Аляксей Гайдукевіч піша на budzma.org пра заявы некаторых дзяржаўных чыноўнікаў, якія нават не спрабуюць знайсці кампраміс у дыскусіі з апанентамі ўлады.
Крымінальныя працэсы супраць палітычных канкурэнтаў падчас перадвыбарчых кампаній заўжды падобныя на ціск і могуць адмоўна адбівацца на міжнародных стасунках. У першую чаргу з увагі на палітычныя рэаліі ў краінах-суседках. Незалежна ад таго, падзяляеце вы гэтыя каштоўнасці ці не.
Пераслед канкурэнтаў Лукашэнкі на выбарах яскрава прадэманстраваў замежным палітыкам відавочнае аслабленне сістэмы ў Беларусі. І дадаў новыя нагоды для ціску пры любых перамовах і ўзаемадзеяннях.
Добра гэта ці не, але пабудаваная ў свеце сістэма вымагае ад удзельнікаў прытрымлівання пэўных правілаў. Інакш, пры ўмове недастатковага ўплыву на сусветную геапалітыку і невялікай значнасці, сістэма ўводзіць санкцыі, аказвае палітычны і вайсковы ціск. Падзеі апошніх 30 гадоў у свеце ёсць безумоўным гэтаму доказам.
Але сёння ў Беларусі выбары — гэта не дыялог ці дыскусія, спаборніцтва ідэалогій ці дамоўленасці паміж прыхільнікамі розных або падобных стратэгій развіцця краіны. Ужо 20 гадоў нам намагаюцца давесці, што выбары — гэта выклік і барацьба за існаванне краіны як такой.
Пры ўсіх хібах сучаснай дэмакратыі «заходняга разліву», варта звярнуць увагу на тое, што нават у посткамуністычнай Польшчы выбары даўно не «конкурс абяцанак» для розных электаральных груп або «барацьба за выжыванне».
Сёлетняя прэзідэнцкая гонка ў суседняй краіне яскрава дэманструе канкурэнцыю паміж рознымі эканамічна-сацыяльнымі канцэпцыямі. Што ў выніку і прывяло да другога тура, у якім спаборнічаюць мэр Варшавы, прадстаўнік ліберал-дэмакратычнага крыла польскай палітыкі, і дзейны прэзідэнт, які ўвасабляе кансерватыўнейшую частку грамадства.
Паводле некаторых звестак, палітычныя сілы ў Польшчы цяпер вядуць перамовы з ідэалагічна блізкімі былымі канкурэнтамі на гэтых выбарах. Галоўная задача — засяродзіць электаральныя групы былых сапернікаў па гонцы на сваіх кандыдатах.
Не пераразмеркаваць подпісы ад аднаго кандыдата ў прэзідэнты да іншага, а пераканаць тых, хто галасаваў за пэўнага кандыдата, у другім туры аддаць свой голас ідэалагічна блізкаму канкурэнту.
Гэта яскравая дэманстрацыя станоўчай і карыснай дыскусіі і кансалідацыі частак грамадства вакол пэўных ідэалагічна блізкіх канцэпцый развіцця краіны.
Як на гэтым фоне выглядае «мабілізацыйная» рыторыка кіраўніка грамадскага аб’яднання «Белая Русь» з раздачай вызначэнняў «ворагі народа» канкурэнтам дзейнай улады?
Фота – belayarus.by
Беларускія ўлады апошнім часам імкнуцца рознымі спосабамі весці дыялог з Захадам, але, напэўна, пры гэтым усё ж не варта падчас палітычных працэсаў у краіне называць кожнага апанента ворагам.
Наколькі такога кшталту заявы кіраўніка найбуйнейшага грамадскага аб’яднання адпавядаюць «высокаму званню» дэмакратычнай краіны, якой называюць Рэспубліку Беларусь улады?
Падаецца, што менавіта такія заявы якраз больш раздзяляюць грамадства і могуць справакаваць канфлікты і нават нянавісць.
Беларусы ўжо прызвычаіліся да заяваў пра «расхістванне чоўна». Кожныя выбары ўлады намагаюцца зрабіць змаганнем з ворагам, які імкнецца разбурыць краіну. Ці настане час, калі выбары ператворацца ў нагоду для ўзгаднення кірункаў развіцця грамадства і дзяржавы паміж прыхільнікамі розных канцэпцый, станоўчай дыскусіі?
Аляксей Гайдукевіч, budzma.org
Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram, Facebook, Вконтакте ды Twitter! А ў нашым Instagram вас чакаюць яскравыя фота!
Меркаванне аўтараў сайта budzma.org можа не супадаць з пазіцыяй кампаніі «Будзьма беларусамі!»