У канцы студзеня ў Аршанскім музеі Уладзіміра Караткевіча адбылася прэзентацыя адной з найбольш папулярных кніг пісьменніка – «Ладдзя Роспачы». Вядомы твор упершыню дайшоў да чытача ў аўтарскім, непадцэнзурным варыянце. У межах кампаніі «Будзьма беларусамі!» кнігу прэзентавалі журналісты Глеб Лабадзенка, аўтар ідэі выдання, і Яўген Валошын.
Прэзентацыя на радзіме пісьменніка прыцягнула ўвагу шырокага кола зацікаўленых і прайшла ў сапраўды цёплай атмасферы. Розная (ад школьнікаў да пенсіянераў) публіка змагла даведацца пра тое, як кніга рыхтавалася да публікацыі, як неабыякавымі да творчасці Караткевіча людзьмі з усіх куткоў краіны дасылаліся грошы на яе выданне. Сустрэча была прыемна неакадэмічнай, шмат было сказана пра Караткевіча не толькі як пра творчую асобу, але і як пра чалавека з яго жыццёвымі патрэбамі, захапленнямі, радасцямі і няўдачамі.
«Ладдзя Роспачы» была прысвечаная Уладзімірам Караткевічам сябру, паэту Рыгору Барадуліну. 46 гадоў рукапіс захоўваўся ў Рыгора Іванавіча, які і стаў аўтарам прадмовы да гэтай навелы. У склад унікальнага выдання ўвайшлі сам рукапіс, чарнавыя накіды, невядомыя фотаздымкі Караткевіча, а таксама 296 правак (84 у рускім выданні, 212 – у беларускім), якія зрабілі цэнзары ў невялікім творы класіка за савецкім часам, кніжны тэкст 1978 года і пераклад на рускую мову Васіля Сёмухі з каментарамі.
У межах арганізаванай кампаніяй «Будзьма беларусамі!» прэзентацыі кнігі мінскія госці пабывалі таксама ў школе №8, дзе працаваў Караткевіч, і ў гімназіі №2, дзе ён вучыўся.