Лаўрэат прэміі імя Міхася Стральцова быў абвешчаны сёння ў Вільні на штогадовым міжнародным паэтычным фестывалі «Вершы на асфальце». Ім стаў паэт Усевалад Сцебурака з кнігай «Беларускія зоркі».
Кніга Усевалада Сцебуракі «Беларускія зоркі»
Кніга змяшчае вершы, пераклады, прозу і эсэ. Выйшла ў выдавецтве Рамана Цымберава.
Прэмія ўручаецца ў сёмы раз, трэці раз запар фестываль праходзіць не ў Беларусі. Сёлета цырымонія ўзнагароджання прайшла ў музеі імя Луцкевіча.
На жаль, сёлетні лаўрэат, як і мінулагодні Юрась Пацюпа, не змог прыехаць на фэст «Вершы на асфальце».
На фестываль прыехала і Алена Стральцова, удава паэта. «Мая мара, каб фестываль «Вершы на асфальце» вярнуўся ў Мінск. І гэта збудзецца», - сказала Алена Стральцова падчас адкрыцця фэсту.
Вядоўца сёлетняга фестывалю паэт Андрэй Хадановіч
Алена Стральцова
Уладзімір Някляеў чытае вершы Усевалада Сцебуракі
Тэатральны гурт "Разам" на адкрыцці фестывалю "Вершы на асфальце"
Пра пераможцу
Усевалад Сцебурака — паэт, празаік, шоўмен, тэлевядучы, пісьменнік, гісторык, выкладчык універсітэта.
У 1980-я гады сям’я Сцебуракаў жыла ў Амговічах Слуцкага раёна Мінскай вобласці і ў Жлобіне Гомельскай вобласці. У 1990 годзе сям’я пераехала ў Вілейку, дзе Усевалад атрымаў сярэднюю адукацыю ў гарадской гімназіі. Скончыў гістарычны факультэт БДПУ імя М. Танка ў 2003 годзе, аспірантуру БДТУ па спецыяльнасці «Гісторыя Беларусі» ў 2006 годзе.
Працаваў на пасадзе навуковага супрацоўніка ў Дзяржаўным музеі тэатральнай і музычнай культуры Рэспублікі Беларусь. У 2003–2010 гадах выкладаў гістарычныя дысцыпліны ў БДТУ і БДПУ. З 2012 года працаваў у ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў» (ГА СБП). У 2012–2017 гадах на пасадзе памочніка старшыні, у 2017–2021 — намеснік старшыні ГА СБП.
Як шоумен вёў шматлікія культурныя мерапрыемствы і святы беларускай грамады.
Пачаў друкавацца ў 1999 годзе на старонках «Нашай Нівы». Паэзія і проза з’яўляліся ў газетах і альманахах: «Рэгіянальная газета», «Родзічы», «ЛіМ», «Літаратурная Беларусь», часопісах «Куфэрак Віленшчыны», «Дзеяслоў», ARCHE, у перакладзе на польскую мову ў часопісе «Pobocza», проза перакладалася на ўкраінскую мову.
Удзельнік шматлікіх літаратурных фестываляў: «Бязмежжа» (Польшча), паэтычнага фестывалю памяці імя Міхася Стральцова, памяці Анатоля Сыса, памяці Ніны Мацяш «Бабіна лета» (Беларусь) і інш. Браў удзел у папулярных паэтычных праектах: «Начная чытанка», «Галасы паэтаў», «Чорна-белыя вершы».
Першая кніга вершаў і малой прозы «Крушня» выйшла ў бібліятэчцы часопіса «Дзеяслоў», другая — «Бег па самаадчуванні» ў выдавецкай серыі «Кнігарня пісьменніка». Трэцяя кніга вершаў «Сны дарог» (Мінск, 2017 г.).
У 2022 годзе выйшла кніга сямейнай гісторыі «Сцебуракаў лёс» (у суаўтарстве з малодшым братам Анатолем Сцебуракам). Твор спалучыў жанры нон-фікшн, гісторыі паўсядзённасці, эсэ і гістарычнага даследавання з грунтоўным дадаткам на аснове архіўных крыніц. У 2024 годзе кніга «Сцебуракаў лёс» выйшла ў аўдыёфармаце ў праекце «Кнігі бяз літар».
Перакладае з англійскай, рускай і ўкраінскай моў. Некаторыя паэтычныя пераклады ўвайшлі ў зборнікі «Бег па самаадчуванні» (2013), «Сны дарог» (2017). Пераклаў з англійскай асобныя творы Рэд’ярда Кіплінга, Роберта Льюіса Стывенсана, Гі́лберта Кіта Чэстэртана, творы англійскай народнай паэзіі (у тым ліку «Дом, у якім гаспадарыць Джэк» і «Баладу пра верасовы мёд»), з рускай — А. Вазнясенскага, М. Булгакава, Я. Еўтушэнку, Р. Раждзественскага і іншых.
Шэраг вершаў паэта сталі песнямі беларускіх музыкаў — мінскага гурта «S°unduk» (Сундук), магілёўскага гурта «Zatoczka». Песні на словы Сцебуракі ёсць у рэпертуары барда Змітра Бартосіка: «Лістапад», «Рэха 1863-га года», «Дзяды».
Пра фестываль «Вершы на асфальце»
Штогадовы Міжнародны паэтычны фестываль імя Міхася Стральцова «Вершы на асфальце» запачаткаваны ў 2012 годзе ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў» і Беларускім ПЭН-цэнтрам. У розныя гады ўдзельнікамі фестывалю былі паэты з Беларусі, Германіі, Ісландыі, Казахстана, Літвы, Латвіі, Нарвегіі, Польшчы, Расіі, Славакіі, Украіны, Швецыі, Фінляндыі, Эстоніі. Сярод традыцыйных мерапрыемстваў фестывалю — паэтычныя чытанні, круглыя сталы і дыскусіі, прэзентацыі кніг арыгінальнай і перакладной паэзіі, кніжных серый, музычныя выступы і г.д.
Сёлета асноўным арганізатарам фэсту з’яўляецца Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў. Партнёрамі і суарганізатарамі фестывалю выступаюць Шведскі саюз пісьменнікаў, грамадская культурніцкая кампанія «Будзьма беларусамі!», Віленскі беларускі музей імя І. Луцкевіча, Цэнтр беларускай супольнасці ў Вільні, клуб «Павільёнас» і іншыя.
Budzma.org