“Лістапад-2015”. Заняпад Еўропы. Надзея на Усходзе

26.11.2015 Кіно

Кінафестываль “Лістапад” – бадай што найлепшая штогадовая культурніцкая падзея ў Мінску, у якой задзейнічаныя дзяржаўныя сродкі. І гэта выглядае нечаканым і радасным выключэннем з усяго, чым афіцыйныя ўяўленні пра культуру ў нашым краі зазвычай маюць быць. І з гэтым можна павіншаваць усіх нас і ў той жа час пакпіць з нашай пасіўнасці. Нягледзячы на тое што рэкламы фестывалю было даволі шмат, на кінапаказах вялікага ажыятажу не назіралася – за выключэннем хіба што “Кахання” Г. Наэ, куды квіткі хутка разабралі праз чуткі аб эратычным складніку фільма, ды недаробленага “Гараша” А. Курэйчыка, які сапраўды ўмела піярыцца. Асабліва крыўдна за паўпустыя кіназалы на рэтраспектыве японскага кіно ад знакамітай кінакампаніі “Сёціку”. Курасава, Одзу, Імамура былі практычна не заўважаныя ў Мінску. Магчыма, мы прызвычаіліся, што ў нас нічога добрага няма, а магчыма, у публікі, якая мысліць, проста няма сродкаў. І ў гэтым сэнсе застаецца спадзявацца, што аповед пра пэўныя фільмы з фестывальных праграмаў натхніць чытачоў на пошукі прыўкраснага ў сеціве. Але перад тым крыху словаў пра гульнявы конкурс.

Конкурс гульнявога кіно на фестывалі – гэта спаборніцтва між сацыяльна арыентаванымі фільмамі з (пост)камуністычных тэрыторый. Краіны-суседкі Беларусі, краіны былой Варшаўскай дамовы, а таксама Кітай і Лацінская Амерыка. Краіны, што зведалі савецкі ўплыў, а цяпер больш-менш паспяхова спраўляюцца з ягонымі наступствамі, здымаючы ў тым ліку сацыяльныя драмы аб цяжкім побыце чалавека і ягонай сям’і ў складаным свеце. Беларусь, на жаль, а хутчэй на шчасце, у асноўным конкурсе гульнявога кіно не прадстаўленая: няма каго ўключыць у праграму, каб сорамна не было. Зрэшты, сёлетні пераможца – “Урок” Петара Вылчанава і Крысціны Грозевай (сумесная вытворчасць Грэцыі і Балгарыі) – фіксуе пэўную бездапаможнасць такога фармату конкурсу.

Сюжэт стужкі-пераможцы: настаўніца англійскай мовы ў балгарскай правінцыі мусіць выплаціць крэдыт банку цягам некалькіх дзён, бо ў адваротным выпадку ў яе адбяруць дом. Гэты крэдыт, як аказалася, не сплачваў у адпаведны тэрмін яе муж, бо замест гэтага спускаў грошы на ўласныя сумнеўныя справы. Чаму ж жонка, якая ведае пра праблемы мужа з алкаголем, даручае яму плаціць крэдыт? Або чаму банк не можа пайсці насустрач кліенту, якому неабходна даплаціць літаральна некалькі манет да выплаты ўсёй сумы? Фінал гісторыі парадаксальны: простая жанчына робіцца ахвярай карнай навакольнай сістэмы і крадзе грошы ў банку, каб разлічыцца з пазыкамі. Такое прынцыповае аўтарскае выказванне пра бязлітаснасць сусвету падчас фінансавага крызісу, а таксама слабасць мужчын у сямейным і сацыяльным жыцці (у фільме разам з мужам-недарэкам ёсць і лінія нацягнутых узаемаадносінаў з бацькам-багацеем) робіць фільм ненатуральным, нацягнутым і непраўдзівым. Але гэтае кіно бездакорна ўпісваецца ў абазначаны вышэй акцэнт фестывалю на стужкі з несправядлівымі сацыяльнымі інстытутамі ды складанымі сямейнымі адносінамі ў посткамуністычных краінах. Зрэшты, у перамозе “Уроку” варта бачыць памкненне “Лістападу” наблізіцца і да актуальных канскіх трэндаў (пераможца асноўнага конкурсу сёлетняга Канскага кінафестывалю – “Дыпан” Адзіяра, такога ж сацыяльна арыентаванага поля ягада).

Менавіта таму найбольшую цікавасць на “Лістападзе” выклікаюць пазаконкурсныя сеансы гульнявога кіно і праграмы дакументальнага кіно. Дакументалістыка цяпер у росквіце, бо ў яе аўтараў з’явілася больш магчымасцяў – развіццё лічбавых тэхналогій дазваляе здымаць танна і кампактна.

