У аўтарскай рубрыцы «Мама, не журыся» на budzma.org Лявон Вольскі піша пра чарговую сакральную рэч, абясцэненую тымі ж, хто, здаецца, больш за ўсіх кажа пра сакральнасць падобнага.
За савецкім часам на «Беларусьфільме» (які за вочы называлі «Партызанфільмам») зьнялі сэрыю прапагандысцкіх фільмаў пад агульнай назваю «Дзяржаўная мяжа». Маўляў, вось яно — гэтае мейсца, сьвятое для ўсіх нас, савецкіх людзей, палітае крывёй, потам і сьлязьмі. І далей у гэтым рэчышчы.
У школе распавядалі гісторыі пра гераічных савецкіх памежнікаў, якія высачылі ды абясшкодзілі дывэрсанта, нягледзячы на тое, што ён начапіў на свае боты капыты дзіка. Гэты хітрык быў задуманы заходнімі лялькаводамі, каб нашыя савецкія памежнікі паглядзелі на гэтыя сьляды й падумалі сабе: «Нічога небясьпечнага, дзік гойсаў. Іх тут шмат бегае!». Дык вось не падумалі. Убачылі дасьведчаным вокам розьніцу паміж сапраўднымі сьлядамі дзіка і гэтымі, бутафорскімі. Знайшлі і абясшкодзілі.
І наагул, якія б хітрыкі не прыдумлялі падступныя заходнія ворагі, заўсёды іх, гэтых няўклюдных, нягеглых ворагаў, высочвалі і абясшкоджвалі.
Вось ён, годны савецкі памежнік, стаіць на варце сацыялістычных каштоўнасьцяў. Пачуў падазроны гук і адразу — аўтамат напагатове — «Стой, хто ідзе?». Маўчаньне. «Стой, страляць буду!», — і адкрывае агонь на паражэньне. Каб ніхто не праскочыў, не прасмактаўся, не прапоўз.
Прыйшлі іншыя часы. Усе пачалі езьдзіць туды-сюды праз гэтую мяжу. І мы ўвачавідкі пабачылі гэтых (калісьці гераічных, памятаеце?) памежнікаў. Вунь ён — сядзіць у будцы і гартае твой пашпарт. Глядзіць на цябе доўгім непрыемным цяжкім позіркам. Ці вось ён — зазірнуў у багажнік твайго аўто і ўжо выклікае кагосьці: «Тут історіческіе кнігі на белоруссом языке! Што с этім делать?». Высьвятляецца, што сярод гэтых, калісьці гераічных, багата ня вельмі прыемных пэрсанажаў. Такіх, што без ваганьняў выканаюць любы загад. І калі да парушальніка мяжы трэба «прымяніць зброю», дык прыменяць, будзьце ўпэўненыя.
Але гэта, так бы мовіць, у аднабаковым парадку. Гэта — калі з заходняга боку палезуць да нас парушальнікі мяжы. А калі ад нас туды, на Захад, хочуць прарвацца ўцекачы-мігранты ў пошуках лепшае долі, тады ўжо зусім іншы падыход. Падвязуць да гэтае «сьвятая сьвятых, палітае крывёй, потам ды сьлязьмі» рысы, падвядуць да яе, дадуць у рукі абцугі, каб перакусіць дрот і — наперад! Хаця афіцыйна гэта такія ж парушальнікі, як і тыя, хто патэнцыйна мог бы пераходзіць мяжу з заходняга боку. Калісьці ў 90-х Паўла Шарамета і Дзьмітрыя Завадзкага пасадзілі за рэпартаж, у якім распавядалася, як лёгка трапіць зь Беларусі ў Літву. Безь ніякіх КПП і праверкі дакумэнтаў — проста празь лес. Вось яны зьнялі гэты рэпартаж і пайшлі ў вязьніцу. За што? За парушэньне дзяржаўнае мяжы. Але ў РБ для розных людзей — розныя законы. Мігранты, чамусьці (хаця ясна, чаму!), парушальнікамі мяжы ў нас ня лічацца. А калі пасьпяхова пераходзяць на заходні бок, дык уся застава пляскае ў ладкі: «Малайцы! Удалося!».
Афіцыйная прапаганда аж захлынаецца: «Хай толькі перакрочаць мяжу, хай толькі парушаць паветраную прастору, мала ім ня здасца! Накрыем усіх ядзернай зброяй!». Калі ж з нашага боку на Ўкраіну пайшла тэхніка з жаўнерамі, паляцелі самалёты ды ракеты — гэта іншае. Гэта нармальна. Думалі: возьмуць Кіеў за тры дні, а там хто ўжо будзе разьбірацца, адкуль «на Ўкраіну гатовілась нападзеніе». Наагул будзе перадзел усіх межаў. Але склалася па-іншаму. Цяпер памежнікі РБ скуголяць і скардзяцца: «Украінцы павесілі гэты брыдкі бел-чырвона-белы сьцяг на сваім баку мяжы! Гэта ж як нізка трэба ўпасьці, каб зрабіць такое!». А калі галоўны памежнік кляўся свайму ўкраінскаму (тады яшчэ) калегу, што ні ў якім выпадку з тэрыторыі РБ расейцы на Ўраіну ня пойдуць. Слова афіцэра! А назаўтра яны пайшлі. І паехалі, і паляцелі. Гэта было ок, нармальна. А сьцяг — вось гэта ўжо горай няма куды.
Цяпер новая тэма: «вагнэраўцы» (бедны кампазытар!) пойдуць на Сувалкі, каб прысабечыць калідор. Маўляў, палякі зь літоўцамі тыя яшчэ ваякі, а НАТА пабаіцца адказваць — і вось мы з Расеяй дзелім новыя стратэгічна важныя тэрыторыі.
У адказ палякі сьцягваюць новыя й новыя тысячы жаўнераў на памежжа і абяцаюць пры першай правакацыі цалкам перакрыць мяжу з РБ. Тое ж абяцаюць і літоўцы з латышамі. Беларускія студэнты-замежнікі, чаўнакі, экспарт-імпарт-бізнэсоўцы і гастарбайтэры і перавозьнікі насьцярожыліся: як яны будуць вучыцца/працаваць/займацца бізнэсам/наведваць родных? Камусьці давядзецца лётаць праз Тбілісі, камусьці скончыць з гэтым «тудэма-сюдэма».
Дык, выяўляецца, у цяперашні час гэтая дзяржаўная мяжа — не такое ўжо й сакральнае мейсца? Калі празь яе можна спакойна лазіць мігрантам, расейскім войскам, «вагнэраўцам»? І палітая яна цяпер найперш прадуктамі жыцьцядзейнасьці гэтых асобаў. І памежнікі цяпер — далёка не героі. Хлусьлівыя (як і ўвесь дзяржапарат), крывадушныя, з падвоенымі стандартамі, істоты, якія (прынамсі, большасьць зь іх) гатовыя выканаць любы загад. За грошы, за кватэры, за званьні. Гэта называецца дэвальвацыя прафэсіі. Калі пажарнік-ратаўнік лезе здымаць з высокага будынку бел-чырвона-белы сьцяг — гэта дэвальвацыя, абясцэньваньне прафэсіі. Калі міліцыянт ілжэсьведчыць, калі суддзя ні за што выпісвае вырак на доўгія гады, калі журналіст (мастак, музыка) ухваляе захопніцкую вайну... І так ва ўсіх сфэрах цяперашняга беларускага жыцьця. Усё абясцэнілася. Улучна зь мяжою. Як казала настаўніца ў школе: «Нічога сьвятога».
*Меркаванне аўтараў рубрыкі «Калумністыкі» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.