Ліван. Краіна, дзе дзяржава ніколі не мела абавязкаў па сацыяльных патрэбах, не налічвала пенсій

Другі год у Ліване трывае палітычны крызіс. У краіне склалася такая сістэма, калі рэлігійна-этнічныя супольнасці існуюць амаль аўтаномна ад дзяржаўных органаў. А дзяржаўная служба і палітыка сталі толькі сямейнай справай пэўнай праслойкі грамадства. Пра ўнікальнасць Лівана спецыяльна для budzma.org піша Алякcей Гайдукевіч.


У свеце існуе не адзін прыклад існавання ў краіне некантраляваных дзяржаўнымі органамі супольнасцяў і тэрыторый. Па прычынах канфліктаў - гарачых альбо ў замарожаных фазах. Такія супольнасці могуць існаваць амаль аўтаномна альбо карыстацца некаторымі сацыяльнымі праграмамі дзяржавы, якія рэалізуюцца для паэтапнай інтэграцыі ці залагоджвання канфліктаў.

А вось прыкладаў суіснавання некалькіх антаганістычных супольнасцяў, якія канкурыруюць с дзяржаўнымі органамі - няшмат. Асабліва калі канкурэнцыя адбываецца амаль мірна, дзесяцігоддзямі. Дзяржава намагаецца ўсталяваць і пашырыць кантроль на кожную сферу жыцця краіны, але ў яе гэта не вельмі атрымліваецца.
Такім спецыфічным краем з'яўляецца Ліван.

Гэтую краіну, а ў прыватнасці яе сталіцу - Бейрут называюць блізкаўсходнім Парыжам. Хаця яшчэ 30 год таму гэты горад амаль цалкам быў разбураны падчас грамадзянскай вайны.

Дзясятак рэлігійна-этнічных супольнасцяў

Асаблівасць гістарычнага развіцця рэгіёна і ўплывы з боку розных рэлігій і імперый паўплывалі на рэлігійна-этнічны склад грамадства Лівана.

Нягледзячы на тое, што тры асноўныя групы насельніцтва — мараніты-хрысціяне, суніты і шыіты (прыблізна па 30% ад агульнай колькасці) традыцыйна пражывалі вялікімі асобнымі анклавамі, раздяліць край на кантоны пасля грамадзянскай вайны 1970-ых і 1980-ых не ўяўлялася магчымым. Бо ў кожным такім анклаве меліся месцы кампактнага пражывання адной з гэтых буйных супольнасцяў, ці меншых. А мапа Бейрута ўвогуле была настолькі стракатай, што любая спроба адміністратыўнага перадзелу магла выклікаць чарговы віток гвалту.

lebanonreligiousmap.0.jpg
Фота https://photos1.blogger.com

Грамадзянская вайна паміж ўзгаданымі групамі была добрай нагодай для спробаў перадзелу ўплываў буйных краінаў рэгіёну на стратэгічна важны Ліван. Саўдыты, Іран, Лівія, Сірыя, Ізраіль намагаліся падтрымліваць адзін з бакоў канфлікту. Цалкам ад вонкавых уплываў краіне не атрымліваецца пазбавіцца і да сёння.

Адным з наступстваў вайны была 30-гадовая акупацыя часткі краіны Сірыяй. Толькі пасля гучнага забойства сунітскага прэм'ера Лівана, у выніку "рэвалюцыі кедраў" і ціску міжнароднай супольнасці сірыйскія войскі пакінулі тэрыторыю краіны.

cedar-revolution.jpg
Фота wordpress.com

Акрамя часткі шыітаў, якіх падтрымлівае Іран і Сірыя, большасць насельніцтва вітала вынікі рэвалюцыі. Хаця былая сістэма палітычнага ладу ў Ліване захавалася. Па-ранейшаму прэзідэнта абірае парламент, і ім можа быць толькі хрысціянін-мараніт, прэм'ер - заўжды суніт, кіраўнік парламента - шыіт.

Парламент таксама абіраецца па рэлігійна-этнічнаму прынцыпу - партыі канкурыруюць выключна сярод сваіх супольнасцяў. Усталяваныя такія квоты - 64 мусульманіна (27 сунітаў, 27 шыітаў, 8 друзаў, 2 алавіта) і 64 хрысціяніна (32 мараніта, 20 армянаў, 2 армяніна-каталіка, 7 праваслаўных, 1 грэка-католік, 2 пратэстанта).

Дабраахвотная сегрэгацыя

Ва ўмовах такой стракатай палітры рэлігійна-этнічных супольнасцяў, відавочна, цяжка ўлічваць інтарэсы кожнай групы. Як бы ні намагалася дзяржава быць нейтральнай, пры ўзмацненні яе ролі ў любой сферы жыцця, будзе нарастаць незадаволенасць у адным ці некалькіх сегментах грамадства, што можа пагражаць чарговым абвастрэннем канфліктаў.

З другога боку, зразумела, што такая размаітасць у Ліване захавалася дзякуючы ў тым ліку большай ці меншай аўтаномнасці існавання супольнасцяў. Адасобленнасць і ад дзяржаўных органаў, і ад іншых групаў.

