Праблема выпадковых вулічных канфліктаў праходзіць па разраду “вечных”. Мы паразмаўлялі з інструктарам баявых мастацтваў, двухразовай чэмпіёнкай Узброеных сілаў Беларусі па каратэ, чэмпіёнкай міра па філіпінскіх баявых мастацтвах Алена Торапавай пра тое, як жанчынам дзейнічаць у выпадку вулічнага канфлікту ці канфлікту ў закрытым памяшканні.
—Пытанне агульнага характара: што рабіць, калі трапляеш у сітуацыю вулічнага канфлікту?
—Адзінага правільнага варыянта няма, не існуе універсальнага рашэння. Сітуацыі ў кожным выпадку адрозніваюцца, як адрозніваюцца і людзі, якія ў іх трапілі. Першае правіла: не панікаваць, хоць гэта і складана. Я б пачала з дыялогу, хаця калі вас хочуць забіць, то заб'юць. Калі ад вас штосьці патрабуюць, то лепей адразу аддаць. Паўтару, усё што можна купіць за грошы - трэба аддаць. Гэта датычыцца і мужчын: гаманец, машына і г.д. Так, шкада, але самае каштоўнае, што ёсць, гэта жыццё. І за яго трэба змагацца. Пагражаюць нажом або пісталетам і чагосьці патрабуюць? Аддам, хай задушацца. Можа пасля сама іх, нападнікаў, знойдзеш.
Калі ёсць рэальная пагроза для жыцця – змагацца. Я бы спрабавала вывесці агрэсара ў больш люднае месца, туды, дзе ёсць дамы, дзе ёсць людзі. Увесь гэты час весці дыялог. У людным месцы можа знайсціся неабыякавы чалавек, які вам дапаможа. Але ў першую чаргу трэба разлічваць на сябе.
У 1998 годзе мяне, на той момант цяжарную, два чалавекі білі ля прыпынку, была адзінаццатая гадзіна дня. Калі б я тады тузанула рукой альбо нагой, магла б страціць дзіцёнка. Адсюль урок — нават сярод дня ніхто можа не прыйсці на дапамогу.
Далей дзейнічаем па сітуацыі. Не зашкодзяць “падручныя прадметы” — самы звыячайны пясок у вочы? Балончык? Цудоўна. Ключы ад кватэры? Імі таксама можна ўдарыць. Альбо проста бейце агрэсара і бяжыце. Не раю біць агрэсара па корпусе, гэта можна толькі раззлаваць яго. Нос і вочы для ўдара падыходзяць больш.
—Ці можна ў такім выпадку абыйсціся без сур’ёзнай падрыхтоўкі па самаабароне?
—І так, і не. Усё залежыць ад нярвовай сістэмы, шмат што — ад гармонаў. Адрэналін выклікае ва ўсіх розную рэакцыю. Нехта кажа: “Я так спалохаўся, што ўзяў трохмятровы плот”, а нехта “Я так напалохаўся, што ў мяне ногі падкасіліся”. Гэта фізіялогія, і тут ніхто не вінаваты. Людзі розныя — і рэагуюць на небяспеку па-рознаму.
Між іншым, сітуацыя нападу можа зрабіць мацнейшым: калі вы аднойчы “прайгралі” ў такой сітуацыі, то зрабіце высновы (толькі не сабе ў мінус!). Вялікія справы часам нараджаюцца з попелу. Мяне любое паражэнне бесіць, і я пачынаю змагацца.
—Як вы ставіцеся да экспрэс-курсаў самаабароны?
—Ад разавага наведвання ніякага плёну не будзе. Патлумачу на ўласным прыкладзе. У мяне ёсць правы кіроўцы, але я ні разу не сядала за стырно з таго часу, як іх атрымала. Дай мне зараз машыну – будзе катастрофа. А гэта курсы кіроўцаў, якія доўжацца тры месяцы, а не дзесяцідзённыя курсы самаабароны.
Калі няма пастаяннага паўтарэння, не можа ўзнікнуць аўтаматызм, а самаабарона як раз такі патрабуе аўтаматызму. Пралічыць кожную сітуацыю ў дэталях усё адно не атрымаецца, а аўтаматызм дапамагае дзейнічаць. А ўвесь вынік аднаразовых курсаў “зжарэ” побыт.
Пяць год таму мяне збіў мінівэн, я ляцела на лабавое шкло, і мяне ўратаваў той самы аўтаматызм — у выніку ніводнай драпіны на галаве. Я не магла “планаваць” абараніць галаву, цела аўтаматычна зрэагавала само
—Як распазнаць набліжэнне канфлікту?
—Давайце разгледзім сітуацыю, у якую часта трапляюць жанчыны. Сітуацыю “вечарынкі”. Ёсць не вельмі прыемны малады чалавек, а магчыма іх два ці тры. І жанчына застаецца з імі сам-насам у зкарытым памяшканні. Што яна можа пачуць? “Закрый рот”, “табе тут ніхто не дапаможа” і гэтак далей. Што рабіць у такой сітуацыі? Я б раіла пачаць з разбівання вокнаў. Чаму менавіта так? Па-першае, разбітае вакно заўжды прыцягвае ўвагу. Не трэба весціся на “ты толькі супакойся”, “мы цябе адпусцім” — агрэсар убачыў, што сітуацыя вострая і імкнецца яе згладзіць. А тут адразу бачна, што пахне смажаным. Лепей пасля за акно заплаціць, чым страціць жыццё альбо здароўе. Апроч таго, любы прадмет, які вы бачыце побач – сродак абароны для вас.
Цяпер варыянт “вуліца”. Я разумею, што канфлікт набліжаецца, калі пачынаецца ціск на мяне з боку патэнцыйнага агрэсара. Трэба спрабаваць знізіць канфлікт да мінімума. Пачынаем з дыялога, паралельна вытрымліваючы максімальную дыстанцыю з агрэсарам. Паўтары метры дастаткова. Усё, што меней за метр — небяспечна. Дыялог мы вядзем максімальна ветліва, але калі вы бачыце, што агрэсар не разумее, то варта засунуць інтэлегентнасць падалей, бо агрэсары часяцком ніякай мовы апроч сваёй не разумеюць.
Паспрабуйце зразумець, чаго ад вас хоча агрэсар. Калі вас аклікнулі ў цемры — не спыняйцеся, бо калі вы спыніліся, гэта паказавае, што вы гатовы да дыялогу. Просяць нумар тэлефона? Дайце левы нумар, ці паабяцайце, што абавязкова патэлефануеце самі, можна “уключыць дуру”: сказаць “хадзем дзе-небудзь пасядзім”. Галоўнае трапіць у люднае месца.
Важна не дапусціць паранойі, інакш яна ўвойдзе ў звычку і вы будзеце ўвесь час думаць, што абавязкова нешта з вамі здарыцца. Выключаем паніку. Нагадаю, усё, што ёсць у вас пад рукой, падыходзіць для самаабароны. Ёсць памылка біць агрэсара ў пах — гэта ў фільмах ён адразу падае на калені, у жыцці можа быць інакш. Добры варыянт — удар у нос, бо ён выклікае слёзы, а гэта ўжо агрэсар з заплюшчанымі вачыма. Пастаўлены ўдар у сківіцу — таксама хораша.
І запомніце: уцякаць не сорамна. Нават для мужчыны. Калі, канешне, небяспека не пагражае вашай жанчыне ці дзіцёнку. Застацца на месцы гэта не гераізм. Самалюбства пацешыць можна, але ці атрымаеце вы ад гэтага радасць, застаўшыся інвалідам.
Мікалай Левертаў