Кніга разглядае палітычную гісторыю беларускай мовы ад Х ст., часоў з’яўлення першай беларускай дзяржавы — Полацкага княства, да 1996 г., калі на беларускую дзяржаву ў чарговы раз пачала наступ руская мова, намагаючыся такім чынам зноў знішчыць рукамі ворагаў і здраднікаў беларускую дзяржаўнасць і беларускі народ, паведамляе праваабарончая ініцыятыва «Права на мову».

Падзеі разгортваюцца на працягу дзесяці стагоддзяў у такіх дзяржаўных утварэннях як Полацкае княства, ВКЛ, Рэч Паспалітая, Расійская імперыя, Нямецкая імперыя, Беларуская Народная Рэспубліка, БССР, СССР, Польская Рэспубліка, Сярэдняя Літва, Латышская Рэспубліка, Літоўская Рэспубліка, Рэспубліка Беларусь.
Даследаванне мае на мэце паказаць важнасць моўнага пытання ў дзяржавабудаўніцтве і палітычнай незалежнасці.
«Толькі ў 1614 г. Статут ВКЛ 1588 г. быў выдадзены на польскай мове. У прадмове перакладу перакладчык адзначаў, што ён перакладаў беларускі тэкст на польскую мову слова ў слова, не вынаходзячы новых, чыста польскіх тэрмінаў і азначэнняў. Там жа перакладчык адзначыў, што «тым, каму пераклад не даспадобы, няхай глядзіць беларускамоўны арыгінал»».
«Прафесар П. Кавалеўскі адзначаў, што «мова ў школе, у судзе, у дзяржаўных і судовых зносінах у Расійскай дзяржаве павінна быць безумоўна і непахісна расійскай. Гэта мова пануючай дзяржаўнай нацыі, і гэту мову павінны ведаць усе падпарадкаваныя народы. Гэты пункт вельмі вялікай важнасці, і ўступак тут не павінна быць аніякіх»».
«Сістэма абароны нацыянальных меншасцей у Латвіі эфектыўна дзейнічала да перавароту ў 1934 г., калі гэтыя нацыянальныя ўстановы былі зачынены. У выпадку беларусаў адзіным сур’ёзным інцыдэнтам быў арышт часткі настаўнікаў у 1924 г. па абвінавачанні ў антыдзяржаўнай дзейнасці і намаганнях па аддзяленні населенай беларусамі часткі Латгаліі ад Латвіі».
«Лік беларускіх школаў у Заходняй Беларусі з 514 у 1920/21 г. ужо ў годзе 1922/23 быў сагнаны да 22, у 1926/27 быў зведзены да трох. Закрытыя паступова былі і ўсе сярэднія школы».
«У мемарандуме літоўскага кангрэса, высланым 18 (5) кастрычніка 1905 г. прэм’ерміністру Сяргею Вітэ, побач з пажаданнямі «шырокай аўтаноміі сваёй Айчыны, з сеймам у старой сталіцы Літвы Вільні» мы знаходзім дакладнае вызначэнне тэрыторыі, на якую тая аўтаномія мелася распаўсюдзіцца: «Літоўцы лічаць, што населеная імі тэрыторыя з гістарычных часоў ахоплівае так званыя літоўскія губерні Паўночна-Заходняга краю — Віленскую, Ковенскую, Гродзенскую, частку Курляндскай і далучаную пасля Венскага кангрэса да Польскага Каралеўства Сувалкаўскую. Гэтыя губерні ў этнаграфічных адносінах літоўскія, палякі і яўрэі, што жывуць у тых губернях паміж літоўцаў — прышлы элемент, а беларусы — славянізаваныя літоўцы, якія па сённяшні дзень жывуць у вёсках з літоўскімі назвамі і літоўскай архітэктурай»».
«Ад савецкіх рэпрэсій 1930-х пацярпелі 26 акадэмікаў і 6 членаў-карэспандэнтаў Беларускай акадэміі навук. З 139 аспірантаў, якія былі ў 1934 г., засталося толькі шэсць чалавек. Даследаванні ў галіне гуманітарных навук практычна спыніліся.
З 540–570 літаратараў, якія друкаваліся ў Беларусі ў 1920–1930 гг. было рэпрэсіравана не менш за 440–460 (80%).
Агулам загінула каля 90% беларускай інтэлігенцыі.
Дайшло да таго, што беларуская кніга зрабілася небяспечнай. Пры арыштах канваіры заўсёды шукалі г. зв. «нацдэмаўскую» літаратуру, і знойдзеная ў часе вобшуку беларуская кніга, асабліва забароненага аўтара, магла быць падставаю абвінавачання ў хаванні і распаўсюджванні беларускай нацыяналістычнай «контррэвалюцыйнай» літаратуры».
«Не атрымала падтрымкі памкненне некаторых дэпутатаў зрабіць і беларускую, і рускую мову дзяржаўнымі — усталяваць у Беларусі білінгвізм.
Дэпутат А. Лукашэнка 20 траўня 1993 г. на 5-м пасяджэнні 12-й сесіі Вярхоўнага Савета ХІІ склікання заклікаў такіх дэпутатаў знайсці «более гибкую формулировку» і «не унижать белорусский язык и себя»».
Замовіць кнігу можна па спасылцы.
Калі вы працуеце ў Літве, вы можаце падтрымаць «Будзьма беларусамі!», пералічыўшы нам 1,2% ад сваіх падаткаў. Вам уласна гэта не будзе каштаваць анічога.