ААТ «Лідскае піва» падвяло вынікі працы ў галіне сацыяльнай адказнасці. Прыярытэтным напрамкам сацыяльнай работы кампаніі з’яўляюцца акцыі, якія садзейнічаюць развіццю беларускіх традыцый, захаванню гістарычнай спадчыны і развіццю яе турыстычнага і культурнага патэнцыялу. Самыя буйныя праекты кампаніі – фестываль хмелю, соладу і вады LIDBEER, рэспубліканскі прафесійны конкурс сярод бармэнаў «LIDSKAE BEER MASTER», пераход камунікацыі са спажыўцамі на беларускую мову, а таксама выпуск кнігі аб гісторыі лідскага броварства і праца над падрыхтоўкай другога выдання.
ААТ «Лідскае піва» вызначыла для сябе некалькі кірункаў карпаратыўнай сацыяльнай адказнасці. Па-першае, падтрымка нацыянальнай самаідэнтыфікацыі. Галоўная мэта гэтага кірунку – падтрымка нацыянальнай культуры праз папулярызацыю беларускай мовы і патэнцыялу гістарычнай спадчыны. Ужо сёння брэнд ЛІДСКАЕ «размаўляе» са спажыўцамі на беларускай мове. Беларуская мова з’явілася на этыкетках гатункаў брэнда і ў рэкламных камунікацыях гэтых прадуктаў: борды, рэклама на ТБ і радыё і г. д., а таксама ў сацыяльных сетках. У далейшым ААТ «Лідскае піва» плануе пашыраць ужыванне беларускай мовы як па-за межамі кампаніі, так і ўнутры яе.
У найбліжэйшых планах кампаніі правядзенне «агульнай дыктоўкі» на беларускай мове. Мэта акцыі – паказаць, што веданне беларускай мовы і дакладнае ўжыванне яе ў пісьмовым маўленні – важна для кожнага чалавека.
У кірунку захавання гістарычнай спадчыны Беларусі ААТ «Лідскае піва» ажыццяўляе шырокую даследчую дзейнасць, мэта якой – захаваць гісторыю развіцця броварства ў Беларусі як пласта нацыянальнай культуры. У выніку маштабнай працы была выдадзена кніга «Гісторыя лідскага бровара: з 1876 па 2012 гады». Першае выданне прысвечана гісторыі станаўлення і развіцця броварства ў Лідзе.
Як паказала даследчая праца, патэнцыял тэмы станаўлення і развіцця беларускага броварства вельмі высокі. Сёння вядзецца актыўная праца над зборам матэрыялу для другога выдання кнігі. Спецыялісты Лідскага музея вывучылі гістарычныя дакументы ў архівах Гродна, Мінска і Вільнюса. У пошуках новых дадзеных архівісты выявілі факты, якія сведчаць аб тым, што піваварны завод у Лідзе з’яўляецца найстарэйшым з дзеючых піўзаводаў у Беларусі. Для пацверджання гэтага факта вышэйшым акадэмічным органам Рэспублікі Беларусь у галіне гісторыі – Інстытутам гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Беларусь – была праведзена адпаведная экспертыза. Заключэнне экспертаў пацвярджае, што ААТ «Лідскае піва» з больш чым 140-гадовай гісторыяй – найстарэйшы з дзеючых піўных заводоў у Рэспубліцы Беларусь.
«На аснове прыведзенага фрагмента архіўнага дакумента можна зрабіць выснову, што да 1893 года піваварны завод Фрумкіных ужо не функцыянаваў у сувязі з банкруцтвам. Новы піўзавод быў пабудаваны на іншай дзялянцы зямлі, што знаходзіцца па дыяганалі ад дзялянак, на якіх размясціўся піўзавод Рохлі Фрумкіной. Такім чынам, завод, пабудаваны Каралем Гутэн–Чапскім у 90-я гады ХІХ стагоддзя, нельга разглядаць у якасці пераемніка завода Фрумкіной, бо вытворчасць піва К. Гутэн–Чапскім ажыццяўлялася не на купленым заводзе Фрумкіной, які спыніў сваё існаванне, а на зусім новым прадпрыемстве, якое было пабудавана ў іншым месцы. З тых прылад, якія знаходзіліся ў складзе піваварнага завода Рохлі Фімкіной, Чапскі выкарыстоўваў для мэт свайго завода толькі каменную саладоўню, у якой арганізаваў ляднік. Сыходзячы з гэтага, дату заснавання піваварнай вытворчасці “Аліварыя” трэба звязваць з пачаткам функцыянавання завода Караля Гутэн–Чапскага, а не піваварнага завода Рохлі Фрумкіной», – расказаў кандыдат гістарычных навук, дацэнт, дырэктар Інстытута гісторыі НАН РБ Вячаслаў Віктаравіч Даніловіч.
Другі напрамак сацыяльнай дзейнасці кампаніі – развіццё культуры піцця ў Беларусі, змяненне стаўлення да піва як напою, які неабходна піць умерана, у тым ліку ў пабах. Рэспубліканскі прафесійны конкурс сярод бармэнаў «LIDSKAE BEER MASTER», які ўжо адбыўся ў гэтым годзе, адлюстроўвае гэтую сацыяльную задачу. Больш за 127 бармэнаў прынялі ўдзел у маштабным мерапрыемстве.
Фестываль LIDBEER, які адбудзецца ў гэтым годзе ў трэці раз, павышае турыстычную і культурную прывабнасць гістарычнай спадчыны. Правядзенне Фестывалю ў рамках Дня горада стала традыцыяй і яркім прыкладам прыватна-дзяржаўнага партнёрства. LIDBEER штогод збірае тысячы турыстаў і падкрэслівае статус Ліды як сталіцы броварства. У гэтым годзе Фестываль пройдзе 9 верасня. ААТ «Лідскае піва» актыўна праводзіць падрыхтоўчыя работы, каб забяспечыць гасцям не толькі святочны настрой, але і лепшыя ўмовы адпачынку.
«Сёння “Лідскае піва” як найстарэйшы з дзеючых піўзаводаў у Беларусі ўсведамляе сваю важную ролю ў папулярызацыі і ўмацаванні традыцый Беларусі. Мы разумеем, што наша дзейнасць у гэтым кірунку дапамагае не толькі зрабіць больш даступным гістарычнае мінулае, але і ўносіць ўклад у развіццё сучаснасці і будучыні краіны. У Беларусі ёсць унікальная культура: музыка, літаратура і помнікі архітэктуры, унікальная прырода. Усё гэта – цудоўная глеба для прадстаўлення ў свеце. І сваімі праектамі мы ўносім ўклад у дасягненне гэтай мэты», – адзначыў генеральны дырэктар ААТ «Лідскае піва» Аўдрыус Мікшыс.