Не шукайце логікі ў гвалце

Аляксей Гайдукевіч піша на budzma. by пра тое, што адбывалася тыдзень таму на беларускіх вуліцах.


У сучасных рэаліях распаўсюду і вартасці інфармацыі страта кантролю над гвалтам у грамадстве можа мець сур’ёзныя наступствы не толькі для асобных грамадзян, але і для супольнасцяў і цэлых дзяржаваў.

Ужо не мае значэння, хто пачаў першы ці хто вінаваты ў тым, што дэман гвалту быў выпушчаны на беларускія вуліцы. Ужо цяпер ягоны дух трапляе ў самыя патаемныя закуткі нашых душаў. Па-за залежнасцю ад нашых палітычных поглядаў і памкненняў. І спараджае новы, яшчэ большы гвалт, жаданне помсты.

14 ліпеня ў некалькіх беларускіх гарадах, дзе адбываліся акцыі пратэсту, над натоўпамі людзей літаральна лунаў дух гвалту. Паступова ён апаноўвае розумы ўсіх.

Калі ён вырвецца вонкі наступным разам і як — залежыць ад працэсаў, якія на сённяшні момант звязаныя з палітычнымі падзеямі і выбарамі прэзідэнта Беларусі. А можа, заўтра гэта будуць эканамічныя патрабаванні ці незадаволенасць экалагічным становішчам, хто ведае.
У любым выпадку рубікон і знак «стоп» пройдзеныя.

Віктар Марціновіч: World of Warcraft па-беларуску

Успомніце стан і настроі ў грамадстве яшчэ год таму. Магчыма, вы адзначыце, што нават ўявіць сабе не маглі падзеі, якія накатваюць на краіну і нашу свядомасць з кожным новым днём і тыднем.

Безумоўна, маюць рацыю тыя, хто сцвярджае, што такія трансфармацыі калектыўнага розуму можна накіроўваць і маніпуляваць імі.

Супрацоўнікі міліцыі сутыкаюцца з гвалтам штодзённа. Можна сказаць, яны прызвычаеныя быць сведкамі гвалтоўных дзеянняў і маюць добры досвед выкарыстоўваць гэты небяспечны інструмент. Але нават для іх сённяшнія падзеі на вуліцах беларускіх гарадоў хутчэй незвычайныя.

У некаторыя моманты была відаць разгубленасць супрацоўнікаў органаў, калі натоўп адказваў гвалтам на гвалт.

Здаецца, сёння межы за якія ніхто не толькі не заходзіў, але і баяўся сабе ўявіць, паступова сцерліся. Ком гвалту толькі расце, гэта відавочна. І хто ведае, можа, праз некалькі тыдняў, месяцаў ці гадоў сённяшнія падзеі мы будзем успрымаць як лёгкую забаву ў параўнанні з тым, што нас чакае ў недалёкай будучыні.

Дэманы гвалту ўжо на нашых вуліцах

Кожны чалавек, які пусціў у сваю душу дэманаў гвалту, можа страціць кантроль над сабою. І за пэўны час развучыцца стрымлівацца ў канфліктных сітуацыях, вызваляць дэманаў кожны раз. Асабліва калі «апраўданнем» ёсць выкананне службовых абавязкаў ці супрацьстаянне несправядлівым дзеянням.

Цалкам імаверна, што адмыслоўцы добра ведаюць, як накіроўваць гвалт, у тым ліку на неабходныя сацыяльныя групы, палітычных апанентаў. Адзін з прыёмаў — спрашчэнне абставінаў і наданне пэўнай групе ролі і назвы. Таму і з’яўляюцца акрэсленні кшталту «ворагі», «апазіцыя», «рэжым» і іншыя.

Чытайце таксама: Ласкава вітаем у новым сярэднявеччы!

У такой парадыгме ў розумах удзельнікаў з’яўляюцца толькі ўмоўныя «мы» і «яны». Спрошчаная карціна свету патрабуе простых рашэнняў. А самым простым рашэннем робіцца гвалт. Небяспеку фармавання ў агульным сумленні такой сістэмы каардынат, здаецца, наша грамадства ўжо прайшло.

Шукаць логіку ў дзеяннях пратэстоўцаў ці ўладаў на беларускіх вуліцах сёння — цалкам марная справа. Большасць гэтых людзей выхаваная ў атмасферы адсутнасці маральных аўтарытэтаў. Многія пратэстоўцы і прадстаўнікі ўлады 14 ліпеня кіраваліся не здаровым глуздам, але плылі ў плынях адрэналіну, які нібыта добрыя рэжысёры разлілі на вуліцах беларускіх гарадоў.

Мірных акцый больш можа і не быць

Трэба прызнаць, што гвалтоўныя памкненні, як і любыя эмоцыі, можна кантраляваць і не даваць ім волі. Але для гэтага трэба карыстацца складанымі аргументамі, уздзейнічаць на калектыўнае сумленне, апелюючы да агульных для вялікай колькасці людзей каштоўнасцяў. Напрыклад, духоўных і патрыятычных.

Але як бы прыкра гэта ні гучала, варта прызнаць, што ў Беларусі ў большасці грамадзян з гэтымі неабходнымі для кожнага каштоўнасцямі ёсць праблемы.

Выбары-2020: Навокал ворагі!

Нават з нацыянальнай самаідэнтыфікацыяй, якая размытая расійскім інфармацыйным полем.

Магчыма, мірных акцый пратэсту ў Беларусі мы ў найбліжэйшы час можам і не ўбачыць. Абодва бакі супрацьстаяння паступова страцілі такі досвед. А гвалтоўны шлях вельмі хутка яго выцясняе. Так прасцей, так дыктуюць эмоцыі і прага адрэналіну.

Дзе тая мяжа, калі большы гвалт ужо не выклікае пачуццё страху і прымушае скарыцца, а наадварот, выклікае гвалт у адказ, нараджае ў калектыўным розуме пачуццё азарту?

І тое, што яшчэ ўчора задавалася смяротна небяспечным, пачынае ўяўляцца вясёлай гульнёй з затрыманнямі, разбітымі галовамі і пагонямі па вуліцах гарадоў.

Аляксей Гайдукевіч, budzma.org



Сачыце за нашымі публікацыямі ў TelegramFacebookВконтакте ды Twitter! А ў нашым Instagram вас чакаюць яскравыя фота!

Меркаванне аўтараў сайта budzma.org можа не супадаць з пазіцыяй кампаніі «Будзьма беларусамі!»