Ён быў прэм’ер-міністрам урада БНР, сакратаром «Нашай Нівы», аўтарам «Кароткай гісторыі Беларусі», «Падручніка расійска-крыўскага (беларускага) слоўніка» і нашумелай аповесці «Лабірынты», заснавальнікам часопіса «Крывіч» і выдаўцом школьных падручнікаў у «Беларускай кнігарні». Але ў нашым артыкуле Вацлаў Ластоўскі — паэт. Расстраляны паэт. Ён крыху выбіваецца з агульнага шэрагу імёнаў, якія мы ўжо ўзгадвалі: іншае пакаленне, іншы бэкграўнд, дастаткова позні старт, — але, на жаль, нязменна без хэпі-энду, піша Крысціна Бандурына на старонках «Новага Часу».
Ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года была адной з самых страшных начэй для Беларусі. У гэтую ноч бальшавіцкія каты пазбавілі нашу краіну голасу — голасу сумлення — расстраляўшы 26 беларускіх паэтаў, пісьменнікаў, перакладчыкаў. 26 жыццяў. Дзясяткі кніг. Сотні вершаў. Адна беларуская культура, якая і па сёння перажывае гэтую вялікую страту.
Але бяда ў тым, што такая ноч у гісторыі Беларусі была не адна — і ў кожную з іх, у кожны са страшных дзён краіна губляла сваіх найлепшых людзей, свае душы і сэрцы.
Да гадавіны «Ночы расстраляных паэтаў» «Новы Час» расказвае пра некаторых з тых, чые вершы ўжо больш за 80 гадоў шапочуць хвоі ў беларускіх лясах.
Вацлаў Ластоўскі
Палітык, пісьменнік, публіцыст, гісторык, этнограф, літаратуразнаўца — усё гэта вядомыя амплуа аднаго з самых вялікіх талентаў беларускай літаратуры Вацлава Ластоўскага. За што б ні браўся гэты чалавек, усё ў яго гарэла ў руках: ён быў прэм’ер-міністрам урада БНР, сакратаром «Нашай Нівы», аўтарам «Кароткай гісторыі Беларусі», «Падручніка расійска-крыўскага (беларускага) слоўніка» і нашумелай аповесці «Лабірынты», заснавальнікам часопіса «Крывіч» і выдаўцом школьных падручнікаў у «Беларускай кнігарні».
Але ў нашым артыкуле Вацлаў Ластоўскі — паэт. Расстраляны паэт. Ён крыху выбіваецца з агульнага шэрагу імёнаў, якія мы ўжо ўзгадвалі: іншае пакаленне, іншы бэкграўнд, дастаткова позні старт, — але, на жаль, нязменна без хэпі-энду.
Цяжка сказаць, чым для яго, чалавека вядомага — празаіка, публіцыста, грамадскага дзеяча, былі вершы і чаму ён пачаў іх пісаць. Можа быць, менавіта такой формы выражэння патрабавалі яго словы (а падбіраў ён іх філігранна). Яшчэ будучы 19-гадовым юнаком Ластоўскі пачаў «калекцыянаваць» розныя моўныя «цікавосткі» і ўвесь сабраны скарб захаваў у сваіх творах. Таму для сучасных беларусаў яго мова складаная, загадкавая, але вельмі прыгожая, а наследаванне Гамеру надае вершам Ластоўскага велічнасці, ненавязлівага пафасу — менавіта такога і чакаеш ад чалавека, улюбёнага ў гісторыю.
Нарадзіўся Вацлаў Ластоўскі 27 кастрычніка (8 лістапада) 1883 г. у засценку Калеснікаў Дзісенскага павета Віленскай губерні (цяпер Глыбоцкі раён Віцебскай вобласці) у шляхецкай сям’і. Скончыў Дзісенскае павятовае вучылішча, у 1904-1905 гг. «зайцам» слухаў лекцыі ў Пецярбургскім універсітэце.
У 1902 г. стаў сябрам Польскай сацыялістычнай партыі Літвы і Беларусі, але пасля перайшоў у Беларускую сацыялістычную грамаду. З 1909 г. працаваў сакратаром у газеце «Наша Ніва». Першую публікацыю ў ёй падпісаў псеўданімам Власт.
Быў жанаты на пісьменніцы Марыі Іваноўскай, якая пісала свае творы ў суаўтарстве з сястрой Зосяй пад псеўданімам Лаздзіну Пяледа. Прыкладна ў 1914 г. гэты шлюб распаўся, ад яго засталіся дзве дачкі — Ганка і Стаська.
З 1 студзеня 1910 года «Наша ніва» публікавала на сваіх старонках «Кароткую гісторыю Беларусі» В. Ластоўскага, якая асобным выданнем выйшла затым у друкарні Марціна Кухты. На выхад «Гісторыі...» вершам «Дудар» адгукнуўся Янка Купала, ён жа прысвяціў Вацлаву і Марыі Ластоўскім верш «Песня званара».
