Лебедзі над Чамярнёй

Святы святкуюць, каб яшчэ і яшчэ адзін раз парадавацца цудам жыцця.

Для гэтага гаспадары зараней стараюцца зрабіць свой дом самым прыгожым, светлым, утульным для гасцей і багатым на падарункі. Звычайны абедзены стол набывае ў такія дні якасць прастола, бо, седзячы ў бяседзе за сталом, госці ды гаспадары дзеляцца зямнымі пладамі, хлебам сваім (у прамым і болей шырокім сэнсе), распавядаюць адзін аднаму пра зямныя радасці ды клопаты. “Гаспода” — так паважна даўней называлі гаспадары свае дамы ў некаторых мясцінах Беларусі.

Яшчэ выразней адчуваўся сэнс гэтага даўняга, амаль забытага цяпер, старога беларускага слова падчас святочных сустрэч “Каб любіць Беларусь нашу мілую…” (першы радок добра вядомай песні “Жураўлі на Палессе ляцяць” на словы Алеся Ставера). Сяброўскія сустрэчы пад такой назвай адбываліся 20-22 верасня ў Ветцы і Гомелі. 20 верасня — у сярэдняй школе г. Веткі імя А.А. Грамыкі, гімназіі г. Веткі, Веткаўскай раённай бібліятэцы. 21 верасня “госці” і “гаспадары” сустрэліся ў аўдыторыі філалагічнага факультэта ГДУ імя Ф. Скарыны, 22 верасня — у Гомельскай цэнтральнай бібліятэцы імя А.І. Герцэна.

Галоўная тэма, якая аб’ядноўвала людзей падчас гэтых сустрэч — любоў да нашай зямлі, вандроўныя шляхі беларусаў за межамі Беларусі.

Чаму я бяру ў двукоссе словы “госці” і “гаспадары”? Таму што гэтыя словы даволі ўмоўна пазначаюць статус людзей, якія збіраліся разам на сустрэчы.

“На гэтай зямельцы — усе мы не госці,
усе мы — чыесьці, усе мы — кагосьці.
І хоць спарахнелі дзядоў нашых косці,
У нашай крыві ёсць іхняе штосьці”

Так дакладна заўважыла Ларыса Геніюш, знакамітая беларуская паэтка. Як мала хто, яна ведала і любіла Беларусь. Адкрывала яе для ўсяго свету прыкладна так, як гэта рабілі ў свой час Францыск Скарына, Язэп Драздовіч, Барыс Кіт, Максім Багдановіч, Янка Купала, Якуб Колас, Уладзімір Караткевіч, Анатоль Сыс, Уладзімір Мулявін ды іншыя, вядомыя і малавядомыя людзі.

Сяброўскія сустрэчы адбываліся ў часе Другой Прачыстай, інакш — Дня нараджэння Маці Божай Марыі. 21 верасня — гэта адначасова Багач: свята заканчэння працы на полі, збору ўраджаю.Марыя… Гэтае жаночае імя, відаць, самае папулярнае ў Беларусі на працягу многіх стагоддзяў. Многія нашы маці названы ў гонар Маці Божай. Таму жанчынам у гэты дзень — асоблівая пашана. Як сімвал плёну іх працы — абабак льна, сабранага ў полі, ды “барада” з жытнёвых каласоў, перавязаная чырвонай стужкай. Гэтыя каласкі пакідалі зімаваць у полі, каб быў ураджай у наступным годзе.
У Беларусі вельмі мала захавалася мужчынскіх народных строяў, якіх ткалі і насілі ў 1930-50 гг., у адрозненне ад жаночых. Не таму, вядома, што іх не было. Аднак жа, яно было больш сціплым, выкарыстоўвалася пасля нашэння для розных гаспадарчых патрэб, хутчэй зношвалася.

Сяўба — сакральная мужчынская праца. Рытуальная, калі на Стары Новы год хлопчык засяваў жытам … падлогу ў доме, куды заходзіў праспяваць шчадровыя песні, а таксама — рэальная, сапраўдная, калі мужчына засяваў поле ільном або жытам.

Як па зорках, па расе,
твой апошні шлях праляжа,
памірай, а жыта сей.
Рунь пра сейбіта раскажа,
— такі мужчынскі запавет пакінуў беларускі паэт Анатоль Сыс.

