• budzma.org
  • Пра нас
  • Крама
Будзьма беларусамі! Будзьма беларусамі!
telegram Tiktok www.instagram.com/budzma/ Facebook.com vk.com twitter.com youtube.com
  • Актуаліі
  • Меркаванні
  • Гісторыя
  • Літаратура
  • Музыка
  • Гатуем з «Будзьма!»
  • Гісторыя за 5 хвілін
  • Трызуб і Пагоня
  • Сармат
  • Разумняты
  • Вандруем разам
  • Афіша
16.11.2023 | Грамадства Літаратура Асоба

Лісты кахання Яўгеніі Пфляўмбаўм да беларускага паэта

І дрэвы твае у лістах адцвітання,

І вецер зрывае часцей галаву,

Але падымае цябе на світанні

Той боль, што чамусьці

любоўю завуць...

115 гадоў таму ў сям’і мінскага чыгуначніка Эргарда Пфляўмбаўма нарадзілася дзяўчынка, якую назвалі Яўгеніяй, піша Людміла Рублеўская ў «Звяздзе».


Jaŭhienija Pfliaŭmbaŭm

Ёй было наканавана доўгае, багатае на падзеі, жыццё.

Выхоўваў яе не бацька — айчым, выкладчык Сакалоўскі, якога яна вельмі любіла і які дапамог атрымаць выдатную адукацыю.

Яўгенія пісала вершы... У асяродку маладых літаратараў, на хвалі нацыянальнага адраджэння, яна і пазнаёмілася з іншым паэтам, на год маладзейшым за яе, Аляксандрам Каратаем, які ўзяў псеўданім Максім Лужанін. Яна — інтэлігентная гарадская дзяўчынка, начытаная, з вытанчанымі манерамі, ён — нядаўні вясковы хлапчук, сын дзяка сельскай царквы... Але надзелены талентам і вострым розумам, і ён цягнуўся да ўзроўню сяброўкі — і апантана назапашваў веды. А яшчэ быў падобны да Маякоўскага... Нават галаву галіў, як той.

Так пачалася доўгая гісторыя кахання. Усё было... У васямнаццаць, у 1926-м, Яўгенія Пфляўмбаўм стала аўтаркай калектыўнага паэтычнага зборніка разам з Зінаідай Бандарынай і Наталляй Вішнеўскай. Наступны зборнік у яе выйшаў у 1989-м.

Быў шлюб з Максімам Лужаніным. Калі яго ў 1933-м арыштавалі разам з іншымі маладымі паэтамі, былі пакутлівыя чэргі, каб перадаць зняволенаму перадачу... Шлях за каханым у Сібір. Потым ён быў на фронце, яна — у Маскве. Потым вярнуліся ў Мінск, дзе яна да канца жыцця пісала ў стол, нічога не друкуючы, перакладала сусветную класіку, падпісваючыся прозвішчам славутага мужа... А пасля яе сыходу ён, ужо зусім стары, нямоглы, разбіраў яе запісы — у сшытках, нататніках, на аркушыках, перапісваў, рыхтаваў да публікацыі... У аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа захоўваецца перапіска Лужаніна і Пфляўмбаўм. Нават знешне тыя лісты вельмі адрозныя — у Лужаніна дробны роўны почырк, Яўгенія піша размашыста, імкліва, літары нібы крычаць... Радкі напоўненыя каханнем.

Maksim Lužanin

Такая напруга, такая адточанасць думкі і гуку, такая жарсць... Так цяпер ніхто не лістуецца. Давайце згадаем урыўкі з лістоў таго часу, калі Яўгенія рыхтавалася ехаць да мужа ў Сіблаг. Гэта было цяжка... Трэба было знайсці грошы. Зняволенага паэта пераводзілі туды-сюды... Урэшце ён апынуўся ў будаўнічым гарадку ў Марыінску. У абодвух бракуе цёплага адзення, прыстойнага абутку, яны клапоцяцца аб здароўі адзін аднаго — і апантана чакаюць сустрэчы.