Паўднёвакарэйская дакументальная стужка “Маё каханне, не пераходзь гэтай ракі” Чына Маёнга апавядае гісторыю старасці ў традыцыйнай карэйскай сям’і на беразе прыгожай горнай ракі. Мужу каля ста гадоў, не нашмат маладзейшая за яго і жонка. Яны ўжо даўно дзядуля і бабуля, дзеці зрэдчас прыязджаюць да іх, але іх асноўны клопат – сумесны побыт у старасці. Клапатлівая любоў адно да аднаго ў такім паважным узросце – незвычайнае эмацыйнае адкрыццё для гледачоў фільма з любой краіны. Па-старэчаму лялечна ды няўклюдна яны ядуць першы сняжок, каб палепшыць зрок; дзядуля-жартаўнік сыпле на бабульку апалым восеньскім лісцем, калі тая мяце яго; бабулька прызнаецца, што больш за ўсё любіць, калі дзядуля хваліць яе за смачна прыгатаваную ежу… Пытанне аб тым, ці не пастановачныя гэтыя ідэалістычна-бесклапотныя гульні састарэлай шлюбнай пары, знікаюць, калі дзядуля пачынае хварэць. Жартаўлівае шчасце і бязрадасны фінал – просты і надзейны рэцэпт для фільма пра старасць. Цудаў не здараецца нават для шчаслівых каханкаў. І толькі прыгажосць прыроды падаецца нязменнай і вечнай.

“Соль зямлі” Віма Вендэрса – важны дакументальны аповед пра жыццё і дзейнасць аднаго з найвыбітнейшых фатографаў сучаснасці – бразільца Себасцьяна Сальгаду. Тэхнічна фільм зроблены вельмі проста: Сальгаду распавядае пра сваё жыццё і вандроўкі, Вендэрс рэтраспектыўна паказвае ягоныя фотаздымкі на вялікім экране. Фотаздымкі нараджаюць процьму супярэчлівых натужных і жорсткіх сэнсаў аб прыродзе чалавечага. Пабыўшы ў самых пякельных месцах на Зямлі – гарачых кропках у Афрыцы, Іраку, Босніі і Герцагавіне, – пастарэлы фатограф больш не можа здымаць людзей, цяпер ён здольны фіксаваць толькі прыгажосць дзікай прыроды. Магутнае выказванне аб чалавечых пакутах і здольнасцях да перараджэння. Цяжка сказаць нешта большае пра гэты фільм – яго неабходна глядзець.

Што да гульнявых стужак сёлетняга “Лістападу”, то ў гэтым рэчышчы перавага цалкам на баку азіяцкіх фільмаў. Падаецца, еўрапейскія рэжысёры, калі не займаюцца здымкамі нацягнутых сацыяльных памфлетаў пра пошукі свабоды, роўнасці ды братэрства (а менавіта такой, на жаль, атрымалася і “Франкафонія” А. Сакурава), то шукаюць выйсце ў бязлітасна жартаўлівым абсурдзе: стужкі “Голуб сядзеў на галінцы, разважаючы пра жыццё” Р. Андэрсана, “Шнайдэр супраць Бакста” А. Вармердама, “Найноўшы Запавет” Ж. Дармеля, а зрэшты, і “Маладосць” П. Сарэнціна фіксуюць гэты трэнд.

Адваротныя з’явы можна назіраць у найлепшых азіяцкіх стужках, паказаных на фестывалі: рэжысёры не толькі выказваюцца пра каштоўнасці сучаснага свету без нацягнутай іроніі або перайгранага пафасу, але і ствараюць уласную кінамову. “І горы зрушваюцца” Цзя Чжанкэ (Кітай), “Пастка” Брыянтэ Мендоса (Філіпіны) і “Могілкі хараства” Апічатпона Вірасетакуна (Тайланд) – асабістыя пераможцы на сёлетнім “Лістападзе”.