Вынікі “сяўбы” і збору ўраджаю на навукова-даследчыцкай, літаратурна-мастацкай ніве — невялікая выстаўка найлепшых кніг, выдадзеных у апошнія пяць-сем гадоў у мінскіх выдавецтвах “Кнігазбор”, “Медысонт”, “Мастацкая літаратура”. Падчас трох веткаўскіх сустрэч былі прадстаўлены асобныя кнігі, выдадзеныя ў “Бібліятэчцы часопіса “Дзеяслоў”, “Кнігарні пісьменніка”.

Вучні сярэдняй школы № 1 г. Веткі імя А.А. Грамыкі, гімназіі г. Веткі мелі магчымасць убачыць кнігі — Аксаны Данільчык:“Сон, які немагчыма забараніць”, Віктара Слінкі: “Арахна”, “Ягамосць” (вершы-прысвячэнні Анатолю Сысу), Барыса Пятровіча: “Жыць не страшна”, Алеся Тарановіча: “Берлінская мазаіка”, Юрася Пацюпы:“Сабака”, Алеся Дуброўскага-Сарочанікава: “Эстэтыка маўчання”, Валерыі Куставай: “Тамсама”, асобныя нумары часопіса “Дзеяслоў”, Віктара Шалкевіча: “Блюз Вясна”, Юрася Залозкі: “Праўда як рэлігія. Гутаркі з Васілём Быкавым”, “Чытанка” (творы для дзяцей дашкольнага ўзросту) ды іншыя. Зразумела, тут было выданне “Арнаменты Падняпроўя” — вынікі навукова-даследчыцкай працы Веткаўскага музея народнай творчасці імя Ф.Р. Шклярава, якая ажыццяўлялася на працягу больш 30 гадоў, “Ручнік у прасторы і часе” (Матэрыялы Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі, якая адбылася ў Мінску 19-20 лістапада 1998 г), іншыя выданні, прысвечаныя народнаму традыцыйнаму ткацтву.

Рыгор Мікалаевіч Андрэявец прадстаўляў свае ўласныя кнігі. Большасць з іх выдадзены ў апошнія год-два. Даўней, у 2009 годзе ў Маскве выйшла ягоная кніга “Две Родины”— унікальная па сваім змесце, гэтак жа, як і кніга “Белорусы в России” (Масква, 2002). Па словах аўтара, выданне “Две Родины” ўжо перакладзена на беларускую мову, у хуткім часе будзе выдадзена ў мінскім выдавецтве. Рыгор Мікалаевіч добра вядомы на Гомельшчыне як журналіст, пісьменнік, даследчык, кінарэжысёр, лаўрэат прэмій імя Баяна, “Лепшыя пер’і Расіі”. Жыве і працуе ў Гомелі. Апошнія дзесяцігоддзі вывучае гісторыю руху беларусаў на прасторы расійскай дзяржавы, на паўночныя і ўсходнія яе ўскраіны. Тэксты ягоных кніг пераконваюць у тым, што беларусы на працягу многіх стагоддзяў актыўна рухаліся, адкрывалі для сябе новыя невядомыя землі.

“Толькі не даў Бог, — сцвярджае Р.М. Андрэявец, — ды жыццёвыя абставіны выступаць беларусам на гістарычнай арэне пад сваім іменем. Часта іх акрыцці на геаграфічнай карце станавіліся набыткам зусім іншых народаў”.

Дзякуючы нястомнай працы пісьменніка, Міхась Іванавіч Басякоў, выдатны выканаўца народных беларускіх песень, у кнізе “Белорусы в России” змог, нарэшце, знайсці звесткі пра свайго рэпрэсіраванага родзіча, Яфрэма Басякова (калгаснік в. Ермакі Вікулаўскага раёна, што на Цюменшчыне).

Здараюцца ў жыцці сустрэчы з цікавымі, адметнымі людзьмі. Пасля знаёмства, размоваў з імі на сваё ўласнае жыццё глядзіш іншымі вачыма. Па-новаму адкрываеш наш, беларускі Сусвет.