Яна:

«09.10.1933. Атрымала тры твае лісты. Такія яркія, ці ад сібірскага снегу, ад бадзёрасці тваёй ці ад майго чакання. Цяпер жыву магчымасцю зусім блізкай сустрэчы. Калі б цябе пакінулі ў Новасібірску да заканчэння тэрміну, — я зараз жа выехала б да цябе... Напішы мне пра ўсё, маючы на ўвазе толькі адно тое, што нам трэба быць разам — так будзе ярчэй і жыццё, і праца, і радасць. Хочацца ў Сібір, у халодны чысты снег, у свежасць новага нашага жыцця. У мінулым нічога не шкада. Чаму ты не ўзяў ні курткі, ні цёплых бурак? Вось цяпер мерзнеш у чаравіках, і я нічым не магу дапамагчы. Напішы, ці можна даслаць табе пасылку? Толькі напішы так, як у сапраўднасці, а то ты напішаш, што нельга, каб не прычыняць мне клопату. Ведаю я твой родны ўпарты позірк».

Ён:

«12.11.1933. Дакладней і цвярдзей хадзіць мне зараз, думаючы пра цябе. Хоць гэта мала, але ведаю, што ты бадзёрая, пачуў цябе пасля бясконца доўгіх дзён і начэй. Дзявятага адказаў на твой ліст ад 26-га, а ўчора атрымаў паштоўку. Увечары позна прыйшла яна да мяне, азорыла мутнаватую ноч, паклікала сёння радаснае сонца... Добра, што зноў стала цёпла, і адтуль, дзе ты, — мяккі, зусім не па-зімоваму, хвалюючы вецер. Ідзеш, усміхаючыся сонцу майму, жмурачыся ад белі. Вох, як сонечна! Адчуваю побач думкі, вочы твае. І ўжо расцвітаюць сінія гарызонты блізкай, неабсяжнай, бязмежнай будучыні».

Яна:

«8.11.33. Масква. Дні два я блізкая была да вар’яцтва. Трымалі твае рукі, твае родныя вочы, наша сустрэча. Цяпер пакіну ўсё, абы да цябе, пакліч мяне хутчэй, у любыя абставіны. Сцярплю ўсё, абы разам. Бо так даўно, так доўга без цябе я больш не магу... Як ты там? Так даўно няма ад цябе вестачкі! Заінеў ты ад сцюж, родны мой, холадна табе?.. Сонца снежнага табе, сілы».

Ён:

«1933. Як я хачу цябе бачыць! Стагоддзі нібыта ўсталі паміж намі. І клічу цябе кожным рухам, кожнай думкай. І ў клічы ўсё ясней і магутней забываецца сінеча, пырскае з вачэй сіла і бадзёрасць, ярчэйшыя ўсплываюць агні над горадам. Адзін у вялікім пакоі. І праз змрок акна, праз шматкі снегу — твар твой, родны... Няма разлукі ў нас. Добрай табе ночы! Спакою».

Яна:

«13.11.1933. Родны мой! Няўжо не атрымаў ты да гэтага часу ніводнага майго ліста? Па-ранейшаму трывожышся аб пашпарце, аб працы маёй... А я ж столькі жадала табе ў лістах спакою і радасці нашай... Цяпер засталося адно — дабіцца таго, каб быць разам. На дарогу патрэбны грошы. Пасля месяца працы ў Белліце яны будуць у мяне, прынамсі, на квіток. Астатняе дасць энергія і вялізнае, як бясконцыя кіламетры да снягоў тваіх, маё жаданне бачыць цябе.

Kniha

Ён:

«20.11.1933. Буркатлівы стары паклаў мне на стол твой ліст. І добрым-добрым здаўся. Вось што ты робіш праз вялізны скрутак прасторы! Сем дзён імчыцца да мяне слова родных вуснаў тваіх. Сем дзён цягнецца яно ў шэрым канверце, каб расцвісці ў мяне ў руках нябачанымі кветкамі нябачаных вясёлак, гарэць не згасаючы. Пятае яно сёння, слова тваё, пяць вялікіх-вялікіх радасцей у адну гэтую дэкаду. Дзявятага — першае, а перад гэтым месяц нясцерпнага чакання, трывогі і разнастайных здагадак. Уначы адчуў, ідучы дадому, што гэта немагчыма. Трэба быць разам нам, а да астатняга праб’ем дарогу».

