Літаратурны вэбчасопіс “Літраж” абнавіўся на юбілей

Вэбчасопіс актуальнай творчасці “Літраж” абнавіў дызайн і функцыянал сайта. Новая версія адпрацавала месяц ў тэставым рэжыме і цяпер запушчаная напоўніцу. У гэтым годзе адзначаецца двайны юбілей рэсурса: дзесяць гадоў з моманту, калі ў 2008-м годзе праект быў створаны літаратарамі з Берасця Сяргеем Прылуцкім і Ўладзімірам Глазавым,  і пяць гадоў з яго аднаўлення ў 2013-м. Напаўненне сайту досыць дынамічнае, навінкі з’яўляюцца штотыдзень: гэта беларускія і замежныя пісьменнікі, сучаснікі і класікі, празаікі і паэты.

litrazh

Каментуе адзін з стваральнікаў праекта Макс Шчур: “Гэта вельмі важная для нас вяха, доўгачаканы падарунак сабе і чытачам. Сучаснае творчае выказванне мусіць мець адпаведную тэхнічную падтрымку, таму цяпер у нас ёсць мабільная версія, канал у Тэлеграме і магчымасць каментавання праз фэйсбук. Нязменнымі застаюцца рэдакцыя і яе палітыка: свабода творчай думкі, дэцэнтралізацыя літпрацэса і плюралізм меркаванняў”.

Дзесяць гадоў вэб-часопіс ствараўся на валанцёрскіх пачатках, але цяпер з’явілася магчымасць рабіць разавыя ці рэгулярныя ахвяраванні на платформе Patreon, якая падтрымлівае любыя тыпы банкаўскіх картак. Нязменнымі патрэбамі рэсурса застаюцца хостынг і тэхнічная падтрымка, для якіх важны кожны чытацкі рубель.

Акрамя онлайну, часопіс забяспечвае інфармацыйную падтрымку жывым акцыям у рамках праекту Belorution@Mist – чытанням беларускай літаратуры ў Празе, пераважна з удзелам аўтараў. Сёлета ў кавярні Mist ужо выступілі Вальжына Морт, Дзмітры Плакс, Дзмітры Дзмітрыеў, былі прэзентаваныя пераклады Эмілі Дыкінсан на беларускую мову і Максіма Багдановіча на чэшскую, адбылася адмысловая вечарына да стагоддзя БНР. Арганізатары абяцаюць папоўніць сузор’е імёнаў на пляцоўцы ўжо ў верасні. Сачыце за абвесткамі.

Паводле прэс-рэлізу