Вясной гэтага года прыехаў у Ветку Міхась Басякоў. Ён называў сябе “самаходам”. Прыехаў з Сібіры, з Цюмені, а размаўляе па-беларуску! Уразіў мясцовых жыхароў, маіх калег і мяне таксама багатымі (традыцыйнымі) ведамі пра навакольны свет, легендамі пра Веткаўскі раён, унікальным выкананнем беларускіх народных песень, аповедамі аб сваіх родных. Многія песні ён вывучыў менавіта ад іх. Аказваецца, ягоная прабабуля, якая нарадзілася ў в. Антонаўка Веткаўскага раёна, у 1890-ыя гады разам са сваімі блізкімі пераехала жыць у Сібір. У тыя часы ў вясковых сем’ях, як правіла, было па 5-6 дзяцей, часта — і таго болей. Людзям не хапала зямлі, каб завесці сваю гаспадарку. Вёска Антонаўка вядома з ХVII ст пад назвай “Антаневіч” у Гомельскім старостве. У 1897 г. у ёй налічвалася 633 жыхары. А ўжо ў 1910 — 281 жыхар. На 1.01. 1997 г. — 39 жыхароў (Паводле кнігі “Памяць. Веткаўскі раён). Вось таму і перасяляліся падобным чынам многія вёскі з Гомельшчыны, Браншчыны. “Самаходы” ехалі ў невядомую Сібір на сваіх конях. Дабіраліся цэлых два гады, сваім ходам, таму — “самаходы”.

Як жыць без Радзімы ў далёкім краі, калі штодзень трымаеш у душы зямлю, на якой нарадзіўся? Як захаваць сябе на чужой зямлі? Вось жа, стараверы назвалі ў Ветцы галоўную плошчу горада Краснай, каб было побач нешта сваё, роднае, хоць назва…

Як сцвярджае Р.М. Андрэявец, “жыхары трох вёсак Вікулаўскага раёна — Ермакоў, Асінаўкі, Ялоўкі (што ў 500 км ад Цюмені), былыя перасяленцы з Магілёўскай губерні, поўнасцю захавалі ў Сібіры беларускі побыт. Яшчэ той, дарэвалюцыйны. У хатах — чыста, утульна. І гаворка беларуская жыве. Са страў па-ранейшаму гатуюць дранікі, студзень, крупнік. А яшчэ вараць у рускай печы дамашняе піва, аб якім у Беларусі ўжо й не памятаюць… Нашчадкі “самаходаў” захоўваюць і вымяраюць зерне ў бочках і пудоўках, гатуюць дражджавое цеста ў дзяжы, наліваюць малако ў крынкі і гладышкі… У сувязі з гэтым чалдонкі (рускія жанчыны ў Сібіры) часта кажуць: “Дзвесце гадоў у Сібіры жывуць, а лук усёроўна цыбуляй называюць, свеклу — бураком, а кувшин — крынкой.”
У фальклорным ансамблі “Вячоркі”, якім кіруе Валянціна Дзмітрыеўна Міхеенка (яе маці — родам з в. Рагінь Буда-Кашалёўскага раёна), самай пажылой спявачцы — 76 гадоў, самай маладой — 54. Аднаго разу яны былі ў Беларусі — адкрывалі Фестываль беларускай песні і паэзіі ў Маладзечна.

