Прыём прац на конкурс «Экслібрыс» завершыўся 15 ліпеня, імёны лаўрэатаў плануецца абвесціць 6 жніўня. А на гэтым тыдні быў названы лонг-ліст намінантаў на прэмію імя Карласа Шэрмана, у якім 22 кнігі, перакладзеныя з 9 моваў 26 перакладчыкамі, выдадзеныя ў 9 выдавецтвах. І гэта далёка не апошні шанец зарэкамендаваць сябе для аматараў пераствараць прозу і паэзію.
Але для чаго сучаснаму чытачу патрэбны новыя майстры мастацкага перакладу? І якія крытэры існуюць для выбару мастаком твора? Пра гэта і шмат што іншае мы пагутарылі з Ірынай Багдановіч — перакладчыцай пераважна з польскай мовы на беларускую, творчасць якой мае ўласнае прызначэнне і ўласных прыхільнікаў.
Чаму вы перакладаеце менавіта з польскай?
У апошні перыяд існавання Рэчы Паспалітай (ХVІІІ ст.) і першы перыяд яе “постгісторыі” (ХІХ ст., у межах Расійскай імперыі) літаратурныя творы пісьменнікамі нашага краю пісаліся, як вядома, пераважна на польскай мове. Менавіта іх творы гэтага перыяду цікавяць мяне найперш і як даследчыка літаратуры і як перакладчыка з польскай мовы; менавіта таму я іх і перакладаю, можна сказаць, “вяртаю” нам, сённяшнім беларусам, нашу супольную з палякамі літаратурную спадчыну – вяртаю яе ў беларускамоўным абліччы, працягваючы гэтым самым ужо да мяне закладзеную (У. Мархелем, К. Цвіркам, М. Хаўстовічам, М. Кенькам ды іншымі) традыцыю.
Як вы пераадольваеце “перакладчыцкія бар’еры” — культурныя, моўныя? Ці шмат іх наогул, калі гаворка ідзе пра Беларусь і Польшчу?
Перакладчыцкіх бар’ераў сапраўды хапае, бо розныя сістэмы нашых (польскай і беларускай) моў, хоць яны і блізкія. Напрыклад, перакладаючы паэзію, цяжкасці спатыкаю нават тады, калі, здаецца, лексічныя супадзенні абяцаюць лёгкасць. Але здараецца зусім наадварот, бо падобныя лексічныя адзінкі амаль заўсёды маюць фармальныя адрознасці (іншы націск, іншую колькасць складоў і г.д), а гэта ўжо для паэтычнага тэксту – бар’ер, які адразу парушае рытміка-інтанацыйнае адзінства і метрычную сістэму. Таму даводзіцца шукаць сінонімы, пераварочваючы, як некалі сказаў вядомы рускі паэт, “тысячы тон слоўнай руды”. Якая ж радасць, калі на месца становіцца яскравае, дакладнае слова, а не вымушаны “лапік”. Але і да тэхнікі “лапікаў” часам даводзіцца прыбягаць.
А калі перакладаю польскамоўную прозу ХІХ ст., цяжкасці ўзнікаюць не толькі і не столькі лексічнага, колькі, хутчэй, сінтаксічнага характару, бо сінтаксіс нашых моў вельмі адрозны і “перабудоўваць” сказы даводзіцца часам у некалькі (а часам і некалькі дзясяткаў) заходаў, каб надаць тэксту натуральнасць гучання на роднай мове. А гэта вельмі важна, бо ад гэтага залежыць успрыняцце тэксту чытачом. Тут нельга, напрыклад, літаральна ісці “след у след” за аўтарам, захоўваючы паслядоўнасць канструкцый арыгінала, бо чытач заблытаецца ў пошуку сэнсу выказвання, трапіўшы ў не арганічную для яго маўленчую сістэму.
Шмат праблемаў узнікае і ў культурна-гістарычным плане, бо многія тагачасныя рэаліі не маюць аналагаў у сучаснасці, яны патрабуюць асаблівых падыходаў, тлумачэнняў або каментавання. Важна тут, на маю думку, вытрымаць дзве істотныя рэчы (або вырашыць дзве задачы): максімальна захаваць каларыт літаратурнага помніка і быць зразумелым сучаснаму чытачу. У прыватнасці, цяжкасці такога роду ўзнікаюць пры перакладзе рэалій, што тычацца старапольскай традыцыі ўжывання прозвішчаў, сямейных сувязяў, абазначэння крэўнасці, сваяцтва, займаемых пасадаў і т.д. Перакладчык тут вольны выбіраць стыль перакладу адпаведных рэалій, кіруючыся дзвюма вышэй акрэсленымі задачамі.
Для чаго, на ваш погляд, чытачу патрэбен мастацкі пераклад? У чым яго каштоўнасць?
Па-першае, для таго, каб чытач змог адчуць прыгажосць і сэнсавую прастору твора, мовай арыгінала якога не валодае, і прасякнуцца той любоўю, якой напоўніў яго аўтар. Перакладчык – пасярэднік у гэтай справе.
