“Лістапад” традыцыйна даводзіць, што дакументальнае кіно можа не толькі заяўляць пра сацыяльныя і палітычныя праблемы, але і захапляць мастацкай разнастайнасцю, забаўляць, смяшыць і накіроўваць адданых гледачоў насустрач натхненню.
Упэўніцеся ў гэтым на свае вочы з топам дакументалак фестывалю ад “Будзьма беларусамі”!
Асноўны конкурс Венецыі і Берліна апошніх гадоў не абыходзіцца без негульнявых фільмаў. Карціны, якія спалучаюць мастацкія вартасці і жывы водгук на выклікі сучаснасці, набіраюць рэйтынг: за некалькі гадоў у скарбонцы дакументалістаў з’явіліся і “венецыянскі леў”, і “берлінскі мядзведзь”. Зрэшты абедзве ўзнагароды на рахунку італьянскага рэжысёра Джанфранка Розі, апошні фільм якога, “Мора ў агні”, будзе прэзентаваны ў паралельнай праграме “Лістапада”. Заканамерны факт, што і ў оскараўскія лонг-лісты неангламоўных фільмаў усё часцей трапляе дакументальныя кіно. Прыкладам, у гэтым сезоне ад Славеніі будзе намінаваны фільм-расследаванне “Х’юстан, у нас праблемы”, а ад Украіны — “Украінскія шэрыфы”. Абодва фільмы таксама будуць даступныя мінскай публіцы.
рэжысёр — Раман Бандарчук
Сёлета ў ліку самых чаканых фільмаў дакументальнай праграмы — лаўрэат галоўнага фестывалю дакументальнага кіно IDFA і намінант на прэмію “Оскар” — “Украінскія шэрыфы”.
Адважныя і нястомныя “шэрыфы” Валодзя і Віктар Рыгоравіч на грамадскіх пачатках змагаюцца з непрыемнасцямі ў родным мястэчку: ім даводзіцца ратаваць жанчыну ад анаконды, сунімаць узброенага сякерай алкаша, выхоўваць аблуднага бамжа Колю. Тым часам на ўсходзе Украіны распальваецца вайна, і гэта прыўносіць ва ўкраінскі вестэрн дадатковыя сэнсы і сюжэты, драматызм і напружанне…
7 лістапада. 15:00. Кінатэатр “Мір”. Зала 1
7 лістапада. 21:20. Кінатэатр “Мір”. Зала 1
рэжысёр — Жыга Вірц
Калі пяць гадоў таму на youtube з’явіўся трэйлер будучага фільма пра сакрэтную югаслаўскую касмічную праграму, якую ў часы “халоднай вайны” таемна набылі Злучаныя Штаты і пазней дзякуючы ёй накіравалі першага чалавека на Месяц, шмат хто ўспрымаў гэта за жарт, мастацкую правакацыю. Але Жыга Вірц давёў справу да канца і пакажа сваё расследаванне ў асноўным конкурсе дакументальнага кіно на “Лістападзе”. Ці зможа рэжысёр пацвердзіць сваю пачатковую гіпотэзу, пакуль пад пытаннем.
10 лістапада. 12:30. Кінатэатр “Мір”. Зала 1
10 лістапада. 18:30. Кінатэатр “Мір”. Зала 1
рэжысёры — Руслан Фядотаў, Аляксандра Кулак
У фільме апавядаецца пра жыццё супольнасці кансерватыўных пратэстантаў, менанітаў, у Мексіцы. Лёс чальцоў супольнасці прадвызначаны, ён ва ўсім дублюе жыццё продкаў і быў закладзены стагоддзі таму. Герой фільма вагаецца, ён згадвае сваё дзяцінства, шукае адказу на самае важнае пытанне ў сваім жыцці, а разам з тым нетаропка праходзяць дні, месяцы і гады.
Да дадзенага фільма ўвага будзе асаблівая, і рэч тут не толькі ў вечных пытаннях, якія ставяць у фільме яго стваральнікі, і змястоўнай, вартай найлепшых гульнявых фільмаў карцінкай, але найперш у тым, што яго аўтары, Руслан Фядотаў і Аляксандра Кулак, — тутэйшыя, родам, адпаведна, з Магілёва і Віцебска. З гэтай прычыны фільм заяўлены не толькі ў асноўную дакументальную праграму, але і ў Нацыянальны конкурс.
8 лістапада. 12:30. Кінатэатр “Мір”. Зала 1
8 лістапада. 18:30. Кінатэатр “Мір”. Зала 1
8 лістапада. 13:30. Кінатэатр “Мір”. Зала 2
рэжысёр — Андрэй Куціла
Фільм мінулагодняга пераможцы Нацыянальнага дакументальнага конкурсу Андрэя Куцілы апавядае пра аднагодак беларускай незалежнасці, пакаленне 25-гадовых. Дакументальныя замалёўкі з жыцця пяці герояў робяць пэўны “сацыялагічны зрэз” і дазваляюць “цвяроза зірнуць навокал”.