Добра ведае ўдзельнікаў гэтага калектыва Міхась Басякоў, які не адзін год жыў у Вікулаўскім раёне. Але, у адрозненне ад жыхароў трох вёсак, некаторы час ён жыў у Беларусі. Знаходзіўся тут у 1990 гады, працаваў аператарам машыннага даення ў в. Добры Бор, што на Берасцейшчыне. У гэты час аб ім былі зняты кароткаметражныя фільмы на кінастудыі “Беларусьфільм”: “Шлях-дарожанька няторная” (1995-1996 гг.), над фільмам працавала Т.Б. Варфаламеева. У 1996-1997 гг. быў зняты фільм “Рух зямлі”. Над гэтым фільмам працавала этнамузыколаг З.Я. Мажэйка. Па словах М.І.Басякова, Зінаіда Якаўлеўна. Мажэйка знаходзіла дзесяць “красак” у ягонай манеры выканання, г.зн. дзесяць адметных інтанацый, у той час як у звычайным выкананні іх налічваецца ўсяго толькі дзве. “Песню можна па-рознаму расквеціць, — кажа ён. Можна так яе праспяваць, а можна інакш… Калі голас дабрынёй напоўнены, песня ад чысціні сэрца ідзе. Песня сутыкаецца з усім. Дзе людзі спяваюць, там усё лепш расце… Калі на Радаўніцу прыходжу, спяваю чатыры-пяць гадзін каля магіл сваіх продкаў, — расказвае Міхась Басякоў. — Адна ветка майго роду — з баярскіх, з папкоўскіх. Мой прадзед вучыўся ў Старадубскай гімназіі. Прапрадзед — Хведар (ці Тодар) Палікарпавіч Папкоў быў з баяраў. Яго ўнучку — маю бабулю звалі Елісавета. Колькі яны ўсяго ведалі!… У прапрадзеда барада была — тры разы вакол шыі абкручваў… “ Слова “баяры”, сапраўды, узгадваюцца ў песнях, якія спявалі 10-20 гадоў таму назад у в. Казацкія Балсуны, Стаўбун. Непадалёк ад в. Гарадок, каля Стаўбуна, ёсць урочышча, якое і цяпер мясцовыя жыхары называюць Баяршчынай. Паміж Свяцілавічамі і Стаўбуном — 4-5 км. Гэтая вёска мае дужа даўнюю гісторыю. У ХII –ХIII стст. Свяцілавічы былі ў складзе Ноўгарад-Северскага княства. З 1335 належылі літоўскаму князю Альгерду Гедымінавічу. У гэты час у Свяцілавічах паселена “баярская шляхта”. У 1503 г. вёска была захоплена рускім царом. У 1508-1565 — у складзе Рускай дзяржавы. У 1565 падаравана без сялян, якія вымерлі ў час эпідэміі чумы, паводле леннага права баярыну І.Івановічу. У цэнтры Свяцілавіч знаходзіцца гарадзішча — некалькі пляцовак памерам 60х55 м. Помнік вядомы з 1873 г, апісаны ў 1910 г. Е.Р. Раманавым. Датуецца 2-м тысячагоддзем да н.э.

На сустрэчах “Каб любіць Беларусь нашу мілую…” Міхась спяваў беларускія народныя песні, у якіх — аповеды аб нашым зямным жыцці, сум і весялосць, смех і трагедыя. У адной з песень ёсць словы пра татарскі палон. Аповеды аб татарскіх набегах перадаваліся з пакалення ў пакаленне ў в. Казацкія Балсуны Веткаўскага раёна. Гэтая вёска знаходзіцца непадалёк ад в. Антонаўка, у якой нарадзілася прабабуля Міхася. Абедзьве вёскі ўваходзяць у Вяліканямкоўскі сельскі Савет. Ёсць яшчэ адна, надта цікавая вёска Чамярня, вядомая многім гісторыкам, археолагам.
22 верасня разам з Міхасём Басяковым, Ларысай Шчыраковай мы ехалі па вясковай вуліцы.

Дарога ішла проста каля ракі Бесядзь, з аднаго боку — людскія сядзібы, з другога — лазні, за 5-6 метраў ад берага. Райскі куток! У час восеньскага спакою, цішыні мы ўзыйшлі на Каменную гару, якая знаходзіцца за Чамярнёй, узвышаецца на 21 метр над Бесяддзю. Гару называюць яшчэ Чортавай, Серыкавай.У Х-ХII стст. на гэтай гары было паганскае свяцілішча. Ведуны распальвалі тут ахвярныя вогнішчы на чатыры бакі свету. Магчыма, распальвалі іх у такім парадку, у якім размешчаны крыжыкі на “светачах”. Так называецца асобны ўзор на казацка-балсунскіх ручніках. У памяці мясцовых людзей — легенды пра асілкаў-волатаў, якія забаўляліся — кідалі каменныя сякеры (молаты) ад Чамярні аж да Вялікіх Нямкоў. Згадайма нашы казкі — пра таго ж Івана Удовінага сына, які кідаў булаву ў паднябессе і чакаў яе ці не трое сутак, калі вернецца назад. Вось якія былі спаборніцтвы! Аднаго з такіх асілкаў звалі Серык, адсюль — назва: Серыкава гара. А яшчэ — Каменная ці Чортава. Са з’яўленнем хрысціянства (не раней ХII ст.) свяцілішча было пакінута. Для мясцовых жыхароў яно пачало набываць сэнс месца, дзе жыве нячыстая сіла. У дыя даўнія часы на свяцілішчы былі размешчаны каменныя або драўляныя статуі мясцовых багоў. Побач з імі ведуны запальвалі свяшчэннае вогнішча, спраўлялі старадаўнія культы. Зараз на гэтай гары — вясковыя могілкі, а за ёй, у полі — 9-11 сівых курганоў (“валатовак”), якія датуюцца Х- ХII стст. Вось і ўсё, што засталося ад вялікіх язычніцкіх могілак. У 1873 г. іх было 212. Пры раскопках у іх знаходзілі чалавечыя шкілеты, арабскія дырхемы, шкляныя пацеркі.Чаму курганы — сівыя? Не толькі таму, што — даўнія. На курганах штогод вырастае трава, якая не скошваецца. Так і стаяць курганы, здалёк відаць, наколькі яны “непрычасаныя”, светла-шэрыя пасярод шэрага, узаранага трактарам, поля. Я папрасіла трактарыста спыніць сваю працу, каб Ларыса Шчыракова магла запісаць песні, якія спяваў Міхась. А напачатку, калі мы ўзышлі на могілкі, ён спяваў:

