26 лістапада ў Еўрапейскім цэнтры салідарнасці ў Гданьску прайшла ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў шчаслівага трынаццатага сезону прэміі Гедройця. Узнагарода ўручаецца штогод за найлепшую арыгінальную кнігу, напісаную на беларускай мове ў жанрах мастацкай і дакументальнай прозы, піша penbelarus.org.
ІІІ месца здабыла кніга «Забіць упалмінзага» аўтарства Змітра Бартосіка (Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2022) «за дакументальна-мастацкае сведчанне пра трагічную старонку беларускай гісторыі, важнае ў цяперашні час». Прыз за трэцяе месца, традыцыйна, — магчымасць выдаць новую папяровую кнігу, выданне падтрымае Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў.
ІІ месца «за шчыры аповед залучанай назіральніцы і ўдзельніцы сучаснай гісторыі» атрымала Ганна Янкута з кнігай «Час пустазелля» (выдавецтва «Янушкевіч», 2023). Узнагародай — паводле добрай шматгадовай традыцыі — будзе творчая стыпендыя ў Швецыі, на востраве Готланд, з магчымасцю працаваць над наступнай кнігай. Узнагарода ўручаецца дзякуючы дапамозе Міжнароднага саюза беларускіх пісьменнікаў.
І месцам «за змястоўную і шырокую панараму беларускага інтэлектуальнага жыцця» ўганараваны аўтар кнігі «Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым» Валянцін Акудовіч (выдавецтва «Логвінаў», 2023). Пераможца атрымае грашовы прыз.
Спецыяльную ўзнагароду ад партнёра прэміі — Еўрарадыё — кніжны клуб рэдакцыі вырашыў прысудзіць аўтарцы Еве Вайтоўскай. Яе кніга «Гарэзлівы пацалунак. Кніга другая» (выдавецтва «Янушкевіч», 2023) з‘явіцца ў эксклюзіўнай аўдыяверсіі.
Нагадаем, што сёлета ў кароткі спіс прэміі ўвайшлі 6 кніг:
- «Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым» Валянціна Акудовіча, выдавецтва «Логвінаў», 2023
- «Забіць упалмінзага» Змітра Бартосіка, «Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода», 2022
- «Гарэзлівы пацалунак. Кніга другая» Евы Вайтоўскай, выдавецтва «Янушкевіч», 2023
- «На прызбе ў Сілічах» Марыі Вайцяшонак, выдавецтва «Пфляўмбаўм», 2023
- «Вольнеры. Прадвесце» Валера Гапеева, выдавецтва «Янушкевіч», 2023
- «Час пустазелля» Ганны Янкуты, выдавецтва «Янушкевіч», 2023
У складзе журы прэміі Гедройця сярод публічных сябраў — літаратуразнаўца, доктарка філалагічных навук Ульяна Верына; беларусістка, літаратуразнаўца, ад’юнкт кафедры беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта Катажына Дрозд-Урбаньска; літаратуразнаўца, крытык, драматург, прафесар, загадчык кафедры славянскага літаратуразнаўства Універсітэта Марыі Кюры-Складоўскай Сяргей Кавалёў; пісьменніца, паэтка, супрацоўніца праваабарончай арганізацыі Югася Каляда.
Прэмія імя Ежы Гедройця ўручаецца з 2012 года за найлепшую кнігу ў жанры мастацкай і дакументальнай прозы мае статус галоўнай незалежнай літаратурнай узнагароды Беларусі. Папярэднія пераможцы прэміі: Павал Касцюкевіч, «Зборная РБ па негалоўных відах спорту» (2012), Уладзімір Някляеў, «Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без» (2013), Ігар Бабкоў, «Хвілінка: Тры гісторыі» (2014), Віктар Казько, «Час збіраць косці» (2015), Макс Шчур, «Завяршыць гештальт» (2016), Зміцер Бартосік, «Быў у пана верабейка гаварушчы...» (2017), Уладзімір Арлоў, «Танцы над горадам» (2018), Ілля Сін «Libido» (2019), Сяргей Дубавец «Тантамарэскі» (2020), Ева Вежнавец, «Па што ідзеш, воўча?» (2021), Ганна Кандрацюк, «У прысценку старога лесу. Гісторыі людзей з Белавежскай пушчы» (2022).