“След матылька” – твор, у якім аднаўляюцца падзеі 1960-х гадоў, калі ў Мінск прыехаў малады амерыканец Лі Харві Освальд, што потым увойдзе ў гісторыю як забойца прэзідэнта Кенэдзі. На прэзентацыі кнігі сабраліся не толькі тыя, хто меў дачыненне да стварэння кнігі, але і тыя, хто асабіста ведаў Освальда. “Лукашук пакінуў сваёй кнігай след у беларускай літаратуры”, – адназначна заявілі калегі аўтара.
Ужо за паўгадзіны да пачатку прэзентацыі ў кнігарні “ЛогвінаЎ” сабралося багата публікі. Аўтар прапанаваў дарма не губляць часу ды падпісваць кнігу. “След матылька” раздаваўся ўсім абсалютна бясплатна, як і ранейшыя 22 кнігі з серыі “Бібліятэка Свабоды”. За хвілін 10 да пачатку ў кнігарню было ўжо не праціснуцца. Яе гаспадар Ігар Логвінаў нервова курыў на ўваходзе ды прапаноўваў паставіць калонкі, як у касцёле, каб можна было слухаць прамовы з прэзентацыі. Некаторыя схітраліся зазіраць у акно, нехта слухаў па чарзе, усунуўшы паўгалавы ў памяшканне.
Тым часам Аляксандр Лукашук расказваў прысутным гісторыю пра напісанне першага сказа – пра тое, як ён высвятляў час прыезду цягніка з Масквы ў Мінск у 1960 годзе (менавіта з яго сышоў галоўны герой кнігі – амерыканец Лі Харві Освальд). Кніга “След матылька” акрэсленага жанру не мае, на вокладцы напісана, што гэта “дакументальнае падарожжа ў Мінск 1960-х”, у той час, калі там жыве малады амерыканец, будучы забойца Кенэдзі.
Рэдактар кнігі і вядоўца імпрэзы Сяргей Дубавец зазначыў, што кніга Лукашука напісаная на мяжы фолу. Пісьменнік Уладзімір Арлоў назваў яе выхад “яскравай падзеяй для ўсёй нашай літаратуры” за стыль аўтара, яго выдатнае валоданне вобразамі і фактамі, за сюжэт твора. Рэжысёр Віктар Аслюк нават прызнаўся, што шукае грошы, каб экранізаваць “След матылька”.
“Пэўна “След матылька” не прэтэндуе на тое, каб звацца раманам ці аповесцю. Гэта проста Твор, дзе ёсць месца тонкай іроніі, умеламу здзеку, псіхалагічнаму аналізу. Аўтар не малюе тут ні героя, ні пачвару”, – зазначыў адзін з першых чытачоў кнігі Генадзь Бураўкін. А Валянцін Акудовіч у сваю чаргу зацеміў, што зразумеў з гэтага твора: “Тут апісана, як мы жылі, працавалі, кахаліся. Тут бачна, што ў ціхамірнай Беларусі ўсё магчыма, а з ціхамірнага беларуса не тое што чэрці – д’яблы могуць выскокваць”.
Былі на імпрэзе людзі, якія асабіста ведалі Освальда за мінскім часам. Адна з іх – Інэса Яхліэль – дагэтуль упэўненая, што Освальд не мог учыніць забойства амерыканскага прэзідэнта. Шмат цікавага мог бы расказаць і Станіслаў Шушкевіч, але ён не здолеў прыйсці на імпрэзу. Быў сярод прысутных Сяргей Ханжанкоў, якога Сяргей Дубавец назваў “антытэзай Освальда” – ён у 1962 годзе спрабаваў узарваць у Мінску глушылкі, што перашкаджалі слухаць замежныя радыёстанцыі, за што атрымаў 10 год лагераў.
Цікавасць да выдання Аляксандра Лукашука сапраўды вялікая. Шкадаваць даводзіцца хіба з адной прычыны: на імпрэзе былі людзі пераважна сталага веку, моладзі амаль не было.
Мікалай Дубавіцкі.