Яна:

«20.11.1933. Так доўга ідуць лісты. Я ведаю толькі тое, пра што думаў, чым дыхаў ты 6-7 дзён таму. А зараз, а ўчора, а ўначы? А ці заўсёды і ўсюды без мяне? Калі ты атрымаеш гэты ліст, я ўжо буду вельмі блізкая да дарогі насустрач табе... Толькі беражы сябе радасным, бадзёрым, здаровым да майго прыезду. Беражы, таму што вельмі цяжка будзе, калі сустрэну цябе з затуманенымі вачыма. Зберажэш? Ведаю, упэўнена як у сабе, і невымерна больш. Родны мой, Аль! Як радасна думаць аб тым, што разам... Хутчэй бы перагартаць пакінутыя дні. У тваім горадзе шмат святла. Ты чытаеш Тэкерэя, працуеш, думаеш, дыхаеш. А мой горад кажа мне — едзь, тады я пакахаю цябе больш і паклічу назад. Зберажы сябе!»

Ён:

«21.11.1933. Папярэдзіў цябе тэлеграмай, што сёння балюча і нечакана звалілася вестка аб пераездзе. Выязджаць трэба некалькі паўночней, у Марыінск, за пару дзён зматаўшы пажыткі. А я ўжо жыў думкай убачыць цябе тут, бачыў ужо, разам былі. Такое ўжо нешанцаванне ў жыцці, як кажаш ты... Цяжка, але не згасаюць галасы бадзёрасці, не апускаю я галавы. Сілаю ўсёй кідаюся на дапамогу табе — нашу сустрэчу мы адваюем усё ж такі...

...Чакаю і баюся клікаць цябе сюды ў глуш, у мароз, у малярыю. Баюся за здароўе тваё, за сілу... Не падрыхтавана ж ты ні да шляху, ні да жыцця тут, у якім будзе нямала складанага і цяжкага. Але чамусьці я зусім не адчуваю ні расстання, ні адлегласці паміж намі. Бачу цябе, сустракаю цябе, чакаю тваіх слоў».

Яна:

«20.07.34. Мінск. Як мала патрэбна жанчыне. Маленькае слова і родны клопат...

...Апошні ліст твой зноў пра тое, чым я жыла ў Сібіры... І можа быць, невыпадкова: сёння ў сне я зноў была там, блукала па лесе, у багне, пры бурных рэчках і з яснасцю ў думках. Ад таго, што стала пастаянным у маіх днях, менавіта маіх — не нашых, бо гэта толькі жанчыне трэба — гэтыя твае словы бясконцай шчырасці — ветрык не падзьме — словы, якія не паўтараюцца як словы, а пачынаюць жыць жыццём таго, хто вымавіў іх. І адразу адчула трывогу. Адчула твае родныя рукі. Гэта багацце. Як заўсёды. І гэтага нельга нічым парушыць».

Чытайце яшчэ: Паэзія цішыні, або Пра што маўчала Яўгенія Пфляўмбаўм

Апошняе ў рубрыцы:

valiancina_shauchenka
Грамадства Літаратура

Памёр паэт і журналіст Алесь Мацулевіч

2 снежня ў Лідзе памёр кіраўнік літаб’яднання «Суквецце», паэт і журналіст Алесь Мацулевіч. Як паведамляе газета...

valiancina_shauchenka
Гісторыя

Андрэй Катлярчук: «Мадэрная гісторыя краіны ніяк не адужае цыкл бяспамяцтва»

Гісторык Андрэй Катлярчук у сваім фэйсбуку распавядае пра справу «Беларускага нацыянальнага цэнтра» і інжынера...

valiancina_shauchenka
Грамадства

Гісторык: «Ніколі беларусы не стаялі на краю бездані так блізка, як зараз»

Хто такія беларусы як нацыя, і куды мы ідзем? «Салідарнасць» аналізуе беларускі нацыянальны характар і спрабуе знайсці...

valiancina_shauchenka
Гісторыя

Унікальнае мястэчка ва Усходняй Беларусі з сімваламі заходняй цывілізацыі: Цімафей Акудовіч пра 5 цудаў Смалян

Усходняя Беларусь лічыцца не надта багатай на гістарычныя славутасці. Але варта наведаць Смаляны на ўскрайку Віцебшчыны,...

