Здароўкі, лэдзі і джэнтэльмены! На календары чацвер, а гэта значыць, што надыйшоў час новага выпуску «Гітары Мулявіна» — аўтарскай рубрыкі, у якой я, Хатні Томпсан, па-свойску і без фанабэрыстасці распавядаю пра новую беларускую музыку. Часам мы спускаемся ў сапраўдны андэграўнд, часам хапаем зоркі з неба, але ўсё дзеля таго, каб парадаваць вашыя вушкі, дарагія меламаны!
Сённяшні артыкул не будзе выключэннем, бо з яго мы даведаемся, якія дэманы раздзіраюць лірычных герояў, чаму «Восток'7» — гэта не назва ракеты часоў Савецкага Саюза і як дарослыя праблемы могуць прагучаць голасам 14-цігадовага падлетка. Дэпрэсіўненька атрымліваецца... але месца і час для прышпілаў у нас абавязкова будзе. А цяпер пачнем!
А мы вам зараз пакажам і нават распавядзем. Ян Клапоцкі — менскі музыка, творчасць якога прасякнута яго ўласным адчуваннем таемных глыбінь чалавечай душы. Ён сплятае арт-рок з авангардам, часам прымітывізмам і выкарыстоўвае простыя словы ў незвычайных спалучэннях, у выніку выходзіць тое, што складана вызначыць пэўным музычным стылем. Прынамсі, так сваю творчасць і сябе самога апісвае выканаўца. Нельга з ім не пагадзіцца, бо ў апошнім сінгле «я гэта ці не», Ян сапраўды намагаецца прывесці слухачоў да стану трансу. Гэтаму дапамагае трапна ўплецены ў інструментал гук варгана, які не так часта можна сустрэць нават на сусветных музычных прасторах. Агулам у дадзенай кампазіцыі аўтар распавядае пра ўмоўнага лірычнага героя, які пакутуе ад неўзаемных пачуццяў і намагаецца зрабіць для каханага чалавека ўсё, пры гэтым не атрымліваючы ў адказ анічога. Магчыма, найлепшая песня гэтага месяца, каб дабіць сябе пасля няўдалых стасункаў.
Менавіта так можна ахарактарызаваць трэк з аднайменнай назвай «Выпускной» ад менскага творчага аб’яднання «Восток'7», а канкрэтна калектыву luvrz і хіп-хоп выканаўца з Казахстана пад нікнэймам Оvvner. Калабарацыя жанраў прайшла паспяхова, і кампазіцыя адпавядае ўсім канонам песень пра выпускны: тут і выбухны прыпеў, і мяккі ўступ, і куплет з тэкстам на паплакаць і, канечне, фартэпіянны канчатак у давяршэнне. Нягледзячы на тое, што час п’яных адзінаццацікласнікаў, што сустракаюць світанак ля возера, ужо скончыўся, песню слухаць усё роўна раю!
Беларуская рэчаіснасць прымушае падлеткаў рана сталець. Такія высновы можна зрабіць пасля праслухоўвання першага музычнага альбома 14-гадовай Юстыны Карпіловіч «Як тут апынуўся?». Намагаючыся збегчы ад падлеткавых праблем і фрустрацыі, дзяўчынка сыходзіць у самарэфлексію, пражываючы ўсе падзеі, якія адбываюцца ў краіне, па-свойму і адлюстроўваючы гэта ў тэкстах песень. Нават вокладка альбома, якую Юстына намалявала самастойна, здатна перадаць не абстрактны свет, а поўны вобраз самой артысткі, яе настрой і адчуванне сябе ў соцыуме. Пры ўсіх плюсах рэлізу звярну ўвагу на яго аднатыпную структуру і адзначу, што нават пры запісе альбома на прафесійнай студыі, гучыць ён даволі сціпла і месцамі аднастайна, а гітарнае мелодыя прыядаецца ўжо на трэцяй кампазіцыі. Улічваючы тое, што гэта дэбютны рэліз, жадаем артыстцы развіцця і чакаем новых муваў.
Хатні Томпсан, budzma.org