У 1915 г. Ластоўскі быў адным з арганізатараў партыі «Хрысціянская злучнасць», а ў 1916-м да міжнароднай канферэнцыі ў Лазане стаў суаўтарам «Мемарандума прадстаўнікоў Беларусі», дзе адстойвалася права беларусаў на незалежнасць.
У снежні 1919 Вацлаў Ластоўскі ўзначаліў урад БНР, тады ж быў упершыню арыштаваны польскімі ўладамі і высланы па-за межы Беларусі — спачатку ў Рыгу, пасля — у Коўна. Быў адным з арганізатараў партызанскай барацьбы супраць польскай акупацыі Заходняй Беларусі, звяртаўся да Антанты з просьбай паспрыяць БНР у справе незалежнасці. Шмат працаваў на дыпламатычнай глебе, а ад палітыкі адышоў у 1923 г., паспрабаваўшы цалкам прысвяціць сябе літаратуры, гісторыі і этнаграфіі.
Захоплены магчымасцю «беларускага адраджэння», у 1927 г. Ластоўскі пераехаў у БССР, дзе працаваў дырэктарам Беларускага дзяржаўнага музея і на палову стаўкі загадчыкам кафедры этнаграфіі ў Інбелкульце.
Свой першы верш ён надрукаваў у часопісе «Беларускі сцяг» у 1922 г., але як паэт знакамітым не стаў — можа быць, праз тое, што мова яго няпростая, насычаная дыялектызмамі і састарэлымі формамі. А можа, праз пазбаўлены паэтычнасці тэкст, поўны непрыхаванага дыдактызму. Хто ж любіць, калі яго павучаюць?
Праз год, у 1923-м, свет убачыла яго знакамітая аповесць «Лабірынты», а яшчэ праз год, з 1924-га па 1926-ы, Вацлаў Ластоўскі друкаваў найвядомейшую сваю працу — «Гісторыю беларускай (крыўскай) кнігі».
Здавалася б, з аднаго боку, кар’ера такая, што можна толькі пазайздросціць. З іншага — як пры ўсім пры гэтым ён яшчэ заставаўся на волі — у той час, калі за любы, не гаворачы ўжо пра палітыку, піск з-пад плінтуса пад пад’ездам чакаў «чорны варанок»?
Трагічны лёс не абмінуў і гэтага ўлюбёнца муз. Савецкімі карнымі органамі паэт быў арыштаваны 21 ліпеня 1930 г. па справе «Саюза вызвалення Беларусі» і праз 10 месяцаў допытаў і катаванняў у турмах Мінска і Масквы сасланы ў Саратаў, дзе працаваў загадчыкам аддзела рэдкіх рукапісаў біблітятэкі Саратаўскага ўніверсітэта. Паўторны арышт Ластоўскага адбыўся 20 жніўня ўпраўленнем НКУС Саратаўскай вобласці. 23 студзеня 1938 г. Вацлаў Ластоўскі як «агент польскай разведкі і ўдзельнік нацыянал-фашысцкай арганізацыі» быў расстраляны. Яму было 54 гады.
Рэабілітаваны ў 1958 і 1988 гг.
Адзіная кніга выбраных твораў пісьменніка і паэта выйшла ў 1997 г. у выдавецтве «Беларускі кнігазбор».
У 2017 г. мінскі гурт «Закон Гука» ў межах праекта «(Не)расстраляная паэзія» запісаў песню на верша Вацлава Ластоўскага «Пішы...».
На смаленскіх сценах
Смаленскіх сцен масіў патужны
ў бяссіллі распластаўся,
забітай волі крывічоў
мне ён нагробкам здаўся!..
Андрусаўскі злачын яго ўчыніў
сатрапіяй маскоўскай,
і дзвесце з лішнім лет, цягаючы ярмо,
яго раджайны гоні
кармілі чужакоў і ворагаў пладзілі
крывіцкае Пагоні.
Аж дзвесце цяжкіх лет канання
слязьмі і потам абліваўся...
Смаленск!
Праз мукі, горасці свае
у рэшце рэшт
святым для нас ты стаўся!..
Вясной
О ты,
зямля крывi
i волi маладой,
задушанай у калыбцы.
дымiць вясной
густою мглой
тваiх магiлаў-нiў
разор, крывёю злiты.
дымiць не мглой — слязьмi
i жокаццю
запёкшайся крывi,
што ржавiнай рудой
лягла паверх дрыгвы...
На крокацях тваiх вясна
не ёсць разросту шал:
сярод багна, сiвых амшар —
ад Радунiц да Гранае —
Марва
трызнуе тут.
У мглах тваiх не п’янь,
а горыч кадзiва чуваць
цем’яна-перных траў,
трупехнучых ў альсе.
* * *
Формаў трупехлых я вораг дасконны,
сцежак стаптаных не зношу тварэннi;
новым iмкненням даць новыя формы,
новыя словы i дум выражэння
стаўлю я мэтай.
Рэйнскі вадапад
Як вар,
укруг скалы,
што высiцца сярод ракi,
кiпiць — рычыць валва1
i пенiцца, як вепр дзiкi,
калi яго ў княi2 аступiць смыч3.
