У дзень памяці таленавітага беларускага пісьменніка даваеннай пары Лукаша Калюгі, прыгадваем на budzma.org некаторыя моманты з яго жыцця.
У жыцці пісьменніка звалі Канстанцін Вашына, па-беларуску Кастусь, сам ён быў з простай сялянскай сям’і. Нарадзіўся 27 верасня 1909 года ў вёсцы Скварцы. Тады гэта быў Мінскі павет, а цяпер Дзяржынскі раён Мінскай вобласці.
З малых гадоў быў адораным і цікаўным да вучобы. Войны, што пракаціліся па беларускай зямлі не давалі нармальна вучыцца хлопчыку ў школе. Таму паступіць у Станькаўскую сямігодку Кастусь змог толькі ў 1921 годзе, а скончыў яе ў 1925 годзе. У наступным годзе ён паступіць у Магілёўскі педтэхнікум, але праз месяц з нейкай асабістай прычыны кіне вучобу ды вернецца дамоў. Будзе дапамагаць бацькам па гаспадарцы.
У гэты час і праявіцца ягоная любоў да чытва. Тажы гэта не было дзівам — кнігі для сялянскіх дзецей былі рэдкасцю і ці не адзінай мажлівасцю глянуць на іншае жыццё. Таму ставіліся яны да іх, як да сапраўднай каштоўнасці. Тое было і з нашым героем, які паспяваў працаваць і фізічна, і інтэлектуальна. Па ўсім відаць, акурат чытанне і зматывавала яго на тое, каб самому ўзяцца за пісьмо.
Дэбютныя творы пісьменніка, якія ён напісаў і даслаў у 1926 годзе, так і не былі надрукаваныя ў «Чырвоным Сейбіце». Рэдакцыя адмовіла ў публікацыі, але параіла маладому аўтару развівацца. Чым і заняўся Кастусь. З часам ён стаў «селькорам» — яго невялікія допісы аб вясковым побыце пачалі з’яўляцца на старонках газеты. А ўжо ў 1927 годзе з’явяцца і першыя апавяданні «Вясна» і «У Клянках».
Лукаш Калюга
Цікавымі застаюцца версіі аб выбары пісьменнікам псеўданіма: калі з імем Лукаш усё зразумела, то вось Калюга выклікае пытанні. Так нібыта называлі копанкі з торфам у мясцовасці, дзе жыў літаратар. Адна з такіх копанак была і каля Скварцоў. Агулам жа ў беларускай моўнай прасторы так завецца яма ў дарозе, выбітая коламі. Аднак ва ўспамінах сучаснікаў можна таксама сустрэць меркаванне, што выбар такога «прозвішча» мог быць звязаным з аднайменнай вёскай на Уздзеншчыне. Але хоць бы якая сувязь тут зусім не праглядаецца.
Так ці іначай, але ў хуткім часе Лукаш Калюга быў заўважаны. Ягоныя творы былі высока ацэненыя Кузьмом Чорным, які на той момант быў сам яшчэ маладым аўтарам, але ўжо не пачаткоўцам. Паміж імі складуцца прыязныя стасункі, і ў 1930 годзе яны нават перакладуць разам аповесць Пятро Панча «Блакітныя эшалоны». У 1928 годзе Калюга паступае ў Беларускі педагагічны тэхнікум імя Усевалада Ігнатоўскага. Гэтая падзея будзе лёсавызначальнай для яго ва ўсіх сэнсах, бо менавіта там ён пазнаёміцца і пасябруе з Сяргеям Астрэйкам — нават у высылцы яны будуць падтрымліваць сяброўскія стасункі.
Фота: Сяргей Астрэйка
Беларускі педагагічны тэхнікум — надзвычай цікавая навучальная ўстанова ў міжваеннай Беларусі, дзе вучылася мноства вядомых у будучым асоб. У яе сценах выгадавалася некалькі дзясяткаў літаратараў і небыякавых да беларускай культуры дзеячаў, якіх потым без пары змяце віхур сталінскіх рэпрэсій.
Менавіта Калюга і Астрэйка будуць прыгадвацца потым сучаснікамі, як адны з самых заўважных, неардынарных і яскравых навучэнцаў. І адзін, і другі мелі круты нораў і добрае пачуццё гумару. Гэтыя несумненныя плюсы для характараў маладых людзей згуляюць з імі потым злую ролю...
У тым жа самым 1928 годзе часопіс «Узвышша», якое выдавала аднайменнае літаратурнае аб’яднанне«, апублікуе аповесць Калюгі з красамоўнай назвай «Ні госць, ні гаспадар». Пасля гэтай публікацыі ўвагу на маладога пісьменніка звярнуў і Максім Гарэцкі, які быў не толькі сам пісьменнікам, але і летапісцам гісторыі развіцця маладой беларускай літаратуры.
