«З агнём у сэрцы». Праект Lastoůski выпусціў новы рэліз

17.08.2022 Музыка

Музычны праект Lastoůski, створаны беларусамі Кракава, прадставіў новы рэліз пад назвай «Вогнішча».

«Вогнішча» — гэта купальская песня. Запісвалася ў Кракаве, Гродна і Мінску.


«Нам было вельмі цікава выкарыстаць у песні беларускую дуду, паколькі гэты інструмент яшчэ не зусім вывучаны ў кантэксце аранжыровак», — кажуць удзельнікі праекта пра апошні рэліз.

У межах праекта Lastoůski супрацоўнічаюць розныя музыкі. Менавіта таму і рэлізы атрымоўваюцца стылістычна вельмі рознымі.

«Калісьці даўно мясцовыя людзі згубілі агонь. Яго не стала ні ў хатах, ні на небе, ні ў сэрцах, ні ў вачах. Цемра вострымі кіпцюрамі пачала ўсё глыбей залазіць у скуру і выдзіраць найлепшыя шматкі жывога, пакідаючы адно боль, безнадзейнасць і смутак. І толькі ў самых цёмных куточках, дзе, здавалася, усё даўно памерла, яшчэ засталіся людзі, унутры якіх агню было столькі, што ён іскрамі высыпаўся з іх, падпальваючы зямлю навокал. Агняры хадзілі па наваколлі і раскладалі вялікія вогнішчы, а людзі выходзілі на свет з хат, вадзілі карагоды, спявалі песні і вярталіся зусім іншымі. З агнём у сэрцы. Што б ні рабіла цемра, ніколі не магла яна вынішчыць агняроў, бо яны былі дзецьмі яе самых цёмных бяздонных сутонняў. Яе дзецьмі,» — так пішуць аўтары рэліза на старонцы праекта ў інстаграм.

Музыка і словы: Lastoůski
Звядзенне і мастэрынг: Кірыл Момат
Вокладка: Пётр Пішчака