Дэбютны альбом «Зачапіцца» ад LEAR закранае тэму душэўнай раўнавагі і ментальнага здароўя.
Кожны з трэкаў распавядае гісторыю пра асобны стан: панічныя атакі, сацыяльная трывожнасць, сіндром самазванца, сіндром ахвяры і сузалежныя стасункі.
У адных песнях Лера мякка шэпча быццам крыху прастуджаным голасам, у іншых — звяртаецца да шырокага і моцнага спеву. Калі б Эд Шыран або Тэйлар Свіфт спявалі па-беларуску, у іх бы атрымаўся рэліз, падобны да LEAR.
Спасылка на перадпраслухоўванне альбома тут.
«Праслухоўванне альбому не заменіць вам візіт да псіхатэрапеўта, але дакладна падштурхне задумацца пра свой унутраны стан і, магчыма, вы пазнаеце ў песнях сябе.
«…у люстэрка зірні, там твой ратавальнік, твой праваднік…» — альбо мы самі знаходзім сілы выратавацца, альбо варта папрасіць дапамогі ў блізкіх ці ў спецыялістаў (гэта бывае цяжка, але можна паспрабаваць), — кажа спявачка пра альбом.
LEAR — маладая беларуская артыстка, якая заявіла пра сябе напрыканцы 2019 года першым беларускамоўным сінглам «Кранае», якім дала зразумець, што па-беларуску можна рабіць якасны indie-pop. Першую аўдыторыю Леры прынеслі кавер на хіт з серыяла «Вядзьмар» і трэк «На стомленых крылах». Перад дэбютным альбомам у LEAR выйшла 10 сінглаў, а мінулы месяц прынёс 10.000 унікальных слухачоў на стрымінгавых пляцоўках.
Паразмаўлялі са спявачкай, пра тое, як ствараўся альбом, працу ў Беларусі і натхненне.
— Як ствараўся альбом?
— Альбом фактычна быў створаны цягам аднаго месяца. У галаву прыйшла канцэпцыя альбома, захацелася ўзняць тэму ментальнага здароўя, бо яна надта актуальная зараз для ўсіх. Я пісала пра тое, з чым сама сутыкалася і што добра ведала. Праца над альбомам дапамагала пазбавіцца ад таго, што даўно балела.
— Што натхняла на творчасць? Што ўвогуле натхняе па жыцці?
— Натхненне прыходзіць ад самых банальных рэчаў, кшталту прыгажосці прыроды, добра праведзенага часу з сябрамі і г. д.
— У Вас былі добрыя калабарацыі з беларускімі музыкамі. З кім яшчэ з беларускіх ці замежных аўтараў марыце зрабіць калабарацыю, выступіць на адной сцэне?
— Вельмі хацелася б папрацаваць са спявачкай Palina, мне імпануе ейная творчасць, яна моцна натхняе.
— Ці плануе канцэрты і калі?
— Планую пару канцэртаў у Еўропе ў падтрымку альбома, але пакуль няма дакладных дат.
— Як ацэньваеце сённяшні стан беларускай культуры? Ці магчыма ствараць у сённяшніх умовах?
— Лічу, што беларуская культура зараз на хвалі ўздыму, з’яўляецца шмат новых імёнаў, а людзі ўсё больш звяртаюцца менавіта да беларускіх выканаўцаў і пачынаюць падтрымліваць іх мацней, чым было раней.
Творчасць дапамагае зліць негатыў ад абставін, часта бывае так, што якраз складаныя ўмовы падштурхоўваюць да новай працы.
— Ці адчуваеце сябе шчаслівым чалавекам?
— Я імкнуся да шчаслівага жыцця, як і кожны з нас, але, пакуль мне складана назваць сябе шчаслівай, надта шмат унутраных хістанняў ды сумневаў.
— Чым займаеццеся, акрамя музыкі?
— Працую выкладчыцай у музычнай школе. Музыка зараз — мой асноўны занятак, акром яе, цікаўлюся ёгай і духоўнымі практыкамі.
Т.П. budzma.org