Пс... во, у голкаце чыйсь клiч,
чыйсь плач цяжкi чуваць!
то зборанай валвы апошнi рык
распачны!
Не ўздымецца яна ўжо зноў
ў напружаннi змагарным:
ў ручве цiхiм i марным,
у забудзi ёй суджана сплываць.
Змаганне, гон, сталока...
цi ж толькi для таго ўся гэта склока,
каб грываю трахнуць адзiны мiг?!
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
У гроце камяннай,
па-над шалёнаю кiпежай,
стаялi мы з табой, Iване,
ўслухаючысь ў змагарны гуд;
i ты сказаў з задумаю ў вачах:
«Во так шумiць нязмоўчна бор
у нас i дождж аб дах
ў бяссонлiвых начах...»
I ты хацеў, каб бор гудзеў
табе пад вечны сон...
Адзiн стаю я зноў
над спененай валвой,
спамiны цiснуцца навалай...
тутнiць у жылах кроў...
I я дрыжачаю рукой,
з святарнаю пашанай,
пасцерты ўжо дажджом
твой надпiс паднавiў.
I мне здалось,
што быў ты зноў са мной...
I быў-ткi, мусi,
як дух змагання
Беларусi.
Сабор Св. Марка ў Венецыі
Вiзантыi таўпежнай —
блiскучай, чваннай i мнагагрэшнай —
сiвы мармур старэтных сцен
замацаваў пакайны гiмн!
Масiў яго к зямлi прырос,
як собiна святая,
i толькi Апалонаў воз
iмкнецца да нябёс.
ўнутры вачамi грозных ўладароў
з залочанага стропу на шэры дол
святыя поснiкi халодным зрокам
з суровасцю нямой глядзяць!
Яны — iмперыi нябеснае княжаты,
багомасцю багаты, —
няслi ў жыццi крыжы,
дык ты... цяпер
дрыжы!
цi будзь раўнёю iм:
або чарнец, або ўладар...
Спагаду, лiтасцi табе
не сулiць iхнi зрок,
калi зняважыў неўнарок
зямны цi то нябесны цэзарызм.
ўвесь гэты холад, пыху i суровасць
адно мякчыць: залочана асноведзь.
З Мікеланджэла
Маўчы, прашу цябе, не важ мяне будзiць!
У гэты век, такi праступны i бясстыдны,
Не жыць, не чуць — якi то быў бы лёс завiдны!
Прыемна спаць, а каменем ўсё ж лепей быць...
Да .....
I ў храме вылi псы i шакалы...
З асiрыйска-вавiлонскiх показак
Заскробласцю мазгоў,
кастырствам дум
пышацца я не ўмею...
I дэмагагiчнасцю тупой
перад збянтэжанай таўпой
крыўляцца не пасмею,
шануючы ў таўпе людзей.
Пакiну гэта вам,
каты свабодных дум!
Агiдзен мне
ваш цесны светагляд,
ваш ум чарвя зямнога...
Арла душы маёй,
вам, карлiкам сляпым,
у цесну клетку не загнаць:
ён ўспоены маёй сардэчнаю крывёй,
з iм буду я
агнiстаю купiнаю пылаць,
кiдаючы святло
i ў вашы цвiлыя закуткi,
таргоўнiкi святым,
шакалы, недалюдкi!
Пішы...
Пiшы,
пра болесцi,
жыцця пышы,
пра глум i здзек —
ярэмнае мадзенне,
пра трутны хлеб,
пра слоў каменнi...
Як брат няволiць брата,
як раб багомiць ката,
пра стогн душы
пiшы!
Не словамi,
не чорнаю слязой
чарнiльнаю,
а нервамi, крывёй,
узрыгамi душы
пiшы!
Сябе распнi
на крыжу мук,
надзеi спапялi,
ачысцi сэрца
у агнi
цярпення,
усiх багоў i стодаў,
кром мiласцi к народу,
ты пакрышы!
й пiшы:
журбой сiротнаю,
смагой гаротнаю,
самотай ўдоваю,
пакрыўдай братняю,
тульбой бясхатняю,
сардэчнаю тугой,
мiлуючай душой,
зямлi апарамi
i чарамi
мiнуўшчыны
свой твор вяршы,
слязьмi душы
пiшы!
Чала я не хіліў прад сілай
Чала я не хiлiў прад сiлай
i не качаўся полазам у порсцi,
клумлiвай i тупой таўпе
не бiў паклонаў я,
пратораны дарожкi
з пагардай абмiнаў,
ламаючы шчырэц навiны.
Вось гэта ўсе мае грахi,
вось гэта ўсё, у чым я вiнны!..
У артыкуле выкарыстаныя матэрыялы кніг «Расстраляная літаратура» («Беларускі кнігазбор», 2008), «(Не)расстраляныя» («Янушкевіч», 2021), «Вацлаў Ластоўскі. Выбраныя творы» («Беларускі кнігазбор», 1997).