Ой, Божа мой, Божа!
З высокага неба
Ці чуеш малітву маю?!
Вазьмі маю душу да себе,
А цела — ў сырую зямлю…

Гэтую песню, “псальму” добра ведаюць у в. Неглюбка, Хальч, Пакалюбічы, Стаўбун, іншых вёсках Гомельшчыны. Ведаюць на Браншчыне.

Міхась Басякоў адшукаў на могілках на Серыкавай гары адзіны драўляны крыж, зроблены у форме хаткі. “Царская форма”, — заўважыў ён. Цяпер такіх не робяць”. Сапраўды, цяпер крыжы на многіх вясковых могілках — іншай формы. Але ж іх, у форме хаткі, шмат на неглюбскіх могілках, у іншых вёсках..Такія ж крыжы — на могілках каля в. Карма, дзе я нарадзілася. Гэтая вёска знаходзілася ў чатырох кіламетрах ад Антонаўкі. У Антонаўцы ў 1934 г. нарадзіўся мой бацька.

Калі мы стаялі ўтрох на Серыкавай гары, пазіраючы зверху ўніз і адначасова — ўдалеч, на Бесядзь унізе, на яе берагі, зарослыя бліскучым пяшчотным чаротам, раптам высока ў небе Міхась заўважыў трох белых лебедзяў. Далёка, высока яны ляцелі над зямлёй. Было адчуванне, што мы трапілі ў нейкае іншае вымярэнне, бачылі наяве сапраўдную “лебядзіную сцежку”. Так казацка-балсунскія жанчыны называлі ўзор — ланцужок маленькіх ромбаў — на тканых ручніках. Падумалася: ускалыхнулася нешта ў свеце ад Міхасёвых песень — лебедзі з’явіліся! Амаль як у той казцы, калі царэўна Васіліса таньчыла. І — зніклі яны праз чатыры хвіліны. Вядома, птушкі заўсёды прыглядваюцца да таго, што робяць людзі. Калі здзвінуць звычайны камень, які ляжыць на зямлі, клін жураўліны парушаецца, жураўлі мітусяцца ў небе, не разумеючы, што адбылося.

 

А мы паехалі далей, у Казацкія Балсуны, каля якой стаіць межавы знак, пастаўлены не так даўно казакамі. Успаміналі мясцовыя легенды. Ёсць легенда аб трох казаках, якія сяліліся тут у ХVII стагоддзі. Аднаго з іх звалі Болсунам. Ад гэтага слова паходзіць назва вёскі. Міхась распавядаў пра тое, што пад час так званых веткаўскіх “выганак”, у 1735 і 1764 гадах, стараверы аблівалі воскам каштоўныя кнігі, крыжы, царкоўныя рэчы і закопвалі іх у рэках, азёрах, каб не аддаць на здзек. Гэтыя рэчы застаюцца ляжаць у зямлі. Магчыма, так было сапраўды. Нездарма ж існуе легенда аб возеры Свяцкім, што каля Свяцілавіч. Пайшла пад зямлю вёска, на яе месцы ўтварылася глыбокае возера. Аднойчы людзі заўважылі: на возеры плавае стол, а на стале ляжыць разгорнутая кніга. Ніхто не дакажа цяпер, што было на самой справе.