Стужка Цзя Чжанкэ з асноўнага конкурсу сёлетняга Канскага кінафестывалю ішла і ў асноўным конкурсе “Лістападу”, але ёй, безумоўна, самае месца ў праграме майстар-класу. “І горы зрушваюцца” апавядае гісторыю Кітая праз гісторыю сям’і ў тры зрэзы часу – канец 90-х гадоў, нашы дні і недалёкая будучыня. 1999 год, Кітай перажывае эканамічны бум, дзяўчынка абірае мужа – між багацеем ды бедняком выбар відавочны. У пары нараджаецца сын, бацька ў гонар уласнага багацця называе яго Доларам. Далей гісторыя пераносіцца ў нашы дні, дзе сям’я ўжо даўно скасавала шлюб, і ў будучыню, дзе Долар вырас ў далёкай Аўстраліі і не можа зразумець, хто ён. Ні кітайскай мовы, ні сваёй маці ён не памятае. Праз меладраматычнасць апавядання рэжысёр метафарычна разважае аб лёсе Кітая – праз вобраз маці, якая страціла сына, праз вобраз бацькі, якому багацце не прынесла спакою і шчасця, праз вобраз сына, які пазбаўлены пачуцця ўласнага месца. Гэта гісторыя пра страту ідэнтычнасці і традыцыйнага перажывання часу. Назва фільма “І горы зрушваюцца” – метафара часу, у імклівым бегу якога не выстаіць нішто. Сустракаючы новы 2000 год, жыхары кітайскай правінцыі масава танчаць разам на плошчы, у канцы фільма – у 2025 годзе – маці танчыць адна. У нашай будучыні страчана пачуццё супольнага і ёсць самота ў пастцы індывідуальнага. Але Чжанкэ пакідае надзею на вяртанне сына ў Кітай.

Філіпінскі рэжысёр Браянтэ Мендоса прыехаў у Мінск, каб прадставіць свой новы фільм “Пастка”. Гэтая гісторыя, цалкам заснаваная на рэальных падзеях, – пра жыццё людзей у часовым прытулку пасля прыроднага катаклізму. Тайфун Хаян знішчыў узбярэжжа філіпінскага горада Таклабан, і тыя, хто выжыў, спрабуюць выжыць і пасля яго. Сугучча гісторый найвялікшага гора філіпінскіх сямей, кінутых і лёсам, і дзяржавай. Рэжысёр па-майстэрску ўплятае ў рэалістычныя гісторыі, знятыя дынамічнай камерай, сімвалічныя ўчынкі герояў фільма, што надае агульначалавечае вымярэнне гэтай канкрэтнай трагедыі. Фільм не саромеецца выконваць сваю галоўную функцыю – выклікаць у гледача суперажыванне.

“Могілкі хараства” Апічатпона Вірасетакуна – маўклівае і ўзнёслае, паэтычнае і нетаропкае, незвычайнае і магічнае падарожжа праз жыцці людзей, дзе сон – такая ж рэчаіснасць, як і спакойная ўзнёслая радасць дзённага сонца. Салдаты спяць, энергія іх душ харчуе ваяроў, якія ў іншым свеце ладзяць свае войны. Іхны шпіталь – гэта былая школа, дзе за салдатамі назіраюць валанцёры і медыум. Спагада жанчыны-валанцёра Джынджэры абуджае ненадоўга салдата Іту. Яны вандруюць разам па ваколіцах, але яна крочыць па састарэлым парку, а ён – па старажытным палацы каралёў. Рэчаіснасць для іх мае рознае вымярэнне, але адно нязменнае ў гэтым нетаропкім харастве гісторыі – каханне. Фільм Вірасетакуна – гэта рытуал, які бярэ ў палон сваім міфалагічным узаемадзеяннем як з акторамі, так і з кадрамі, гукамі, прасторай. Багі падглядаюць за табой з экрана і ўсцешана-жартоўна нагадваюць, што рэчаіснасць – гэта нешта іншае.

Замест высноваў – крыху словаў пра беларускі “Лістапад”. Для айчынных майстроў і распіяраных аматараў, якія да асноўнага конкурсу, зрэшты, недацягваюць, сёлета быў арганізаваны нацыянальны конкурс. Але ж сапраўды варты пераможца ў ім ёсць. Гэта анімацыйны фільм “Пра вала” Яўгена Надтачэя. Візуальна дасканалая праца мастака-пастаноўшчыка і віртуозная анімацыя на дзесяць хвілін забіраюць ва ўласны сусвет. Сцэнар анімацыі зроблены паводле класічнай беларускай казкі “Ад крадзенага не пасыцееш”. Так, у гэтым фільме нас чарговы раз чакае занядбаная збяднелая беларуская вёска і беларусы, якія бясконца таўкуць гразь. Метафара бруду праходзіць праз увесь фільм, які, зрэшты, расчароўвае ў самым фінале: галоўнае ў жыцці, як аказалася, – таўчыся ў гэтым брудзе разам з усімі, каб сорамна перад людзьмі не было. І ўсё ж галоўнае не гэта, у тым ліку і ў самім фільме. Калі пакуты двух братоў і іх бацькі не выклікаюць поўнага эмацыйнага суперажывання, то бездакорны візуальны шэраг – асалода для вачэй.

 

Пятро Камень