Лявон Вольскі запрашае на канцэрт у Вільню. Візы – бясплатна

18.08.2014 Музыка

11 кастрычніка ў віленскай Teatro Arena адбудзецца прэзентацыя новага альбому Лявона Вольскага «Грамадазнаўства».

Канцэртная праграма атрымала назву «Vilnia.Volia.Volski», у яе ўвойдуць усе песні з альбому «Грамадазнаўства», а таксама найлепшыя песні Вольскага ўсіх часоў – ад часоў «Мроі» да апошніх музычных праектаў. Канцэрт будзе электрычным, у ім возьмуць удзел у тым ліку музыкі з Нарвегіі, якія бралі ўдзел у запісе дыску.

Сам выканаўца ў інтэрв’ю Tuzin.fm ужо адзначаў, што адразу ж запланаваў прэзентацыю свайго новага альбому ў Вільні, бо ў Мінску для яго правядзення неспрыяльная атмасфера.

Традыцыйна для буйных беларускіх канцэртаў у Вільні візы для гледачоў з Беларусі будуць выдавацца бясплатна. Квіткі пачнуць прадавацца з 29 жніўня. Іх кошт – ад 350 000 (танцпляц). Для тых, хто мае візу найлепшы спосаб набыць квіток – праз TicketPro.

Усе даведкі можна атрымаць на сайце беларускага арганізатара канцэрту – агенцыі «Шаблі» ці па нумару +375 33 6555596.

tuzin.fm