У наступным, 1929 годзе, у гэтым жа часопісе будзе апублікаваны адразу цэлы шэраг апавяданняў. Пасля друкавацца Лукаш Калюга пачне і ў легендарным «Полымі», і ў «Чырвонай Беларусі». За даволі хуткі час, нейкія два-тры гады, ён стане не толькі заўважным маладым аўтарам, але і таксама даволі пладавітым. Праўда, па горкай іроніі лёсу ніводнай са сваіх кніг ён так і не паспее патрымаць у руках...
Яшчэ ў траўні 1926 года было створана літаратурнае аб’яднанне «Узвышша», якое сабрала пад сваёй шыльдай найбольш таленавітых маладых пісьменнікаў 1920-х. Засноўвалі новую суполку такія вядомыя і прызнаныя цяпер літаратары, як Уладзімір Дубоўка, Адам Бабарэка, Кузьма Чорны, Язэп Пушча і Кандрат Крапіва. Да гэтага яны з гучным скандалам выйшлі з пралетарскага «Маладняка», які за некалькі гадоў свайго існавання ператварыўся ў нейкую сходку рамеснікаў ад літаратуры. Сама назва «Узвышша» паказвала на тое, што сябры аб’яднання пратэстуюць супраць прыземленасці ды схематычнасці ў літаратуры. Таму зусім не дзіва, што Лукаш Калюга далучыўся менавіта да гэтай культурніцкай тусоўкі. Праўда, ненадоўга.
Фота. Літаратурнае аб’яднанне «Узвышша». Першы шэраг: Я.Пушча, А.Бабарэка, У.Дубоўка, К.Чорны, З.Бядуля, К.Крапіва. Другі шэраг: М.Лужанін, С.Дарожны, А.Адамовіч, Т.Кляшторны, У.Жылка, В.Шашалевіч, П.Глебка. Менск. 1929 г.
Ужо ў 1931 годзе, калі ў Савецкім Саюзе распачалася ўніфікацыя літаратурнага жыцця, «Узвышша» перастала існаваць. А некаторыя яго актыўныя сябры апынуліся за кратамі — той жа Уладзімір Дубоўка.
У тым жа 1931 годзе пачынаюцца праблемы і ў Лукаша Калюгі. Па адной версіі ён паспяхова скончыў тэхнікум, па іншай вымушаны быў яго пакінуць, па трэцяй пайшоў працаваць, бо хацеў развівацца ў літаратуры. Так ці іначай, але яго пачынаюць называць «узвышанскім лазутчыкам» і «пачынаючым нацдэмам». Згушчаліся хмары і над галавой ягонага сябра.
У той час Сяргей Астрэйка напісаў сваю вядомую паэму «Бенгалія» нібыта пад уплывам прыезду ў Савецкі Саюз індыйскага паэта Рабіндраната Тагора ўвосень 1930 года. Там не проста распавядалася пра гісторыю паняволенага народа, але праводзіліся паралелі з Беларуссю. З відавочнага — Заходняй Беларусі, якая была пад палякамі, з невідавочнага — Савецкая Беларусь у складзе СССР. Рэч у тым, што паводле згадак сучаснікаў, сам Астрэйка ніколі не адмаўляў адну версію на карысць другой. Маўляў, як хочаце, так і разумейце: можна і так, а можна і гэтак.
У пачатку 1933 года і Сяргея Астрэйку, і Лукаша Калюгу арыштуюць. Праходзіць яны будуць па адной справе, нават прысуд падобны — пяць гадоў высылкі з Беларусі — і адбываць яго яны будць у адным месцы — горадзе Ірбіце ў Свярдлоўскай вобласці.
Лукаш Калюга не кіне пісаць. У выгнанні ім будуць пачатыя, але так і не скончаныя аповесці «Дзе косці мелюць», «Зэнка малы ніколі не быў», «Зоры вам вядомага горада» і раман «Пустадомкі». Увосень 1937 года і яго самаго, і Сяргея Астрэйку, паўторна арыштуюць і прысудзяць да смерці.
Ад моманту расстрэлу пройдзе 20 гадоў і пісьменнік будзе рэабілітаваны. Яго талентам зноў будуць захапляцца, у друку з’явяцца асобныя творы і кнігі. Але ж сам трагічны лёс яшчэ доўгі час будуць імкнуцца абмінаць.
Чытайце яшчэ: Сяргей Астрэйка: «Я стаяў ля дарог». Да 110-годдзя з дня нараджэння паэта
Л.Г. budzma.org, фота з адкрытых інтэрнэт-крыніцаў