«У юнацтве размовы пра беларускую мову (гіне мова, гіне нацыя, не дапусьцім зьнікненьня мовы, не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб ня ўмёрлі) мне падаваліся нейкімі заімшэлымі ды несучаснымі, маўляў, нашае кола размаўляе па-беларуску, таму мы выбраныя, эліта, а астатнія — як сабе хочуць», — піша Лявон Вольскі на сваёй старонцы ў Facebook.
«Мінуў час. Сьвятаслаў Вакарчук заклікае баларусаў гаварыць па-беларуску, а нейкі няўцямны ўладафіл зь Белоруссіі даказвае, што расейская ў ягонай Белоруссіі заўжды будзе дзяржаўнай.
Не, сяброўкі ды сябры, вымушаны канстатаваць: безь беларускай мовы нічога ня будзе. Хіба паўночна-заходні край. З гэтымі вечнымі крэпкімі хазяйсьцьвеньнікамі, дажынкамі, бітвай за ўраджай і конкурсам патрыацічэскай песьні. Таму кожнаму неабходна выходзіць, як той казаў, з зоны камфорту і авалодваць беларускай мовай. І размаўляць па-беларуску. Інакш падпадаеце пад новы акупацыйны закон. У якім прапісана, што ўсе расейскамоўныя ёсьць часткай русского міра.
Ці вы хочаце быць ягонай часткай?»