А па-другое, адкажу радкамі ўласнага верша, які калісьці зрабіла эпіграфам для цыклу сваіх перакладаў “З польскай паэзіі мадэрн” у зборніку “Прыватныя рымляне” (2006):
Спазнала ісціну старую
Ізноў, як тайну адкрыцця:
Дайсці праз Літару Чужую
Да сэнсу ўласнага быцця.
Над чым вы працуеце цяпер?
Па-ранейшаму ўжо працяглы час на маім працоўным стале творы пісьменніцы ХІХ ст. Габрыэлі Пузыні: заканчваю пераклад яе найцікавейшых успамінаў “У Вільні і літоўскіх дварах”, працу над якімі распачала яшчэ ў 2012 г. Гэта вельмі аб’ёмны твор, пазначаны ўсімі тымі складанасцямі, пра якія я гаварыла вышэй. Аднак паралельна крыху “адпачываю” ад перакладу гэтай звышвыкшталцонай мемуарна-мастацкай прозы, перакладаючы тагачасную паэзію: творы самой графіні Габрыэлі, Яна Чачота, Уладзіслава Сыракомлі, Антона Гарэцкага ды іншых. Пераклады іх вершаў былі апублікаваныя ў мінулым годзе ў маёй кнізе “Залатая Горка” (2016). Найноўшая ж публікацыя – пераклад даволі вялікага, у чатырох частках, верша “Касцёл у Бялынічах” Габрыэлі Пузыні, надрукаваны ў часопісе “Наша вера”, № 2 за 2017 г.
Калі б вы маглі зазірнуць у мінулае і сустрэцца з сабой – перакладчыцай – пачаткоўцам, якую параду вы б ёй (сабе) далі?
Сваім студэнтам у перакладчыцкім семінары я раю выбіраць для перакладу тое, на што адгукаецца душа. Раю таксама “адкрывацца на тэкст”, які перакладаеш, каб тэкст у сваю чаргу “адкрываўся на цябе”. Таксама яшчэ будзе важнай такая парада: перадаючы “дух” арыгінала, не забывацца на яго “літару”, а трымаючыся “літары” арыгінала, не губляць яго “дух”.
Калі ласка, распавядзіце цікавую гісторыю, звязаную з вашай перакладчыцкай дзейнасцю.
Мне, перадусім, вельмі цікава з кожнай старонкай успамінаў Габрыэлі Пузыні апынацца ў жывой рэальнасці ХІХ стагоддзя, у тагачаснай губернскай Вільні, у дварах і маёнтках беларуска-літвінскай шляхты, спазнаваць уклад іх жыцця, прысутнічаць на балях і абедах, падарожнічаць рознымі відамі конных павозак і шпацыраваць па дабраўлянскім наваколлі, гасцяваць у розных іхніх сваякоў і крэўных, прымаць гасцей, сярод якіх пісьменнікі і мастакі таго часу, і г. д.
У гэтым літаратурным “падарожжы” ў ХІХ стагоддзе як перакладчык сустракаешся часам з пэўнымі моўнымі кур’ёзамі. Напрыклад, апісвае графіня Габрыэля адну прыгожую паненку (а яна майстра слоўнага партрэта!) і сярод усяго называе яе “pęknąść z pod blachy”. Калі даслоўна перакласці, атрымліваецца “прыгажуня з-пад бляхі”… Ну і як мне гэта для сучаснага чытача перакласці, калі ўсе наймаксімальнейшыя слоўнікі (старыя і новыя, якімі я крыстаюся ў Аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў фундаментальнай навуковай бібліятэкі НАН Беларусі) даюць адназначнае тлумачэнне слова “blacha” так, як і ў нашай мове?! То бок – “бляха” яна і ёсць “бляха”, хоць па-польску, хоць па-беларуску: гэта перадусім тонкі ліст жалеза, ліставая жалезная пласціна! Ну, а для сучаснага чытача асацыятыўнае поле гэтага слова яшчэ больш, скажам так, шырокае і ўключае ў сябе, як вядома, пэўны негатыўны, кур’ёзны, сэнс…
Доўга і амаль, як кажуць, “зацыкліўшыся”, мне прыйшлося перагортваць зноў і зноў старонкі шматтамовых даўніх слоўнікаў, каб, нарэшце, знайсці, што такую назву – Blacha – меў адзін са шляхецкіх гербаў! Можна было ўздыхнуць з палёгкай, зразумеўшы сутнасць выразу пісьменніцы, якая літаральна ў двух словах апісала і красу, і радавод сваёй гераіні. Калі чытач у ХІХ ст. без цяжкасцяў разумеў, пра што тут ішлося, то сёння гэта не выклікала б цяжкасцяў толькі, магчыма, у спецыяліста па геральдыцы.
Вось такое перакладчыцкае “падарожжа” ў ХІХ стагоддзе! Для мяне – захапляльнае! І поўнае адкрыццяў. Спадзяюся, што для будучых чытачоў таксама.
Падрыхтавала Алена Босава, для lit-bel.org