі простыя — Масква жадала папросту паўтарыць Андрусаўскае перамір’е, Рэч Паспалітая жадала змяніць яго ўмовы на больш карысныя, вярнуць Кіеў і Смаленск. Нават наконт тэрмінаў дзеяння міру былі пытанні — паводле Г. Сагановіча, на саюз за Расіяй Рэч Паспалітая пагаджалася без заключэння “Вечнага” міру, на дыяметральна процілеглай пазіцыі стаяла Масква.

Зразумела, пачаліся пошукі кампрамісу. Прычым час працаваў супраць Сабескага — паступова прыпынілася падтрымка Аўстрыі, не атрымалася пагадненне з Францыяй. Тады кароль наважыўся на перамовы, якія пачаліся ў студзені 1686 года. З рускага боку іх вёў фаварыт царэўны Соф’і, канцлер і кіраўнік Пасольскага прыказу Васіль Галіцын і баяры І. В. Бутурлін і Б. П. Шарамецьеў. З боку Рэчы Паспалітай — “Вялікае пасольства” ў складзе ваяводы познанскага Кшыштафа Гжымултоўскага, канцлера ВКЛ Марцыяна Агінскага, палкоўніка Я.Патоцкага і падстолія кароннага А. Прыімскага.

6 траўня 1686 года Вечны мір быў нарэшце падпісаны. У асноўным ён зацвердзіў умовы Андрусаўскага дагавора. Левабярэжная Украіна, Смаленск, Кіеў і Чарнігаў заставаліся за Масквой. За Кіеў Рускае царства выплачвала велізарную суму ў 146 000 рублёў. Галіцкія, валынскія і частка кіеўскіх зямель заставаліся за Рэччу Паспалітай. Землі Паўднёвай Кіеўшчыны і Браслаўшчыны рабіліся буфернай зонай паміж дзяржавамі — дарэчы, для ўкраінскай гісторыі гэта стала канцом аднаго з найгоршых перыядаў, вядомага як Руіна. Нарэшце Рэч Паспалітая абяцала даць праваслаўным на яе тэрыторыі свабоду веравызнання, якую абавязваўся абараняць маскоўскі ўрад.

Падпісанне дагавору, як і чакалася, садзейнічала ўступленню Масквы ў Святую Лігу. Два паходы Васіля Галіцына на Крым адцягнулі на сябе моц татараў, пасля падзення Соф’і і яе фаварыта Расія не супыніла баявых дзеянняў — Пётр Першы ўзяў Азоў. Але па нейкай іроніі пераломны момант вайны з асманамі наступіў усяго праз некалькі месяцаў пасля падпісання дагавору, і без усялякага ўдзелу рускіх — войска Святой Рымскай імперыі ўзяла Буду, шчыт Порты на Дунаі. Тым не менш Рэч Паспалітая вяла вайну яшчэ трынаццаць гадоў — каб у 1699 годзе паводле Карлавацкага міру нарэшце вярнуць усё, што страціла ў 1672 у Бучачы. А сам Вечны мір быў ратыфікаваны толькі канвакацыйным Сеймам 1764 года…

Дзяніс Буркоўскі