Фестывальная прэм’ера фільма адбудзецца на “Лістападзе”, але ўжо цяпер гэты фільм выклікаў завочную дыскусію сярод кінааглядальнікаў: хтосьці вінаваціць стужку ў залішняй сацыяльнай тыпажнасці сюжэтаў і герояў, а хтосьці бачыць у ёй “цэльную мазаіку беларускай ментальнасці”. Такі кіназнаўчы рэзананс вакол беларускай негульнявой карціны цяжка згадаць — і гэта яшчэ адзін доказ таго, што фільм нельга прапусціць!
7 лістапада. 16:30. Кінатэатр “Перамога”
8 лістапада. 12:30. Кінатэатр “Мір”. Зала 2
рэжысёр — Андрэас Фойгт
Прамежак у 25 гадоў робіцца асноватворным і для конкурснага фільма з Германіі. Стужка “Час пакажа” завяршае цыкл “Лейпцыгскіх фільмаў” (усходнегерманскі аналаг вядомага ў Беларусі праекта расійскага рэжысёра Сяргея Мірашнічэнкі “Народжаныя ў СССР”), у якім рэжысёр з 1987 года назіраў за сталеннем апошняй ГДРаўскай генерацыі. Падчас палітычных падзей пачатку 1990-х героі фільма былі падлеткамі. Іх сталенне прыпала на няпросты час: аб’яднанне Германіі выклікала кардынальныя сацыяльныя змены, але з тых часоў прайшла чвэрць стагоддзя. Што сталася з героямі?
5 лістапада. 15:10. Кінатэатр “Мір”. Зала 1
5 лістапада. 21:30. Кінатэатр “Мір”. Зала 1
рэжысёр — Сяргей Лазніца
Заўсёднік “Лістапада” Сяргей Лазніца двойчы перамагаў у Мінску ў гульнявой праграме, але ў дакументальнай секцыі яму дагэтуль не шчасціла. Гэтым разам Лазніца ва ўласцівай толькі яму манеры, апасродкавана, уважліва, але не хаваючы свайго паслання, назірае за турыстамі — наведнікамі мемарыялаў на месцы былых злачынстваў нацызму ў Еўропе. Навошта яны сюды прыйшлі? Чаго яны чакаюць?
5 лістапада. 12:30. Кінатэатр “Мір”. Зала 1
5 лістапада. 19:30. Кінатэатр “Мір”. Зала 1
рэжысёр — Віталь Манскі
Найбольш гучны расійскі дакументальны фільм сезона апавядае пра жыццё васьмігадовай школьніцы з узорнай паўночнакарэйскай сям’і, якая рыхтуецца да ўступлення ў Дзіцячы саюз. Кінематаграфісты самай закрытай краіны свету напісалі сцэнар да фільма, а ўлады КНДР пільна кантралявалі здымачны працэс, які мусіў расказаць пра ідэальнае жыццё ў ідэальнай краіне, аднак у вядомага расійскага рэжысёра было іншае бачанне…
4 лістапада. 19:00. Кінатэатр “Мір”. Зала 2
рэжысёр — Дзмітрый Махамет
Беларускі дакументаліст Дзмітрый Махамет застаецца верным свайму стылю: доўгія жывапісныя планы, павольныя панарамы настройваюць на сузіранне. Гэтым разам гераіняй стужкі робіцца бабуля, якая вяртаецца ўлетку ў вёску і спрабуе, насуперак прыродзе і хуткаплыннаму часу, адрадзіць жыццё ў часова пакінутай хаце.
6 лістапада. 14:00. Кінатэатр “Перамога”
9 лістапада. 12:00. Кінатэатр “Мір”. Зала 2
рэжысёр — Джанфранка Розі
Самы паспяховы ў фестывальным плане дакументаліст сучаснасці Джанфранка Розі адказвае на адзін з самых важных выклікаў часу для заходняга свету — міграцыйны крызіс. Фільм здымаўся на востраве Лампедуза — прамежкавым пункце для дзясяткаў тысяч мігрантаў, якія кіруюцца па лепшую долю ў Еўропу. На першым плане — гісторыя сталых жыхароў вострава, якія ўпарта адхіляюцца, спрабуюць не заўважаць нястомнай плыні мігрантаў, аднак фільм не пакідае сумневаў, што свет жыхароў Лампедузы хутка незваротна зменіцца.
11 лістапада. 21:30. Кінатэатр “Мір”. Зала 1
рэжысёр — Воля Дземка
Адразу два фільмы пазаконкурснай праграмы фестывалю прысвечаныя беларускай спеўнай культуры. Гэта стужка Арцёма Лобача “Беларускія песні: традыцыя адлегласці” і “Песні старой Еўропы…” ад Вольгі Дземка. Калі першы фільм толькі пачынае свой фестывальны лёс, то другі ўжо прагучаў на заакеанскіх фестывальных пляцоўках. Поспех фільма на амерыканскім кантыненце невыпадковы: ён здымаўся для англамоўнага гледача, рабіўся ў Злучаных Штатах, дзе стала жыве рэжысёрка фільма Воля Дземка, і адпавядае стылістыцы пазнавальных сюжэтаў на BBC.
Саўндтрэк гадзіннага фільма ўключае больш за сотню песень у выкананні аўтэнтычных спевакоў і папулярных беларускіх этна-гуртоў.
5 лістапада. 13:00. Кінатэатр “Перамога”
Актуальную інфармацыю пра фестываль, расклад і квіткі глядзіце на сайце https://listapad.com/
Алесь Лапо