Відаць, доўга прыйдзецца адкрываць знаёмую і незнаёмую для саміх беларусаў краіну Беларусь. Акрамя многіх сэнсаў, белы колер ўтрымлівае ў сабе сэнс невядомасці, неспазнанасці.
“Усе нашы ручнікі — яны жывыя!” — штораз паўтараў Міхась Басякоў у размове з вучнямі, студэнтамі. Ён прывёз з Сібіры ручнік, вытканы ў ягоным родзе, партрэты дзядоў, каб хоць такім чынам яны вярнуліся на Радзіму. Некалькі разоў павязваў намітку — старадаўні беларускі галаўны ўбор замужняй жанчыны — падчас сустрэч “Каб любіць Беларусь нашу мілую”… Вельмі добра глядзелася намітка на Ніне Іванаўне Хадуньковай, настаўніцы веткаўскай гімназіі. Міхась Іванавіч прывёз з сабой вясковы строй, які кроіў і шыў сам: “Хачу быць сабой, я — не інкубатарскі…
У Казацкіх Балсунах мы сустрэліся з Варварай Уладзіміраўнай Давыдзенка. Жанчыне — больш за восемдзесят гадоў. У яе маленькай, амаль цацачнай хаце — на відным месцы партрэты бацькі і маці. Бацька зняты ў ваеннай форме, служыў яшчэ пры цары. Варвара Уладзіміраўна не так даўно яшчэ ткала, вышывала, прала… Супрацоўнікам Веткаўскага музея называла аднойчы ўзоры на тканых ручніках (ручнікі — у фондах Веткаўскага музея народнай творчасці): “Гэта — “чоўны”, гэта — “ракі”, гэта — “божая дарожка”. “Млыны”, “якары”, “святачы”, “лапмадкі”, “лебядзіная сцежка, “калёсы” (“калессе”), “жалезныя пуці”— такімі словамі пазначалі навакольны свет казацка-балсунскія жанчыны. Суцэльныя “транспартныя” назвы! Маці Варвары Уладзіміраўны калісьці пешкі хадзіла ў Кіеў, расказвала пра тое, як кіеўскія жанчыны, гледзячы на адзенне казацка-балсунскіх жанчын, называлі іх “літоўкамі.”

“Якары” і “лампадкі” — такую назву мела выстаўка тканых казацка-балсунскіх ручнікоў падчас пяці сустрэч “Каб любіць Беларусь нашу мілую…” Хоць… гэта дзве назвы аднаго і таго ж узора, які сваёй формай нагадвае адначасова і якары, і лампадкі.”Кінуць якар” — гэта ў нейкай ступені азначае “спыніцца”, “пасяліцца”, запаліць свой агонь і мець святло, як запальвалі яго калісьці продкі.”Свяцілішча”, ”Свяцілавічы” і “светач” (“святач”)(драўляная прылада, на якой умацоўвалі агонь у вясковай хаце) — словы, якія маюць адзін корань.

“Будзьма!” — гэтае старое беларускае слова часта любіў паўтараць Анатоль Сыс. Так называецца адзін з яго вершаў.”Будзьма беларусамі!”— пад такой назвай на працягу амаль двух гадоў адбываецца кампанія, якую ладзіць МГА “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”. У розных гарадах і вёсках Беларусі адбываюцца літаратурныя сустрэчы, лекцыі, канцэрты, выстаўкі, падарожжы, фестывалі. Падчас такіх сустрэч лепш усведамляюцца каштоўнасці, якія ёсць у нашых людзях, нашай мове, нашай шматвяковай гісторыі. “Будзьма беларусамі!” — пад гэтым заклікам праходзілі веткаўскія і гомельскія сустрэчы ”Каб любіць Беларусь нашу мілую…” Іх удзельнікі атрымлівалі ў падарунак ад кампаніі сувеніры, набор прыгожых паштовак “Мы адметныя”. На паштоўках — невялікія тэксты аб славутых людзях Беларусі, аповеды аб асноўных ідэях, выніках дзейнасці кампаніі “Будзьма беларусамі!”.

У апошні час даводзіцца заўважаць: людзі часта не разумеюць адзін аднаго — нават у тых выпадках, калі поўнасцю перадаецца нейкая інфармацыя. Чуюць зусім іншае, рэагуюць — адпаведна. Відаць, чалавечы розум у разгубленасці ад мноства інфармацыйных паведамленняў. А для таго, каб адшукаць гармонію і лад з Сусветам, можна… ўзяць рух Зямлі, голасам адагнаць хмару, хоць раз у жыцці сваім голасам праспяваць сваю песню (у пераносным ды і прамым сэнсе) ды, увогуле, ведаць, што “самага галоўнага вычыма не ўбачыш, трэба шукаць сэрцам” (Антуан дэ Сент-Экзюперы).