Такія акалічнасці дазволілі збудаваць у краіне сістэму, калі супольнасці існуюць амаль аўтаномна ад дзяржаўных органаў. А дзяржаўная служба і палітыка сталі толькі сямейнай справай пэўнай праслойкі грамадства.

armenians-reported-injured-in-beirut-blast-catholicos-aram-i-visits-bourj-hammoud.jpg
Армянскі квартал Бейрута.Фота armenia.in-the.news

Устойлівасць сістэмы ўзаемаадносін прайшла праверку ўжо не адным крызісам, буйным тэрактам і нават вайной. І за апошнія некалькі год на долю ліванцаў выпалі сур'ёзныя выпрабаванні.

Палітычны крызіс, выкліканы няздатнасцю розных сілаў у элітах дамовіцца і пазбавіцца ад уплываў звонку, перарос у эканамічны. Стабільнасць валюты, якая дазваляла прыцягваць у развітую банкаўскую сферу грошы з багатых краінаў Персідскай затокі, абрынулася за некалькі месяцаў.

Зараз у Ліване існуе некалькі курсаў валюты, буяе чорны рынак. Рэальны курс мясцовага фунта за два гады абваліўся ў 30 разоў. Залежнасць ад экспарта прадуктаў харчавання прымусіла вялікую колькасць крамаў перайсці на шэрыя схемы працы. У выніку неплацяжоў павялічылася колькасць выпадкаў адключэння электрычнасці і інтэрнэта. Што адмоўна ўплывае на працу кампаній па забеспячэнні банкаўскіх працэсаў фінансавых гігантаў рэгіёна.

Як жа выжываюць шараговыя ліванцы ў такіх абставінах? У краіне дзе дзяржава ніколі не мела абавязкаў па сацыяльных патрэбах, не налічвала пенсій? А за навучанне ў большасці школаў, лячэнне неабходна плаціць?

Безумоўна, жыццё простых грамадзянаў істотна пагоршылася. Але прыватныя клінікі і школы, спартыўныя аб'екты не прыпынілі працу.

Бо крызісы толькі ўзмацняюць гарызантальныя лакальныя сувязі.

Варта адзначыць, што чым менш супольнасць у Ліване - тым мацнейшыя ўзаемаадносіны ў ёй і больш сістэмнасці, чым у буйнешых. Самыя вялікія рэлігійны групы ў краіне вельмі неаднародныя. І ў іх вялікую ролю маюць мясцовыя абшчыны, у якіх рэлігійныя лідары і грамадскія аўтарытэты, а не палітыкі, адказваюць за дапамогу грамадзянам, няздольным плаціць за вучобу ці лекаванне, альбо размеркаванне дабрачыннай дапамогі на патрэбы больш бедных абшчынаў па ўсёй краіне.

Напрыклад, вядомы факт, што маранітская царква валодае лепшымі пляжамі ў Ліване. Сродкі атрыманыя ад наведвальнікаў ідуць не толькі на функцыянаванне царквы, але і на працу лякарняў для бедных хрысціянаў у горных раёнах паўночнай часткі краіны.

Найбольш уплывовыя шыітскія арганізацыі атрымліваюць фінансаванне з Ірана, што дазваляе ім мець сапраўднае прафесійнае войска, здатнае супрацьстаяць Ізраілю на поўдні Лівана. Але і сацыяльныя функцыі яны таксама выконваюць.

hzbula-1024x682.jpg
Фота eureporter.co

Аспект бяспекі найбольш праблемны для хрысціянскіх супольнасцяў, бо пасля грамадзянскай вайны, у 90-ыя іх узброеныя аддзелы былі прымусова расфарміраваныя. І калі шыітскія мілітанты нават кантралююць асобныя памежныя пераходы з Сірыяй, хрысціяне вымушаныя спадзявацца толькі на дзяржаўнае войска і паліцыю. Лёгка ўзброеныя валанцёрскія групы ў выпадку выбуху сур'ёзнага міжрэлігійнага канфлікта істотны адпор прафесійным байцам шыітаў і сунітаў не здзейсняць.

Пытанне бяспекі для хрысціянаў вельмі істотнае, у адрозненне ад мусульманаў яны не маюць значнага знешняга фінансавання, але і ад дапамогі шматмільённай дыяспары не адмаўляюцца.

Апошняя краіна з традыцыйным ладам суіснавання

За адасобленасць існавання рэлігійна-этнічных супольнасцяў ад дзяржавы, падтрыманне аўтаномнага жыцця нават невялікіх групаў, фінансавыя свабоды і адсутнасць дзяржаўных сацыяльных інстытутаў, некаторыя называюць Ліван адной з апошніх традыцыйных краінаў у свеце.

Да апошняга часу ў фінансавым плане Ліван быў даволі паспяховым. Гэта выклікала здзіўленне ў прыхільнікаў уплыву дзяржаўных органаў на ўсе сферы жыцця грамадства, манаполію на сацыяльную працу.

Зараз Ліван напаткаў сур'ёзны крызіс, які можа разбурыць не толькі ўяўленне аб апошнім традыцыйным грамадстве, але і ўласна краіну.

Паставіць пад сумнеў эфектыўнасць падобных сістэмаў суіснавання супольнасцяў. І давесці, што мір і дабрабыт Лівана былі абумоўлены адно ўплывамі моцных суседзяў і фінансавымі плынямі ад нафтавых алігархаў.


Аляксей Гайдукевіч, budzma.org