Дацэнта Аляксея Ластоўскага звольнілі «па пагадненні бакоў». У сваім фэйсбуку навуковец піша, што звольніўся не па сваёй ініцыятыве, а таму, што кіраўніцтва паставіла такія ўмовы, каб не было іншага выхаду.
«Выдатна разумею, што магчымасці ўладкавацца на працу па спецыяльнасці ў Беларусі ў мяне няма. Ужо пабіты жыццём, і ведаю, што гэта такое.
З іншага боку, зараз, дзякуючы нераўнадушным калегам, для беларускіх навукоўцаў, і ў тым ліку для мяне, закрываюцца і ўсе іншыя магчымасці. Да такога я не рыхтаваўся.
Асноўная мая банкаўская картка ўжо заблакаваная (санкцыі), пашпарт надзейна завіс у брытанскім пасольстве, бо я аддаў яго яшчэ перад самым пачаткам вайны на афармленне візы. Наіўны, планаваў ехаць на канферэнцыю ў Кембрыдж.
Што будзе далей — не ведаю.
Але ідзе вайна, падтрымка патрэбная не мне, а Украіне», — падзяліўся думкамі Аляксей Ластоўскі.