Апошнія навіны

    Грамадства Літаратура
    Памёр паэт і журналіст Алесь Мацулевіч
    Гісторыя
    Андрэй Катлярчук: «Мадэрная гісторыя краіны ніяк не адужае цыкл бяспамяцтва»
    Грамадства
    Гісторык: «Ніколі беларусы не стаялі на краю бездані так блізка, як зараз»
    Гісторыя
    Унікальнае мястэчка ва Усходняй Беларусі з сімваламі заходняй цывілізацыі: Цімафей Акудовіч пра 5 цудаў Смалян
    Асоба
    Аляксандр Ждановіч: «Самае складанае ў эміграцыі — невядомасць, і, калі на гэтым засяроджвацца, можна звар’яцець»
    Мастацтва
    Карціны 13 беларускіх і ўкраінскіх мастакоў выставілі на дабрачынным аўкцыёне ў Беластоку
    Музыка Гітара Мулявіна
    Рэп-скаргі на “добрых” суседзяў, флэшбэкі ў мінулае і эндарфіны. Аб чым яшчэ спяваюць беларускія музыкі напачатку зімы?
    Грамадства
    Прыбралі з музея, бо людзі працягвалі на яго маліцца. Выкупленыя беларусамі эскізы праліваюць святло на невядомы раней абраз з Чырвонага касцёла
    Літаратура Беларуская мова
    Абвешчаны ІІІ Міжнародны Дэкламатарскі конкурс з нагоды дня роднай мовы 2024
    Грамадства
    «Шпіцыяльны погляд на Беларусь і беларусаў»: размова з аўтарам новага сатырычнага шоў «Паў першага»
    Літаратура
    Сталі вядомыя лаўрэаты прэміі «Дэбют» і прэміі імя Карласа Шэрмана
    Кіно
    Лепшыя фільмы фестываля «Паўночнае ззяння - 2023»
    Музыка
    Пайшоў з жыцця лідар гурта «Мадэра Хард Блюз» Юрый Міхайлаў
    Грамадства
    Instagram-старонка «Будзьма беларусамі!» прызнаная беларускімі ўладамі «экстрэмісцкім матэрыялам»
    Гісторыя
    У цэнтры Мінска паставяць памятны знак з макетам Мінскага замчышча

Афіша

  • 04.12 — 03.12

    Беларускі стэнд на кірмашы гістарычнай кнігі ў Варшаве

  • 04.12 — 21.01Выстава Руфіны Базловай «Ніткі супраціву» ў Кутна-Горы
  • 04.12 — 08.01Выстава «Два Паэты, два Сусветы...» у Мінску
  • 04.12 — 05.12«Мы носім свой Дом у сабе». «DOM.» — персанальная выстава Аляксандра Кот-Зайцава ў Варшаве
  • 04.12 — 13.01Фотавыстава Kanaplev&Leidik «Тата ў тэлефоне» ў Варшаве
  • 04.12 — 15.12Выстава Яраслава Кірвеля «Kirvelizm» у Варшаве
  • 04.12 — 25.12Выстава Вольгі Якубоўскай «Марш жанчын» у Фларэнцыі
  • 04.12 — 18.12Вольга Palunisa збірае анлайн-групу на адмысловы курс па выцінанках на вокны!!!

УСЕ ПАДЗЕI

Рассылка навінаў

Важнае пра нас

  • Што такое "Будзьма беларусамі!"
  • Асобы кампаніі
  • Усе праекты "Будзьма!"
  • Рэдакцыйная пошта: [email protected]

Папулярнае

    • Наша мова і наш сцяг у паўстанні 1830-га: раскрываем невядомыя старонкі
    • Лявон Вольскі прэзентаваў «Эмігрантаў» у Вільні. Фотарэпартаж
    • Войны князя Трайдэна і знішчэнне Наваградка
    • Чаму навучылася ўлада? Лявон Вольскі пра новыя «метады ўздзеяння»
    • Князь па камандзіроўцы. Таямнічы Шварн Данілавіч
© Грамадская культурніцкая кампанія «Будьма беларусамі!», 2008-2019.
Логотип