Літаратурны дэсант адзначыў Дзень волі ў Гародні 25 сакавіка. Склад дэсанту быў сапраўды яскравым: Сяргей Календа, Зміцер Плян, Ярыла Пшанічны і Зміцер Вішнёў. Выступ адбыўся перад студэнтамі Гарадзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Я. Купалы.
Сустэча праходзіла ў цёплай атмасферы.
Зміцер Вішнёў апавёў пра дзейнасць выдавецтва “Галіяфы” і прачытаў некалькі ўрыўкаў са свайго новага рамана “Замак пабудаваны з крапівы”.
Паэт Зміцер Плян падчас свайго вершаванага выступу ўвесь час нешта занатоўваў на дошцы. Нібыта чытаў не вершы, а выкладаў студэнтам асновы быцця…
Сяргей Календа загіпнатызаваў сваёй вясновай лірыкай. Ягоныя творы з кнігі “Помнік атручаным людзям” былі сустрэтыя бурлівымі авацыямі. Аўтар запрасіў усіх прысутных прыехаць 9 красавіка у Мінск на прэзентацыю ягонай новай кнігі “Гіторыі (не) пра нас. Казкі”.
Легенда прасторы беларускай анархіі Ярыла Пшанічны зачытаў свае творы з будучай кнігі “Пішчавыя лішкі”. Увогуле аўтар ужо больш за дзесяць гадоў прафесійна распрацоўвае так званую “трасянку”. Таму абыякавых да словаў паэта не было.
Пры канцы была праведзеная віктарына, падчас якой пераможцы мелі магчымасць атрымаць падарунак ад грамадска-культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!”, у межах якой і прайшла творчая сустрэча.
Тэгі: Падляшша